Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча дэпартавала першых парушальнікаў, якія дапамагалі мігрантам незаконна перасякаць мяжу


Польскія памежнікі
Польскія памежнікі

На мяжы Беларусі з суседнімі краінамі на захадзе і паўночным захадзе працягваецца міграцыйны крызіс. Штодня мігранты робяць спробы трапіць у Эўразьвяз нелегальна.

Польскія памежнікі напярэдадні не дазволілі нелегальна перасячы мяжу 188 чалавекам. 19 чалавек пры гэтым затрымалі — гэта 5 грамадзян Гвінэі, 4 — Іраку, па 2 — Камэруну, Сырыі, Нігерыі і Кубы, па адным — Конга і Шры-Ланкі.

Акрамя таго, на мяжы затрымалі 4 чалавек за дапамогу ў парушэньні мяжы — 2 грамадзян Таджыкістану, па адным Украіны і Польшчы. Таксама памежная варта праінфармавала, што адбыліся першыя дэпартацыі асобаў, якія дапамагалі ў незаконным пераходзе мяжы, — у Таджыкістан і Ірак.

Актывісты з суполкі Granica ў лесе каля Кузьніцы ў Падляскім ваяводзтве ўратавалі 11 чалавек, якія тры тыдні блукалі па лесе, сустракаючы супраціў у пераходзе мяжы як беларускіх, так і польскіх службаў. Gazeta Wyborcza піша, што двое мігрантаў знаходзяцца ў цяжкім стане. Валянтэры суполкі, спасылаючыся на словы мігрантаў, кажуць, што беларускія памежнікі забралі ў іншаземцаў пашпарты, а польскія — сім-карткі тэлефонаў. Узрост групы мігрантаў — ад 16 да 37 гадоў.

У Літве за мінулыя суткі не пусьцілі ў краіну 19 мігрантаў з боку Беларусі. Літоўскія памежнікі паведамляюць пра тры стрэлы зь беларускага боку непадалёк ад Сьвянцянскага раёну краіны.

Латвійскія памежнікі ў аўторак перашкодзілі 15 людзям незаконна перасекчы латвійска-беларускую дзяржаўную мяжу, інфармуе агенцтва LETA. З 10 жніўня агулам 1299 чалавекам не дазволілі перайсьці мяжу краіны, гэта больш як утрая перавышае леташні паказьнік.

38 чалавек пасьля ўвядзеньня надзвычайнага становішча ў жніўні прапусьцілі ў Латвію з гуманітарных прычынаў.

22 верасьня прэзыдэнты Польшчы, Літвы і Латвіі асудзілі рэжым Лукашэнкі на Генасамблеіі ААН. Яны заклікалі міжнародную супольнасьць аказаць сур’ёзны ціск на тых, хто ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, каб урэшце правесьці там свабодныя дэмакратычныя выбары і пакласьці канец напаўненьню Эўразьвязу мігрантамі. Раней яны называлі дзеяньні рэжыму Лукашэнкі «гібрыднай агрэсіяй». Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі таксама заявіў, што Менск дзейнічаў паводле пляну, узгодненага з Масквой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG