Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зерня сабралі менш, з цукровымі буракамі праблемы. Як сёлетні ўраджай паўплывае на кошт прадуктаў?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ці варта чакаць дэфіцыту цукру і зерня і павышэньня цэнаў на гэтыя прадукты.

Днямі ў Беларусі пачалі зьяўляцца паведамленьні аб праблемах з цукрам на паліцах у крамах. Так звычайна бывае перад павышэньнем цэнаў. Цукар у Беларусі не даражэў са студзеня, як вынікае з афіцыйнай статыстыкі.

Глядзім, што за праблемы з цукровай галіной.

«Будзе недабор сыравіны»

Крыніца, блізкая да вытворчасьці цукру, расказала Свабодзе, што «невялікі недабор сыравіны прагназуецца па ўсёй Беларусі».

«Гэта зьвязана з гарачым летам. Таксама на Меншчыне скараціліся пасевы цукровых буракоў, таму некаторыя заводы вымушаныя закупляць сыравіну ў іншых абласьцях, што цягне за сабой павелічэньне выдаткаў у лягістыцы», — патлумачыў чалавек, блізкі да вытворчасьці цукру.

Што кажуць афіцыйныя навіны

Сэзон нарыхтоўкі цукровых буракоў у Беларусі пачаўся 8 верасьня. Гэта пакуль адзіная інфармацыя пра збор цукровых буракоў. Цукровыя камбінаты пачалі працаваць:

Слуцкі цукроварафінадны камбінат — 14 верасьня
Гарадзейскі цукровы камбінат — 15 верасьня
Жабінкаўскі цукровы завод — 21 верасьня

Збор зерня — на 18,3% меншы, чым летась

Згодна зь Белстатам, валавы збор зерневых і зернебабовых культур на 1 верасьня гэтага году быў меншы на 18,3%, чым летась. Таксама на 18% меншая была ўраджайнасьць у цэнтнэрах з гектара, чым летась.

На думку фінансавага аналітыка «Альпары Эўразія» Вадзіма Іосуба, гэта не прывядзе да росту цэнаў на хлеб, але можа прывесьці да росту цэнаў на мяса і малако.

«Гаворка пра зьніжэньне ўраджайнасьці кармавога зерня, гэта вынікае з таго, што заяўлялі ўлады. Да таго ж асноўныя гатункі хлеба — гэта сацыяльна значныя тавары, цэны на якія рэгулююцца. Што тычыцца кармавых культур, то ад іх залежаць цэны на мяса і малако. Магчымы пэўны рост цэнаў. Пры гэтым у суседзяў ураджай зерня добры, таму зерне для кармоў могуць імпартаваць. Нават калі давядзецца імпартаваць кармавое зерне, гэта можа не прывесьці да вялікага росту цэнаў», — кажа Вадзім Іосуб.

Сапраўды, ураджайнасьць у Літве, Украіне і Расеі сёлета значна вышэйшая, чым у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG