Разьвітваючыся з пасадай, Фазэль даў інтэрвію швэйцарскаму выданьню Blick, дзе пагаварыў пра посьпехі і няўдачы ў сваёй доўгай кар’еры.
На пытаньне журналіста, ці абдымкі з Лукашэнкам былі найбольшым правалам у ягонай кар’еры, Рэнэ Фазэль адказаў:
— Так, мушу гэта прызнаць. Задумана ўсё было добра, але ўрэшце ўсё проста капітальна правалілася.
— Вы былі расчараваныя?
— Так. Я напэўна быў наіўны. Я думаў, што магу зрабіць нешта добрае. А ў выніку мусіў некалькі дзён хавацца. Бо, прабачце за выраз, срач узьняўся надзвычайны.
У студзені 2021 году адбылася сустрэча Фазэля з Лукашэнкам у Менску, калі вырашалася пытаньне аб немагчымасьці правядзеньня ў Менску чэмпіянату сьвету ў хакеі. Візыт Фазэля ў Беларусь аказаўся скандальным. Беларускія ўлады выкарысталі яго ва ўласных прапагандысцкіх мэтах. Фатаздымкі і тэлекарцінкі, дзе Рэнэ Фазэль абдымаецца з Аляксандрам Лукашэнкам, зьявіліся ў эўрапейскіх мэдыя і прымусілі кіраўніка Міжнароднай фэдэрацыі хакею апраўдвацца.