Учора ў Менску Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Міжнароднай фэдэрацыі хакею (МФХ) Рэнэ Фазэлем. Абмяркоўвалася пытаньне, ці магчымае правядзеньне сёлета ў Беларусі чэмпіянату сьвету па хакеі. Паведамлялася, што сустрэча прайшла ў цёплай, дружалюбнай абстаноўцы.
Вось некаторыя рэакцыі на гэтыя перамовы, паводле выданьняў «Трыбуна», «Наша ніва» і Tut.by.
Эўракамісар Павал Целічка:
Рэнэ Фазэль — ганьба хакею. У Лукашэнкі і Фазэля гарачае сяброўства: бяруцца за рукі, абдымаюцца, уручаюць падарункі (і нават ордэны).
Міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс:
Пацьвярджаю пазыцыю Латвіі. Правядзеньне чэмпіянату сьвету 2021 году ў Менску абсалютна недапушчальнае. Рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, у тым ліку спартоўцаў, робяць такое мерапрыемства амаральным і супярэчным прынцыпам спартовых паводзінаў. Чакаем рашэньня Міжнароднай фэдэрацыі хакею.
Кіраўнік парлямэнцкай групы ў справах спорту швайцарскага парлямэнту Матыяс Эбішэр:
Калі вы адправіцеся цяпер у краіну, дзе дыктатар саджае ў турмы тысячы нявінных людзей, то вы толькі ўмацоўваеце тыл гэтаму рэжыму. У гэтым выпадку спорт палітызуецца — а гэтага рабіць ня варта.
Прэзыдэнт Нарвэскай фэдэрацыі хакею Таге Пэтэрсэн:
Гэтая сустрэча толькі дадае ўпэўненасьці ў тым, што чэмпіянат сьвету павінен быць перанесены зь Беларусі. У тым, што яны блізкія знаёмыя, няма нічога новага. Гэта робіць усю сытуацыю больш пікантнай у дачыненьні да чэмпіянату сьвету. Можна падазраваць, што ёсьць нешта іншае, акрамя прафэсійных ацэнак.
Старшыня Рады швэдзкай хакейнай асацыяцыі Андэрс Лярсан:
Праз тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, там немагчыма праводзіць чэмпіянат сьвету 2021 году. Мяркую, што сытуацыя, калі людзей, якія адкрыта выступаюць за свабоду, кідаюць у турмы і гвалтуюць, закранае ўсіх нас.
Журналіст швайцарскага радыё Зандро Броц:
Абдымкі з чалавекам, які жорстка абыходзіцца са сваім народам — пра што думаў швайцарац Рэнэ Фазэль? І гэта ў той час, як грамадзянка Швайцарыі знаходзіцца ў турме за ўдзел у мітынгу супраць Лукашэнкі.
Швайцарскі журналіст Ёрг Фольмэр:
Калі для вас няма нічога страшнага, то вы можаце стаць прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі хакею і абдымаць апошняга дыктатара Эўропы, які адправіў у турмы дзясяткі тысячаў грамадзянаў пасьля апошняй (з многіх) фальсыфікацыі выбараў. Ці ня так, Рэнэ Фазэль?
Чэскі журналіст выданьня iDNES Робэрт Рампа:
Міжнародная фэдэрацыя хакею застаецца апалітычнай! Чэмпіянату ў Беларусі быць. І ён будзе прыгожым, відовішчным, непаўторным і паб’е глядацкія рэкорды.
***
МФХ мусіць прыняць канчатковае рашэньне аб месцы правядзеньня сёлетняга чэмпіянату сьвету ў канцы студзеня.