Паводле крыніц «Нашай нівы», асноўны банк-карэспандэнт беларускіх дзяржаўных банкаў «ДойчэБанк» закрыў карэспандэнцкія рахункі ў эўра. Гэта відаць, калі паглядзець сьпіс карэспандэнцкіх рахункаў «Белаграпрамбанку».
Валютныя транзакцыі, мяркуючы па гэтым сьпісе, дасяжныя толькі праз расейскі «ТКБ Банк». Раней для транзакцый былі дасяжныя шэраг эўрапейскіх банкаў.
Што гэта значыць
Пераводы ў эўра стануць пад пытаньнем, пра гэта гаворыць у камэнтары Свабодзе старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі.
«Зь пераводам грошай у Расею праблем ня будзе, пераводы ва Ўкраіну таксама мусяць працаваць. А вось з эўрапейскімі партнэрамі могуць узьнікнуць цяжкасьці. Як прадаваць нафтапрадукты, калі яны ідуць не ва Ўкраіну? Эўрапейскія банкі, хутчэй за ўсё, закрыюць усе пераводы ў эўра. Недзе, магчыма, можна будзе дамовіцца, але кошт транзакцый вырасьце і колькасьць пасьпяховых зьдзелак скароціцца», — кажа Леў Львоўскі.
Якія банкі закрануць санкцыі і што зь імі будзе
Амэрыканскія санкцыі для банкаў — гэта немагчымасьць мець даляравыя рахункі, амаль усе банкі-карэспандэнты, якія пераводзяць даляры і эўра, так ці інакш завязаныя на амэрыканскую юрысдыкцыю.
«Санкцыі закрануць усе дзяржаўныя банкі, але з рублёвымі рахункамі усё застанецца, як і было. Калі банкі-карэспандэнты адмовяцца ад супрацы зь дзяржаўнымі банкамі (што ўжо адбываецца), стануць немагчымымі пераводы ў валюце і эўра для трымальнікаў рахункаў у гэтых банках. Гэта ня значыць, што „Беларусбанк“, напрыклад, збанкрутуе. У яго ёсьць шмат праектаў, у якія ён інвэстуе. Дзяржава будзе падтрымліваць гэты банк, каб ён выконваў свае праграмы крэдытаваньня дзяржаўных прадпрыемстваў. Так ці інакш інвэстыцыйны партфэль скароціцца. Банк стане не кліентаарыентаваным. З прадпрыемства, якое прыносіць дзяржаве грошы, банк ператворыцца ў яшчэ адно балючае месца», — кажа Леў Львоўскі.
То бок буйныя дзяржаўныя банкі будуць існаваць, лічыць Леў Львоўскі. А вось больш дробныя дзяржаўныя банкі могуць і зьнікнуць. Прыватныя банкі гэтыя праблемы пакуль не закрануць, мяркуе Львоўскі, калі толькі ня будуць уведзеныя нейкія новыя абмежаваньні ў межах санкцый.
Як санкцыі адаб’юцца на звычайных беларусах — кліентах банкаў
Калі грамадзянін трымае ў банку рублёвы рахунак і атрымлівае на яго заробак, зьменаў для яго ня будзе, кажа Леў Львоўскі.
«Будуць праблемы, кал чалавек атрымлівае грошы ў замежнай валюце на сваю картку ці валодае бізнэсам і атрымлівае пераводы з-за мяжы ў валюце», — кажа Леў Львоўскі.
У Беларусі на гэты момант 24 банкі, чатыры зь іх дзяржаўныя. У 2018 годзе 50% усіх актываў прыпадалі на 4 найбуйнейшыя дзяржаўныя банкі: «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і «Белінвэстбанк».