Расчараваньне Менску нівэлюецца хіба тым, што ўзгодненая цана на наступны год (128 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў) істотна ніжэйшая, чым цяпер у Эўропе, піша расейскае выданьне «Коммерсант».
Традыцыйна ў Лукашэнкі што да эканамічнай інтэграцыі з Расеяй дзьве найбольш вострыя тэмы — нафта і газ. Пытаньне, паводле «Коммерсанта», прынцыпова вырашанае: па меры інтэграцыі падатковых сыстэмаў дзьвюх краін беларускія НПЗ змогуць атрымаць адваротны акцыз на нафту і такім чынам будуць працаваць у тых жа ўмовах, што аналягічныя расейскія заводы.
Што да газу, Беларусь хоча атрымаць цэны такія ж, як у Смаленскай вобласьці (68 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў). Расея прапаноўвала прадаваць газ паводле экспартных паказьнікаў (цана ў Нямеччыне мінус транспарт і мыта). Пры бягучых спотавых цэнах у Эўропе, якія ўжо дасягаюць 720 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў, гэта каля 450 даляраў.
Кампраміснае рашэньне — фіксацыя транспартнага тарыфу «Газпрома» да мяжы Беларусі, што дазволіла б беларускім кампаніям купляць газ ня толькі ў «Газпрома», а і ў незалежных вытворцаў. Паводле ацэнак суразмоўцаў «Коммерсанта», цана была б ніжэйшай, чым зафіксаваныя 128,5 даляраў. Але пры гэтым значна вышэйшая за Смаленскую вобласьць.
У 2020 годзе Беларусь атрымала з Расеі 18,6 млрд кубамэтраў газу, большую частку (каля 10 млрд) спажывае мясцовая энэргетыка. Аднак кіраўніцтва «Белэнэрга» спадзяецца, што пасьля ўводу двух энэргаблёкаў БелАЭС спажываньне газу скароціцца да 4 млрд кубамэтраў. А магчыма, і яшчэ больш, бо пэрспэктывы экспарту электраэнэргіі цьмяныя — Літва і Латвія на заканадаўчым узроўні забаранілі пастаўкі. У чарзе на байкот і Ўкраіна.
Лічыцца, што выраўноўваньне цэнаў на газ паміж Расеяй і Беларусьсю неабходна для стварэньня адзінага рынку электраэнэргіі. У расейскім Мінэнэрга не выключалі, што гэта можа здарыцца з 2024 году, але з абмежаваньнямі: гандаль электраэнэргіяй будзе ісьці паміж упаўнаважанымі суб’ектамі кожнай краіны.
Па сутнасьці, такая канструкцыя нічым не адрозьніваецца ад звычайнага трансьмежнага гандлю па дамоўнай аднаставачнай цане, якая даступная і цяпер. А больш глыбокая інтэграцыя прадугледжаная не раней за пачатак 2027 году.