Паводле ацэнкі экспэртаў, чакаць вяртаньня да нармальнага жыцьця ня варта, пакуль чалавецтва ў цэлым або не перахварэе, або не прышчэпіцца. Пры горшым разьвіцьці падзей вакцыны могуць перастаць дзейнічаць супраць новых штамаў.
Чарговай глябальнай успышкі варта чакаць восеньню-зімой, лічыць Майкл Остэрхолм, дырэктар амэрыканскага цэнтру дасьледаваньняў інфэкцыйных захворваньняў і палітыкі ў Мінэсоцкім унівэрсытэце і дарадца прэзыдэнта ЗША. Экспэрты мяркуюць, што вірус не адступіць, пакуль 90–95% насельніцтва Зямлі не набудзе імунітэт у выніку хваробы або кампаніі прышчэпак.
Пяць добра задакумэнтаваных эпідэмій грыпу за апошнія 130 гадоў даюць уяўленьне аб тым, як можа разьвівацца пандэмія COVID-19, кажа Лоўн Сіманс, эпідэміёляг і прафэсар у дацкім унівэрсытэце Раскіле. Самая працяглая глябальная ўспышка грыпу доўжылася 5 гадоў, і тады сьвет за 2–3 гады перажыў дзьве-чатыры хвалі гэтай інфэкцыі. Каранавірус распаўсюджваецца больш імкліва — пад канец другога году пандэміі сьвет знаходзіцца ў сярэдзіне трэцяй хвалі, кажа эпідэміёляг.
Уяўленьне пра тое, што вірусы зь цягам часу аўтаматычна становяцца слабейшыя, каб пазьбегнуць зьнішчэньня папуляцыі іх носьбітаў, памылковае, падкрэсьлівае эпідэміёляг. Хоць новыя мутацыі не заўсёды больш небясьпечныя, чым іх папярэднікі, пандэміі зь цягам часу могуць стаць сьмяротнымі.
Некаторыя эпідэміёлягі мяркуюць, што SARS-CoV-2 можа стаць цалкам устойлівым да вакцын першага пакаленьня. Дасьледаваньне, праведзенае ў Японіі, паказвае, што патэнцыйна небясьпечныя мутацыі, устойлівыя да вакцын, ужо адзначаюцца. Тое, зь якой хуткасьцю зьяўляюцца новыя штамы, робіць каранавірус больш падобным да грыпу. Гэта значыць, што вакцынавацца ад яго, верагодна, давядзецца кожны год, а вакцыны будуць абнаўляцца з улікам таго, які штам пераважае ў дадзены момант.
Шмат у якіх краінах узровень вакцынацыі застаецца крытычна нізкі — напрыклад, у большасьці краін Афрыкі вакцынаваных ня больш за 5%, у Індыі з насельніцтвам больш за 1,3 млрд чалавек — 26%.
Пандэмія скончыцца ў розны час у розных месцах, як і ранейшыя ўспышкі, кажа Эрыка Чартэрс, дацэнт катэдры гісторыі мэдыцыны Оксфардзкага ўнівэрсытэту.
- Данія і Сынгапур, якім удалося пазьбегнуць масавага захворваньня на каранавірус, ужо рухаюцца ў «постпандэмічную будучыню», вяртаючыся да нармальнага жыцьця.
- ЗША і Вялікая Брытанія паступова здымаюць абмежаваньні, нягледзячы на тое, што колькасьць тых, хто захварэў, блізкая да рэкорднай.
- Кітай, Ганконг і Новая Зэляндыя захоўваюць локдаўн, хоць там менш інфікаваных.
- У Беларусі ад пачатку пандэміі, паводле Міністэрства аховы здароўя: афіцыйна зарэгістраваны 504 961 чалавек з станоўчым тэстам на COVID-19; ачунялі 494 446 пацыентаў з дыягназам COVID-19; памерлі 3929 пацыентаў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй.