«У цяперашні момант аб палітычнай інтэграцыі гаворка не ідзе. Яна тэарэтычна магчымая, калі гэта будзе адпавядаць інтарэсам дзьвюх краін. Цяпер яе ніхто не рыхтуе, таму што гэта зусім іншы ўзровень інтэграцыі, да якога мы цяпер не гатовыя. Таму нічога „пад сукном“ няма», — сказаў Пяскоў у эфіры праграмы «Контуры» на АНТ.
«Мы зацікаўленыя ў тым, мы будзем як дзьве краіны ў выгадзе, калі рэалізуем гэтыя 28 праграм. Больш пакуль нічога ня трэба. Больш за тое, ня трэба шукаць нешта там „пад сукном“, таму што прыняцьце гэтых 28 саюзных праграм не азначае іх мамэнтальную рэалізацыю. Каб іх рэалізаваць, патрэбна будзе тытанічная праца. Трэба прыводзіць у адпаведнасьць з праграмамі заканадаўства. Трэба прымаць законы, падзаконныя акты. Нас чакае вельмі доўгі шлях», — дадаў ён.
- Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на перамовах у Маскве ўзгаднілі 28 «саюзных праграм», накіраваных на ўніфікацыю заканадаўства Расеі і Беларусі ў розных галінах эканомікі. У прыватнасьці, Лукашэнка з Пуціным дамовіліся, што цана на расейскі газ для Беларусі на 2022 год захаваецца на ўзроўні 2021 году; да 1 сьнежня 2023 году будзе падпісана дамова аб аб’яднаньні рынку газу; дапусьцілі магчымасьць стварэньня адзінай абароннай прасторы; заплянавалі стварэньне адзінага рынку нафты і нафтапрадуктаў, а таксама падпісаньне дамовы аб адзіным рынку электраэнэргіі.
- 10 верасьня ў Менску Савет міністраў «саюзнай дзяржавы» ўхваліў згаданыя 28 саюзных праграм. Лукашэнка і Пуцін падпішуць іх на паседжаньні Вышэйшага дзяржсавету 4 лістапада.