Суд у горадзе Плзень палічыў даказаным датычнасьць 27-гадовага Лукаша Новачка да тэрарыстычнай атакі і актыўны ўдзел у дзейнасьці арганізаванай злачыннай групоўкі.
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу. Абвінавачаны адмаўляе свой непасрэдны ўдзел у баях і падаў апэляцыю.
Згодна з матэрыяламі справы, Лукаш Новачак адправіўся на Данбас у ліпені 2015 году. Ён цьвердзіць, што ў сацыяльных сетках пазнаёміўся зь дзяўчынай Наташай, якая ўгаварыла яго ўступіць у шэрагі арміі так званай «Новороссии».
Лукаш Новачак сьцьвярджае, што «не хацеў рызыкаваць сваім жыцьцём і пагадзіўся толькі дапамагаць на кухні». Абвінавачваньне, аднак, мае фота і відэа, зьнятыя на мабільны тэлефон Новачака, на якіх ён пазіруе ў форме сэпаратыстаў, з буйнакалібернай зброяй, што вісіць за сьпіной.
На адным зь відэазапісаў, зробленым, як паведамляецца, у дэмілітарызаванай зоне ў ваколіцах былога аэрапорта ў Данецку, Лукаш Новачак на ламанай расейскай мове тлумачыць сваю прысутнасьць у Данбасе. Ён кажа, што «хацеў змагацца з украінскімі фашыстамі», і што «яму было сорамна за тое, што ўкраінцы робяць з цывільным насельніцтвам».
Супраць Новачка таксама далі паказаньні некалькі сьведак, якія апісалі, як ён паведаміў ім аб сваім непасрэдным удзеле ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Украіны. На што абвінавачаны заявіў, што ён «проста хваліўся».
Да справы таксама далучаны мэдычная дакумэнтацыя, якая сьведчыць, што абвінавачаны зьвярнуўся да лекараў у сувязі з псыхічнымі праблемамі, якія ўзьніклі, як ён заявіў, пасьля баёў на ўкраінскай тэрыторыі. Суд палічыў гэта дадатковым доказам віны Лукаша Новачка.
- Напярэдадні суд у Празе прысудзіў неаднаразова суджанаму Іржы Урбанку па мянушцы Бэгемот 20 гадоў турмы, прызнаўшы яго вінаватым ва ўдзеле ў тэрарыстычнай групе ў Данбасе. Прысуд быў вынесены завочна — мужчына знаходзіцца ў вышуку.