«Хтосьці павінен быў абараняць студэнтаў»
Анастасія расказвае, што незалежны прафсаюз студэнтаў БДМУ ўтварыўся яшчэ 26 верасьня 2020 году. Тады пачалі масава адлічваць студэнтаў па сьпісе за іх актыўнасьць, хоць многія ня мелі ніякіх заўваг, пропускаў заняткаў, парушэньняў.
«Былі хлопцы і дзяўчаты, якім сама адміністрацыя ставіла „нп“ [пропускі заняткаў. — РС] па нейкіх прадметах, а потым давала за гэта вымову, каб іх адлічыць. Там што ні гісторыя — сапраўдны кашмар. І добра, што большую частку студэнтаў аднавілі потым. Першапачаткова іх было каля 20 чалавек, адлічылі 6, а 3 прынцыпова не хацелі аднаўляцца пасьля ўсяго. У кастрычніку ў нас зьмянілі маральна-этычны кодэкс, а сказалі, што гэта было ў жніўні», — кажа выпускніца Анастасія Махамет.
У БДМУ, да таго ж, ёсьць платныя адпрацоўкі. Анастасія лічыць, што яны незаконныя. Праз гэта студэнты зьбіралі подпісы, прабіваліся ў адміністрацыю, а выпускніца нават спрабавала судзіцца зь Міністэрствам аховы здароўя.
«Асабліва шмат было праблем з адпрацоўкамі ў студэнтаў, у якіх былі адміністрацыйныя арышты. Напрыклад, хто атрымліваў па 15 сутак, потым яшчэ ўнівэрсытэту павінен быў каля 200 рублёў заплаціць, каб адпрацаваць. Значыць, ты плаціш за суткі на Акрэсьціна і плюс яшчэ ўнівэру, — гэта проста рабунак».
Па словах Анастасіі, «адпрацоўка» адной пары па акушэрстве на шостым курсе каштуе 56 рублёў.
«Мы шмат разоў уздымалі пытаньне, што трэба зьмяніць палажэньне аб адпрацоўках. У новым Кодэксе, які ўступіць у сілу ў 2022-м, няма ніякіх падстаў, каб рабіць нашы адпрацоўкі платнымі. Там напісана, што платнымі могуць быць толькі тыя, дзе выкарыстоўваецца лябараторнае абсталяваньне або тэхнічны пэрсанал. У нас няма ні таго, ні другога».
Праз такія парушэньні, кажа дзяўчына, неабходнасьць у працы студэнцкага прафсаюзу была вельмі вострая. Анастасія ўзначаліла прафсаюз у сьнежні, калі вучылася на шостым курсе. Кажа, што не адчувала страху, хоць у той час быў моцны ціск на студэнтаў.
«Было ня страшна, а складана дзейнічаць, калі крок улева ці ўправа — „расстрэл“. Хтосьці павінен быў абараняць студэнтаў, хоць закон і правы ў нас перасталі працаваць, — кажа дзяўчына. — Самае крыўднае, што студэнты самі не хацелі падтрымліваць. Іх пачалі запалохваць ва ўнівэрсытэце, яны пачалі адклікаць подпісы пад нашымі зваротамі. А потым Міністэрства аховы здароўя заявіла, што подпісы адклікалі, бо студэнты ня ведалі, за што падпісваліся, што мы іх быццам падманвалі».
Увесну прафсаюз распусьцілі з прычыны ціску, а ў студэнтаў не хапіла гатоўнасьці абараняць арганізацыю.
«Не было ніякай патрэбы адстойваць прафсаюз, які самі студэнты ня хочуць абараняць. Таму мы памянялі ракурс дзейнасьці: пачалі весьці прававую адукацыю, рабіць звароты ў рамках студэнцкай супольнасьці без выкарыстаньня слова „прафсаюз“».
«Пошта працуе ўсюды»
Пазьней у Анастасіі пачаліся праблемы з разьмеркаваньнем.
«Інтэрнатура ў мяне павінна была быць у Аляксандрава [Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя М.М.Аляксандрава. — РС], якому падпарадкоўваюцца ўсе анколягі Менскай вобласьці, груба кажучы. Лягічна, што яны і рыхтуюць спэцыялістаў для свайго раёну. Але пасьля экзамэнаў я даведалася, што мне не даюць накіраваньня. Мяне выклікалі да дэкана, сказалі, што ў Аляксандрава мяне прыняць ня могуць праз тэхнічныя цяжкасьці».
Дзяўчына кажа, што напісала заяву на зьмену базы інтэрнатуры ў любое іншае месца, але пытаньне ня вырашылася.
«7 жніўня мой бацька патэлефанаваў на прамую лінію намесьніцы міністра Алене Богдан і спрабаваў высьветліць, чаму, выпускніца, якая пагадзілася на разьмеркаваньне, ня можа трапіць у інтэрнатуру? У панядзелак 9 жніўня мяне выклікалі ва ўнівэр і сказалі, што гатовыя прыняць у Магілёўскую бальніцу, з умовай, што я застануся ў іх працаваць на два гады. Гэта бальніца, а не паліклініка, таму я пагадзілася».
Далей, кажа Анастасія, пачалася праблема з дакумэнтамі, праз гэта дзяўчына толькі цяпер змагла выйсьці на інтэрнатуру.
«Тое, што нібыта ў Аляксандрава няма магчымасьці мяне прыняць, — гэта дзіўна, бо там заўсёды было шмат інтэрнаў, і цяпер там не хапае людзей, гэта я дакладна ведаю. Кулюарна ўсе шэпчуцца, што ўсё гэта палітыка і ёсьць загад спэцыяльна мяне ня браць. Ну і што, буду працаваць у Магілёве, для мяне гэта не праблема. Калі Міністэрства аховы здароўя думае, што я не магу пісаць яму заказныя лісты са скаргамі з Магілёва, то яно моцна памыляецца, бо пошта працуе ўсюды».
«Яны ня змогуць ігнараваць людзей бясконца, асабліва калі людзей будзе шмат»
Вось што Анастасія раіць студэнтам, чые правы парушаныя.
«Першае — захоўвайце спакой, другое — уважліва вывучайце нарматыўныя акты. Часьцей за ўсё ў студэнтаў не хапае цярпеньня прачытаць і паглыбіцца, а звычайна ўсё напісана і зразумела, што рабіць.
Адстойваць сябе ў рамках прававога поля можна так: казаць дэканату, што ты ня згодны зь нечым, пісаць заявы адміністрацыі і рэктару».
Дзяўчына лічыць, што толькі так можна прымусіць працаваць зваротную сувязь.
«Цяпер сыстэма адукацыі пабудаваная так, нібыта мы павінны слухацца адміністрацыі. Але на самой справе адміністрацыя павінна выконваць сваю працу, а яна ня ў тым, каб казаць нам, што рабіць. Іх праца — арганізоўваць навучальны працэс, выконваць законы. Гэта іх абавязак — даваць магчымасьць вучыцца. І чым часьцей студэнты будуць даносіць свае цяжкасьці, праблемы да адміністрацыі, тым хутчэй нешта некуды зрушыцца. Таму што яны ня змогуць ігнараваць людзей бясконца, асабліва калі людзей будзе шмат», — кажа Анастасія Махамет.