Нізкія балы на вайсковых спэцыяльнасьцях
На вайсковым факультэце БДУ на спэцыяльнасьць «Геаінфармацыйныя сыстэмы» прахадны бал сёлета 197 з 400 магчымых. Летась на гэты факультэт можна было паступіць, маючы мінімум 272 балы.
У Вайсковай акадэміі недалічыліся 102 абітурыентаў, на 484 месцы толькі 382 заявы. На факультэт унутраных войскаў недабралі 11 чалавек, на факультэт вайсковай выведкі — 9.
На вайскова-тэхнічным факультэце БНТУ на спэцыяльнасьці «Тэхнічная эксплюатацыя аўтамабіляў» прахадны бал усяго 86 з 400 магчымых. Конкурс на гэтай спэцыяльнасьці нават ня склаўся. Летась на гэтай спэцыяльнасьці прахадны бал быў 221, у 2,5 раза вышэйшы.
У Акадэміі МУС недабор
У акадэміі МУС на факультэце міліцыі, спэцыяльнасьць «правазнаўства, адміністрацыйна-прававая дзейнасьць» недабралі 36 абітурыентаў: плян прыёму 118 чалавек, а заяваў на навучаньне толькі 82. Летась Акадэмія МУС абвяшчала дадатковы набор, але на завочную форму навучаньня.
На ўсіх іншых спэцыяльнасьцях абітурыентаў у Акадэмію МУС дабралі.
Недабор інжынэраў
У БНТУ, асноўнай ВНУ, дзе выпускаюць разнапрофільных інжынэраў, недабор на шэрагу факультэтаў. Так, конкурс меншы, чым 1 чалавек на месца (значыць, недабор) склаўся на факультэце горнай справы і інжынэрнай экалёгіі, мэханіка-тэхналягічным факультэце, інжынэрна-пэдагагічным факультэце, пяці спэцыяльнасьцях факультэту энэргетычнага будаўніцтва, прыборабудаўнічым факультэце. Летась у БНТУ пры паступленьні на бюджэт не было спэцыяльнасьцяў, дзе конкурс быў меншы, чым 1 чалавек на месца.
У БДУІР рэкордныя прахадныя балы
Мінімальны прахадны бал у БДУІРы сёлета вырас да 285, летась быў 235. Самыя ж папулярныя спэцыяльнасьці — «Праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгій» (371 бал), «Інфарматыка і тэхналёгіі праграмаваньня» (362 балы).
Аднак ёсьць спэцыяльнасьці, дзе падалі менш заяваў на паступленьне, чым плянавалі набраць, гэта вынікае з дадзеных маніторынгу прыёмнай кампаніі. Напрыклад, на «прамысловую электроніку» захацелі паступіць 8 чалавек пры пляне прыёму ў 25 чалавек.
На «квантавыя інфармацыйныя сыстэмы» падаліся 12 чалавек пры пляне прыёму ў 25 чалавек, на «нанатэхналёгіі і нанатэхналёгіі ў электроніцы» 7 чалавек пры пляне прыёму ў 25.
У БДМУ недабору няма і высокія прахадныя балы
Самы высокі прахадны бал у БДМУ на стаматалягічны факультэт — трэба набраць 387 балаў з 400 магчымых. Другі па папулярнасьці фармацэўтычны факультэт — 365 балаў з 400 магчымых. На ўсіх спэцыяльнасьцях БДМУ склаўся конкурс, самы нізкі прахадны бал 281 — на мэдыка-прафіляктычным факультэце.