Сёньня ў сацыяльных сетках галоўная навіна — памёр Уладзімер Ляхоўскі… раптоўна… вялікая страта для беларускай навукі…
Я б хацела сказаць, што ён быў маім сябрам. Але больш правільна будзе сказаць, што ён быў тым чалавекам, які мне самой дапамагаў усьвядоміць важнасьць таго, што я раблю.
У Беларусі няма нармальна дзейнай сыстэмы рэцэнзаваньня і абмеркаваньня тэкстаў, кожны сам па сабе, рэцэнзіі — адпіска, канфэрэнцыі — пункцік для справаздачы. Але мне пашчасьціла, у мяне былі суровыя крытыкі — Віталь Скалабан і Уладзімір Ляхоўскі. Менавіта Валодзі я паказвала рукапісы сваіх першых сур’ёзных публікацый. Часам ён не мог устрымацца, каб нешта туды не дадаць, а часьцей — сам вырашаў, дзе гэта будзе надрукавана.
Я ня верыла, што мой велізарны зборнік дакумэнтаў можа быць апублікаваны: афіцыйныя інстытуцыі яго ня выдадуць праз тэму, а неафіцыйныя ня выдадуць з прычыны кошту. Але ён казаў — ты рабі, а пасьля нешта ды знойдзецца. Пры кожнай сустрэчы, якіх, на вялікі жаль, было занадта мала, ён цікавіўся: «Ну, ці хутка скончыш? Я чакаю!» Столькі разоў апускаліся рукі і праца падавалася бясконцай, а галоўнае абсалютна бессэнсоўнай. Дзякуй, што чакаў! Яго прозьвішча на маім зборніку — гэта ня проста традыцыйна-рытуальны радок, гэта больш, чым імя рэцэнзэнта.
Ён быў вялікі патрыёт. У сваіх публікацыях, заснаваных на аналізе велізарнай колькасьці крыніцаў, ён даводзіў, што беларусы — нацыя, што ўжо на пачатку стагодзьдзя мы мелі і газэту, і музэй, што мы стваралі свае беларускія школы, што ў нас ёсьць і свае палітыкі, і культурныя дзеячы, і ў нас ёсьць чым ганарыцца. Яго расказы пра дзеячаў БНР — гэта гісторыі не аб мітычных пэрсанажах, а пра жывых людзей, якімі яны для яго і былі. І для яго не было варыянтаў адносна нашага сьцягу.
Гэты чалавек мог і павінен быў стварыць сваю школу. У яго была велізарная колькасьць навуковых інтарэсаў, ідэй, а яго веданьню архіўных фондаў мог пазайздросьціць кожны. Сам ён ня мог пасьпець усе ахапіць, што хацеў, як бы доўга ні жыў, бо кожная новая тэма ці архіўная справа правакавалі на новыя дасьледаваньні, часам за кошт недаробленых раней. Ён шчодра дзяліўся сваімі матэрыяламі, ідэямі, але навуковых нашчадкаў у яго няма… Валодзя быў вымушаны выкладаць зусім не гістарычныя дысцыпліны і зусім не на гістарычным факультэце. Беларуская навука доўга будзе расплачвацца за такую страту.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.