Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як немцы адлучалі Беларусь ад Расеі і Польшчы


Нямецкі вайсковы патруль у Менску на Губэрнатарскай вуліцы.
Нямецкі вайсковы патруль у Менску на Губэрнатарскай вуліцы.

Першая сусьветная вайна мела вялікі ўплыў ня толькі на палітычны лёс Беларусі, якая пасьля заканчэньня гэтага канфлікту ўпершыню пад сваёй назвай зьявілася на палітычнай мапе Эўропы. Як лічыць беларускі гісторык Уладзімер Ляхоўскі, гэтая вайна таксама мела вырашальны ўплыў на рост нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў і беларусізацыю іхнага жыцьця.

ДАБРАДЗЕІ БЕЛАРУСАЎ ФОН ГІНДЭНБУРГ І ФОН ЛЮДЭНДОРФ

Радыё Свабода: Ці фактычна можна сьцьвярджаць, што беларуская школьная сыстэма зьявілася ўпершыню толькі пад нямецкай акупацыяй у часе Першай сусьветнай вайны? То бок да вайны ніякіх беларускіх школаў не існавала наагул?

Уладзімер Ляхоўскі: Сказаць, што да Першай сусьветнай вайны не было спробаў стварыць беларускую школу — будзе недакладна. Безумоўна, спробы былі — напрыклад, з боку Якуба Коласа, які спрабаваў стварыць такую школу на Магілёўшчыне, дзякуючы падтрымцы мясцовага шляхціца, які даў на гэта грошы. Але гэтая тайная школа працягвала існаваньне не даўжэй за паўгода. На Віленшчыне Элаіза Пашкевіч-Цётка таксама спрабавала арганізаваць тайныя беларускія школы, але і гэтыя спробы не далі посьпеху. І толькі ў часы Першай сусьветнай вайны, у зоне нямецкай акупацыі Беларусі — у так званай ваеннай дзяржаве Обэр Ост — былі ўтвораныя беларускія школы. Гэта зрабілі беларусы-віленчукі — Цётка, браты Луцкевічы, Баляслаў Пачобка — якія стаялі ля вытокаў стварэньня першых беларускіх школаў у Вільні. За кароткі час — зь лістапада 1915 па люты 1916 — у Вільні адкрыліся шэсьць беларускіх грамадзкіх школаў, да якіх нямецкія ўлады ня мелі ніякага дачыненьня.

Паўль фон Гіндэнбург і Эрых фон Людэндорф на чыгуначным вакзале ў Вільні, 1915 г.
Паўль фон Гіндэнбург і Эрых фон Людэндорф на чыгуначным вакзале ў Вільні, 1915 г.

Беларускамоўная адукацыя як сыстэма ўзьнікла дзякуючы ўказу фэльдмаршала Паўля фон Гіндэнбурга, які ў сьнежні 1915 году даў роўныя правы беларускай, літоўскай, польскай мове, а таксама мове ідыш. Можна сказаць, што з гэтага часу справа беларускага школьніцтва стала на моцны эканамічны грунт. Пачалося фінансаваньне гэтага школьніцтва, выдаваньне падручнікаў, і пачаліся ўтварацца школы на польска-беларускім памежжы, у першую чаргу на тэрыторыі ваўкавыскага павету, гарадзенскага павету і трох паветаў, якія цяпер у польскай дзяржаве — сакольскага, беластоцкага і бельскага.

РС: Гіндэнбург быў галоўнакамандуючым на ўсходнім фронце, таму, як здаецца, школьнымі справамі ён наўрад ці займаўся. Хто з боку нямецкай адміністрацыі кантактаваў зь беларусамі, якія хацелі ствараць свае школы?

Ляхоўскі: Гіндэнбург фармальна падпісаў гэты ўказ, але аўтарам ідэі зрабіць стаўку на беларускі нацыяналізм — у процівагу ідэі «Вялікай Польшчы» — быў Эрых фон Людэндорф, начальнік штабу ўсходняга фронту.

Обэр Ост у адміністрацыйнай сыстэме акупаваных Нямеччынай і Аўстра-Вугоршчынай тэрыторый.
Обэр Ост у адміністрацыйнай сыстэме акупаваных Нямеччынай і Аўстра-Вугоршчынай тэрыторый.

Што ўяўляла сабою зона нямецкай акупацыі Обэр Ост? Гэта была ваенная дзяржава, якая нават мела свае пашпарты і эрзац-грошы ды адрозную ад Другога Райху мытную сыстэму. Канешне, была ў Обэр Ост і свая адміністрацыя. Яна была паўвайсковая, тым ня менш яна была фармальна аддзеленая ад вайсковага камандаваньня. Прыкладам, школьнай справай у зоне Обэр Ост кіраваў маёр фон Дзітман, школьны чыноўнік з Прусіі, якога адмыслова выпісалі адтуль дзеля арганізацыі школьніцтва на гэтай акупаванай тэрыторыі.

Галоўная мэта нямецкай школьнай палітыкі — адлучыць гэтыя землі культурна і моўна ад Расеі. На акупаванай немцамі тэрыторыі не было расейскамоўных школаў. Па-другое, немцы хацелі, дзякуючы заснаваньню беларускіх школаў, стварыць такі своеасаблівы кардон, які аддзяляў бы Польшчу ад тэрыторыі астатняй Беларусі — каб ідэі польскага нацыяналізму не прасоўваліся далей на ўсход. Немцы не хацелі, каб аднавілася «Вялікая Польшча» і каб узьнікла пытаньне зямель Памэраніі, якія былі далучаныя да нямецкай імпэрыі пасьля трэцяга падзелу Польшчы.

РС: Вось вы кажаце, што немцы хацелі такім чынам прыпыніць палякаў у Беларусі. Але ж яны і дазволілі ім разьвіваць польскамоўнае школьніцтва, праўда?

Нямецкія жаўнеры і мясцовыя жыхары мястэчка Турэц на фоне мясцовай школы. 1918 г.
Нямецкія жаўнеры і мясцовыя жыхары мястэчка Турэц на фоне мясцовай школы. 1918 г.

Ляхоўскі: Калі ўзяць статыстыку даваеннага часу, дык на тэрыторыі гэтай заходняй часткі Беларусі афіцыйна не было польскамоўных школаў. Але калі ўзяць пад увагу тайныя польскамоўныя школы, дык можна сказаць, што быў амаль парытэт паміж імі і афіцыйнымі расейскамоўнымі школамі. Прыкладам, згаданы Баляслаў Пачобка навучыўся пісаць і чытаць у такой тайнай польскай школе. Людэндорф разумеў, што калі ён забароніць польскую школу, дык яна будзе разьвівацца таемна, таму што былі фундатары — Касьцёл і польскія абшарнікі, якія маглі фінансаваць такую школу па-за нямецкім кантролем. Людэндорф зрабіў разумна — ён стварыў польскамоўную школьную сетку пад кантролем нямецкай адміністрацыі, каб адсочваць працэсы, якія тады адбываліся ў польскамоўным асяродзьдзі.

ШКОЛЬНІЦТВА Ў ВАЕННАЙ ДЗЯРЖАВЕ ОБЭР ОСТ

РС: Дзе разьмяшчалася нямецкая адміністрацыя Обэр Осту?

Ляхоўскі: У самым пачатку афіцыйнай сталіцай гэтай ваеннай дзяржавы Обэр Ост было Коўна. Але потым, калі немцы вырашылі стварыць квазілітоўскую дзяржаву пад сваім пратэктаратам, Коўна стала літоўскім горадам, а адміністрацыйная сталіца Обэр Осту ў пачатку 1917 году перамясьцілася ў Беласток, статус якога тады моцна вырас. У часы Расейскай імпэрыі Беласток, нагадаем, быў у падпарадкаваньні губэрнскай адміністрацыі ў Горадні. А пад нямецкай акупацыяй сытуацыя зьмянілася на супрацьлеглую — Горадня стала падпарадкоўвацца Беластоку.

РС: А ці да вайны ў Расейскай імпэрыі былі літоўскія і габрэйскія школы?

Ляхоўскі: Так, літоўскія школы ў Расейскай імпэрыі існавалі і ў даваенны час — літоўцы мелі арганізацыі, якія фінансавалі гэтыя школы. Былі і габрэйскія школы, фінансаваныя Габрэйскім асьветным таварыствам. Я тут кажу пра габрэйскія сьвецкія школы. Але ў габрэяў была яшчэ значная колькасьць рэлігійных школаў, дзе, акрамя выкладаньня рэлігіі на іўрыце, вучняў навучалі звычайным прадметам, такім як арытмэтыка ці чыстапісаньне. Былі створаныя таксама мадэрнізаваныя ешыботы, талмудысцкія школы, дзе акрамя вывучэньня Божага закону, навучэнцы маглі засвойваць і замежныя мовы. У даваенны час у Расейскай імпэрыі ўжо пачалі набіраць моц і сіяністы, якія арганізавалі свае таемныя школы. Царскія ўлады нейкі час нават падтрымлівалі сіянісцкі рух Тарбут і яго школы на іўрыце, каб нэўтралізаваць уплыў бундаўцаў, гэта значыць, габрэйскіх сацыялістаў, якія арганізавалі школы з выкладаньнем на ідышы.

РС: А як паставіліся да габрэйскага школьніцтва немцы?

Ляхоўскі: Немцы, наадварот, спрыялі габрэйскай адукацыі на ідышы, а забаранялі школы на іўрыце. Прычына была даволі ясная: ідыш — мова вельмі блізкая да нямецкай, і немцы лічылі, што распаўсюджаньне адукацыі на гэтай мове будзе спрыяць германізацыі габрэяў. Адукацыя на мадэрнізаваным іўрыце немцамі не падтрымлівалася.

РС: Якога ўзроўню школы былі дазволеныя немцамі на акупаванай імі тэрыторыі? Гэта была толькі пачатковая адукацыя, ці нешта большае?

Ляхоўскі: Разьвіцьцё вышэйшай адукацыі на нацыянальных мовах немцамі ў часе вайны не плянавалася наагул.

Нямецкі вайсковы патруль у Менску на Губэрнатарскай вуліцы.
Нямецкі вайсковы патруль у Менску на Губэрнатарскай вуліцы.

Калі казаць пра пачатковую адукацыю, то, ясная справа, нямецкая мова была нязвыклай для мясцовага насельніцтва на акупаваных немцамі тэрыторыях, і пачатковыя школы на нямецкай мове не прадбачваліся, а была зробленая стаўка на нацыянальныя мовы — беларускую, літоўскую, польскую і ідыш. Калі гаварыць пра сярэднюю адукацыю, дык немцы стваралі сярэднія школы — скажам так: казённыя школы — ужо выключна на нямецкай мове. Гэта значыць, што хлопчыкі і дзяўчаткі, якія закончылі пачатковую школу на роднай мове, далей маглі працягваць адукацыю толькі на нямецкай мове. Нямецкая мова была абавязковым прадметам у пачатковай школе, і гэтай мове, так бы мовіць, аддавалі шмат школьнай нагрузкі. Так што ў прынцыпе пасьля двух-трох гадоў навучаньня гэтай мове ў пачатковай школе дзеці нядрэнна авалодвалі ёю. Нямецкай мове навучалі наагул не мясцовыя настаўнікі, а нямецкія вайскоўцы, у якіх была пэдагагічная падрыхтоўка.

Але адначасова ў вялікіх гарадах, такіх як Вільня або Беласток, немцы не забаранялі ствараць прыватныя сярэднія школы на нацыянальных мовах. Прыкладам, у Вільні пад нямецкай акупацыяй было шэсьць польскіх прыватных гімназій, дзьве літоўскія і некалькі габрэйскіх. Беларусы стварылі сваю гімназію ў Вільні толькі ў пачатку 1919 году.

Можна сказаць, што немцы меркавалі правесьці працэс германізацыі мясцовага насельніцтва ў Беларусі ня гвалтам — як паступалі расейцы ў выпадку русыфікацыі — а больш гнутка.

БЕЛАРУСКІЯ ШКОЛЫ І ПАДРУЧНІКІ

РС: Давайце цяпер зьвернемся да беларускіх школаў пад нямецкай акупацыяй. Колькі іх было, колькі ў іх навучалася вучняў, і дзе яны галоўным чынам разьмяшчаліся?

Удзельнікі Беларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Вільні ў лютым 1918 г., якая прыняла рашэньне аб стварэньні Віленскай беларускай гімназіі.
Удзельнікі Беларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Вільні ў лютым 1918 г., якая прыняла рашэньне аб стварэньні Віленскай беларускай гімназіі.

Ляхоўскі: Першыя беларускія школы былі чыста грамадзкімі школамі, створанымі на сродкі беларускіх дабрачынных арганізацый. Я маю на ўвазе шэсьць школаў у Вільні, пра якія я ўжо казаў, і адну школу ў Горадні. Да іх стварэньня немцы ня мелі ніякага дачыненьня, хоць яны, безумоўна, патрабавалі нямецкага дазволу на сваё функцыянаваньне і падпарадкоўваліся нямецкай адміністрацыі паводле навучальных праграмаў. А ў пытаньнях фінансаваньня і кадравай палітыкі гэтыя школы былі аўтаномныя.

Выкладчыкі і слухачы Беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні ў 1916 г. Сядзяць: Іван Луцкевіч, Баляслаў Пачобка (кіраўнік курсаў), Антон Луцкевіч.
Выкладчыкі і слухачы Беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні ў 1916 г. Сядзяць: Іван Луцкевіч, Баляслаў Пачобка (кіраўнік курсаў), Антон Луцкевіч.

Але зразумела, што ў беларусаў не было сродкаў на стварэньне шырокай сеткі беларускамоўных школаў, і гэта рабіла нямецкая адміністрацыя. У пачатку 1916 году была створаная настаўніцкая сэмінарыя ў Сьвіслачы на месцы былой расейскай настаўніцкай сэмінарыі, і яна пачала рыхтаваць беларускіх настаўнікаў для гэтых казённых беларускамоўных школаў. З захаваных лістоў Антона Луцкевіча мы можам даведацца, што беларусы фактычна ня мелі ніякага дачыненьня да стварэньня гэтай сеткі казённых беларускамоўных школаў. Луцкевіч жаліўся, што ўсё гэта адбывалася паводле загаду немцаў і іхнымі рукамі. І гэта тычылася ўсяго — толькі нямецкая адміністрацыя вырашала, дзе ўтвараць такія школы і якіх настаўнікаў куды накіроўваць. Таму ясна, што як толькі немцы былі вымушаныя пакінуць акупаваныя тэрыторыі, уся гэтая беларускамоўная школьная сыстэма зьнікла. Па-першае, скончылася фінансаваньне. Па-другое, з маіх досьледаў вынікае, што частка польскага элемэнту сьвядома ішла ў беларускую настаўніцкую сэмінарыю ў Сьвіслачы, каб потым атрымаць месца ў школе і праводзіць выкладаньне ў ёй чыста па-польску. Таму пад канец 1918 году тыя школы ў Вільні і Горадні, якія фінансаваліся Таварыствам дапамогі ахвярам вайны, засталіся. І яшчэ засталося каля 15 школаў на Гарадзеншчыне дзякуючы падтрымцы праваслаўнага сялянства, якое давала грошы на ўтрыманьне беларускіх настаўнікаў. А ўсе іншыя беларускамоўныя школы — з агульнай колькасьці каля 150 — спынілі сваё існаваньне.

Што тычыцца пытаньня колькасьці беларускамоўных школаў у 1915-1918 гадах, дык у літаратуры вы можаце сустрэць лікі ад 150 да 300. Я прасачыў нямецкую статыстыку і магу з упэўненасьцю сказаць, што на сярэдзіну 1918 году існавалі 153 казённыя беларускамоўныя школы, якія фінансаваліся нямецкімі ўладамі Обэр Осту...

РС: Колькі вучняў магло хадзіць у гэтыя школы?

Слухачкі Сьвіслацкай беларускай настаўніцкай сэмінарыі: Вера Гожка, Волька Гофман, Волька Скаўронская, Вера Матэйчук.
Слухачкі Сьвіслацкай беларускай настаўніцкай сэмінарыі: Вера Гожка, Волька Гофман, Волька Скаўронская, Вера Матэйчук.

Ляхоўскі: Некалькі тысячаў. Як я ўжо казаў, беларускія школы выконвалі ролю своеасаблівага этна-моўнага кардону супраць польскага нацыяналізму, і пераважная большасьць зь іх — я думаю, каля 80% — дзейнічала ў сакольскім, беластоцкім і бельскім паветах, якія сёньня знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, ды ў гарадзенскім і ваўкавыскім паветах. У гэтых паветах у беларускамоўныя школы хадзіла 21-23% дзяцей ад агульнай колькасьці навучэнцаў ва ўсіх школах. Па-мойму, гэта сур’ёзны паказьнік — упершыню здарылася такое, што пятая частка ўсіх школаў працавала на беларускай мове.

РС: Мяне тут цікавіць вось яшчэ якое пытаньне. Як усе ведаем, у 1915 годзе царскі ўрад правёў шырокамаштабную эвакуацыю праваслаўнага насельніцтва з заходніх ускраінаў Расейскай імпэрыі ў яе глыбіню. Фактычна на Беласточчыне і Гарадзеншчыне былі бязьлюдныя палосы, дзе ў праваслаўных вёсках увогуле не было людзей. Калі глянуць на рэлігійны склад навучэнцаў беларускамоўных школаў пад немцамі, то якія дзеці ў іх пераважалі — каталіцкія ці праваслаўныя?

Ляхоўскі: Я цікавіўся і гэтым пытаньнем. З тых справаздачаў, што я чытаў, вынікае, што каталіцкіх беларускамоўных школаў было ня больш 10, нягледзячы на тое, што асноўная маса праваслаўнага насельніцтва была эвакуаваная на ўсход. Тым ня менш нельга сказаць, што гэта была татальная эвакуацыя. Праваслаўныя засталіся, і гэта ў праваслаўным асяродзьдзі дзейнічала пераважная большасьць беларускамоўных школаў.

Тут была яшчэ і такая праблема. Многія праваслаўныя не хацелі аддаваць дзяцей у беларускія школы, таму што да канца 1916 году не было падручнікаў, надрукаваных кірыліцай. Мясцовае праваслаўнае жыхарства вельмі падазрона ставілася да беларускай лацінкі — яны лічылі, так сказаць, што лацінка — гэта такі першы крок да уніі. А ўся праблема была ў тым, што не было наборнага кірылічнага шрыфту. З кірылічным шрыфтам дапамаглі беларусам украінцы з Бэрліну, і пад каней 1916 году ўжо наладзіўся друк беларускамоўных падручнікаў кірыліцай.

РС: Вельмі цікава. А вы бачылі беларускія падручнікі таго часу — яны захаваліся?

Ляхоўскі: Так, іх можна пабачыць у Вільні, у 21-м фондзе Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы. У гэтым фондзе ёсьць і рукапісы беларускіх падручнікаў, і іх друкаваныя асобнікі. Я толькі ня бачыў уніяцкіх малітоўнікаў — а ведаю, што яны дакладна былі — якія тады выдаваў Баляслаў Пачобка, адзін з выкладчыкаў Беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы.

Вера Матэйчук са сваімі вучнямі Беларускай школы ў Грабаўцы Арлянскай воласьці Бельскага павету, 1918 г.
Вера Матэйчук са сваімі вучнямі Беларускай школы ў Грабаўцы Арлянскай воласьці Бельскага павету, 1918 г.

У сувязі з гэтым я хачу згадаць даволі цікавую гісторыю. Я чытаў анкету Веры Мурашкі, у той час вядомай паэткі зь Беласточчыны. Яе сапраўднае прозьвішча — Вера Матэйчук, яна была настаўніцай у беларускай школе ў вёсцы Грабавец у Арлянскай воласьці Бельскага павету. У сваёй анкеце ў 1919 годзе яна напісала, што яна «праваслаўнага веравызнаньня, але трымаецца ўніяцкай веры». Гэта быў вынік дзейнасьці Баляслава Пачобкі ў настаўніцкай сэмінарыі, дзе ён здолеў захапіць многіх дзяўчат і хлопцаў ідэяй уніі. Вера Мурашка пасьля заканчэньня сэмінарыі працягвала падтрымліваць ідэю уніі. Праўда, ёсьць таксама лісты, дзе сэмінарысты жаліліся Луцкевічу, што Баляслаў Пачобка праз навучаньне рэлігіі ў сэмінарыі праводзіў прапаганду уніі.

РС: Што ўяўлялі сабою тыя беларускія падручнікі, якія вы бачылі ў архіве? Там былі, напрыклад, нейкія задачнікі па арытмэтыцы?

Ляхоўскі: Па матэматыцы былі проста перакладныя задачнікі з расейскай мовы. Яны былі адаптаваныя да беларускіх абставін і зацьверджаныя нямецкай адміністрацыяй. Вельмі шмат у справе выданьня беларускіх падручнікаў зрабіў Вацлаў Ластоўскі, які ачольваў Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні і фактычна займаўся ў той час толькі выключна падрыхтоўкай і выданьнем такіх падручнікаў. Для навукі чытаньня пачаткова выкарыстоўваліся падручнікі яшчэ з даваенных запасаў, але паколькі яны былі на лацінцы і іх далёка ня ўсім хапала, дык Ластоўскі наладзіў выданьне беларускамоўных чытанак на кірыліцы.

КАЛІ ПРЫЙШЛІ ПАЛЯКІ

РС: Калі сышлі немцы, якія падтрымлівалі беларускія школы, дык што з гэтай асьветнай сыстэмай здарылася пасьля, калі прыйшла Польшча — гэтыя беларускамоўная школьная сыстэма захавалася ці развалілася?

Настаўнікі і вучні Гарадзенскай беларускай школы.
Настаўнікі і вучні Гарадзенскай беларускай школы.

Ляхоўскі: Калі ў лютым 1919 году пачалася польска-бальшавіцкая вайна і ў Беларусь прыйшлі палякі, то ў заходняй частцы Беларусі, у якой якраз існавалі гэтыя беларускія школы, пачалася татальная зачыстка беларускасьці. У Пілсудзкага, праўда, была ідэя фэдэралізацыі Польшчы, але яна датычыла цэнтральных і ўсходніх абшараў Беларусі. Што тычыцца заходніх паветаў Беларусі, то ўвосень 1919 году палякі ліквідавалі амаль усе беларускамоўныя школы — засталася адна такая школа ў Горадні і пяць-шэсьць школ на паветах у заходняй частцы. Чаму развалілася гэтая школьная сыстэма? Луцкевіч сказаў пра гэта вельмі ляканічна — такую справу як беларуская школа нельга пабудаваць на чужых штыхах. Яна будзе жыцьцяздольная толькі тады, калі яе пабудуюць самі беларусы, сваімі сіламі. Тыя школы, якія былі створаныя беларускай грамадзкасьцю — згаданыя шэсьць школак у Вільні — яны праіснавалі да сярэдзіны 1920-х гадоў. У іх было сталае фінансаваньне, і палякі іх нават уключылі ў сетку пачатковых школ Вільні. Яны былі зачыненыя польскімі ўладамі толькі пад канец 1920-х гадоў.

Што можна сказаць агулам пра вынікі беларускамоўнага школьніцтва, створанага немцамі ў 1915 годзе? Па-мойму, калі гаварыць пра беларусізацыю, то яна не пачалася ў 1924 годзе з дазволу бальшавіцкай партыі — як лічыць большасьць беларускіх дасьледнікаў — а пачалася якраз у 1915 годзе, калі зьявіўся загад Гіндэнбурга аб стварэньні асьветнай сыстэмы на акупаванай немцамі тэрыторыі на ўсходзе. Я лічу, што гэты загад, так бы мовіць, даў адмашку беларусізацыі як структурнай палітыцы.

Калі гаварыць пра ўплыў Першай сусьветнай вайны на нацыянальнае ўсьведамленьне беларусаў, дык мне хацелася б працытаваць на гэты конт Зьмітрака Бядулю, які ў 1923 годзе ў «Савецкай Беларусі» ў артыкуле «Думкі беларускага адраджэнца» напісаў наступнае: «Беларускі адраджэнскі рух ня здолеў зрабіць таго, што зрабіла імпэрыялістычная вайна ў працягу двух год. Найлепшым агітатарам у справе абуджэньня ад сну беларускіх сялянскіх мас было само жыцьцё — ненармальнае, выбітае зь векавечнай каляі ў часе вайсковых падзей на Беларусі».

«Нашаніўцы» да вайны зрабілі шмат, але ўсё тое было зробленае імі ў сваім вузкім коле. Яны ня мелі значнага ўплыву на шырокае асяродзьдзе і насельніцтва. І толькі Першая сусьветная вайна радыкальным чынам зьмяніла сытуацыю ў гэтым пляне — самыя падзеі падштурхоўвалі беларусаў да нацыянальнага самаўсьведамленьня, у першую чаргу беларускіх уцекачоў. Апынуўшыся ў чужым этна-моўным асяродзьдзі, яны ўпершыню адчулі і зразумелі, што ўяўляюць сабою нейкую асобную нацыянальную і культурную цэласнасьць.

Уладзімер Ляхоўскі — беларускі гісторык, дасьледуе праблемы гісторыі культуры і адукацыі, разьвіцьця беларускага нацыянальнага руху і станаўленьня грамадзкае супольнасьці Беларусі ў ХІХ-ХХ стагодзьдзяў, гісторыю беларускае даваеннае эміграцыі, сацыяльна-палітычныя і гуманітарныя наступствы Першае сусьветнае вайны для Беларусі, гісторыю мытнае справы, пытаньні міжнароднага супрацоўніцтва ў мытнай сфэры, геапалітычныя і геаэканамічныя аспэкты глябальнае і рэгіянальнае інтэграцыі. Выдаў дзьве манаграфіі: «Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі (1915-1918)» (2010) і «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасьць беларускіх маладзёвых арганізацыяў у 2-й палове 19-першай трэці 20 ст.» (2012).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG