5 гадоў калёніі за наезд на аўто ДАІ
49-гадовага кіроўцу Nissan Аляксея Шчытнікава абвінавачвалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу, піша «Вясна».
- ч. 2 арт. 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне чужой маёмасьці, якія зьдзяйсьняліся агульнанебясьпечным спосабам або пацягнулі нанясеньне шкоды ў буйным памеры);
- арт. 364 (гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Як адзначаў мужчына падчас працэсу, 12 жніўня 2020 ён ненаўмысна наехаў на аўтамабіль ДАІ на праспэкце Дзяржынскага ў Менску — гэта адбылося пасьля таго як закрычала жонка, якая сядзела побач: яна ўбачыла, як зьбіваюць чалавека каля дарогі. Ад нечаканасьці кіроўца Nissan наехаў на аўтамабіль ДАІ. Пасьля затрыманьня Шчытнікава зьбілі ў Маскоўскім РУУС — з чэрапна-мазгавой траўмай мужчыну даставілі ў ізалятар на Акрэсьціна.
На судзе кіроўца прызнаў віну толькі па артыкуле 218-м, але ніяк не па 364-м. Яму вынесьлі пакараньне ў 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Судзьдзя Тацяна Пірожнікава, дзяржабвінаваўца — Фёдар Сініцкі.
Рэпэра вінавацяць у «абразе прэзыдэнта»
22-гадовага Яўгена Пятрова абвінавачваюць паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта) за песьню са словамі «Ты Сярожу пасадзіў, Лукашэнка, ты д...л? (чалавек без мазгоў)». Як паведамляе праваабарончы сайт «Гомельская вясна», на падставе хадайніцтву памочніцы пракурора Дар'і Дубаўцовай судзьдзя Сьвятлана Лук’янава зрабіла працэс закрытым.
Яўгена Пятрова затрымалі 4 чэрвеня. Прычым супрацоўнікі ГУБАЗіК, каб знайсьці маладзёна, які ня жыў па месцы рэгістрацыі ў Добрушы, стварылі фэйкавы акаўнт. Ад імя дзяўчыны напісалі яму ў асабістыя паведамленьні і папрасілі напісаць песьню. Адпаведна, на сустрэчу замест кліенткі прыйшлі сьледчыя.
Хлопца дапыталі і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на 72 гадзіны, пасьля якіх выставілі абвінавачаньне «за абразу прэзыдэнта» і адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. У Яўгена Пятрова няма адваката, ён вырашыў абараняць сябе сам. Віны не прызнае, лічыць, што ў песьні, якую ён напісаў летась падчас выбарнай кампаніі, не было абразы, ён проста ставіў пытаньне наконт разумовых здольнасьцяў кіраўніка Беларусі.
Аднак экспэрты, якія праводзілі лінгвістычную экспэртызу тэксту, прыйшлі да высновы, што гэта «натуральная абраза Лукашэнкі».
«Мяне вельмі ўсхвалявала тое, што адбывалася ў Беларусі падчас выбарнай кампаніі, — патлумачыў творца. — Нерэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты, затрыманьні актывістаў, палітыкаў, блогераў. Брутальныя дзеяньні сілавікоў у адносінах да пратэстоўцаў. Усё гэта падштурхнула да стварэньня песьні, за якую мяне судзяць».
Працэс над Яўгенам Пятровым працягваецца. Яго чакае апошняе слова, спрэчкі бакоў і вырак.
Сёлета 23 жніўня за рэпост песьні «Лукашэнка, сыходзь» суд Цэнтральнага раёну Гомля пакараў 1 годам калёніі агульнага рэжыму 22-гадовага гамельчука Сяргея Балахонава.
Рэдактар «Виртуального Бреста» стаў фігурантам справы за абразу
На 48-гадовага мужчыну завялі крымінальную справу за абразы ў інтэрнэце. Зьнявагу сілавікоў зь ягонага боку выявіў берасьцейскі ГУБАЗіК.
Як паведаміла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава, «мужчына, акрамя журналістыкі, займаўся дэструктыўнай дзейнасьцю пратэставага толку. У прыватнасьці, стварыў тэлеграм-чат „Обсуждаем опасный Брест“, дзе распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы і публікаваў абразы ў адрас дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».
Праўдападобна, размова ідзе пра Андрэя Кухарчыка, у якога раней праводзілі ператрус і на якога складалі адміністрацыйныя пратаколы. Інфармацыйную прадукцыю сайту «Виртуальный Брест» раней прызналі экстрэмісцкім матэрыялам. У рэдактара пасьля ператрусу ў справе разьмяшчэньня фатаздымку палітвязьня Ўладзімера Гундара са свастыкай (так палічыла экспэртыза суду) забралі ўсю тэхніку і дагэтуль не вярнулі.
Каго менавіта Кухарчык абразіў так, што на яго завялі крымінальную справу, у МУС не паведамляюць.
Рэдактарку «Зялёнага парталу» аштрафавалі
Яніна Мельнікава, якая на пачатку верасьня прабыла трое сутак у ізалятары, была аштрафаваная судом на 2755 рублёў. Пасьля гэтага яе вызвалілі. Журналістку пакаралі нібыта за «непадпарадкаваньне» міліцыянтам, піша БАЖ.
3 верасьня дома ў Яніны Мельнікавай правялі ператрус.
Ператрус на кватэры журналісткі Пытлевай
Журналістка Кацярына Пытлева, якая працавала на Tut.by i Onliner, а таксама ў дзяржаўнай прэсе, падтрымала страйк работнікаў тэлевізіі ў 2020-м, цяпер займаецца разам з камандай ютуб-каналам «Маланка».
Пытлева знаходзіцца ў эміграцыі, аднак гэта не перашкодзіла сілавікам 7 верасьня выбіць дзьверы ў яе кватэры на менскай вуліцы Чыгуначнай. Зь якой прычыны адбываўся ператрус, ці была на яго пастанова і што менавіта шукалі — Пытлева пакуль ня ведае.