«Цяпер гэты масіў інфармацыі знаходзіцца ў нас», — заявіла ініцыятыва былых і цяперашніх працаўнікоў сілавых структур Беларусі ByPol у апублікаваным відэа.
ByPol сьцьвярджае, што ва ўпраўленьні ўласнай бясьпекі МУС захоўваюцца тэчкі з ужо адфільтраванымі аўдыёзапісамі тэлефонных перамоваў супрацоўнікаў.
У якасьці доказаў ByPol апублікавала сем фрагмэнтаў такіх размоў.
На першым запісе, паводле ByPol, размаўляюць камандзір АМАП ГУУС Менгарвыканкаму Дзьмітры Балаба і міністар унутраных спраў Іван Курбакоў.
Курбакоў просіць Балабу зьвязацца з Натальляй Мікалаеўнай (такое імя і імя па бацьку ў прэсавай сакратаркі Лукашэнкі Эйсмант) у справе пошуку чалавека, падобнага камплекцыяй да «01» (ByPol сьцьвярджае, што маецца на ўвазе Лукашэнка). Чалавек павінен быць у чорнай форме.
На другім запісе, як сьцьвярджае ByPol, размаўляюць капітан міліцыі і сьледчы з Гомля. Іх размова не зьвязаная з палітыкай, адно што сьледчы нецэнзурна адгукаецца пра тых, хто патрабуе ад яго інфармацыі, пэўна, ня ведаючы, што ягоныя словы запісваюцца.
На трэцім запісе, паводле ByPol, начальнік пухавіцкага АБЭЗ размаўляе з супрацоўніцай падаткавай інспэкцыі наконт падачы яму зьвестак пра ўсіх рэпэтытараў.
На чацьвёртым запісе, як сьцьвярджае ByPol, куратар з КДБ размаўляе з дырэктарам кампаніі, якая экспартуе лес, наконт таго, каб лясгасы перасталі працаваць зь дзьвюма лягістычнымі кампаніямі.
На пятым запісе, як сьцьвярджае ByPol, гучаць галасы начальніка 3-га ўпраўленьня ГУБАЗіК Міхаіла Бедункевіча і намесьніка начальніка крымінальнай міліцыі Менскай вобласьці Ігара Качалава. «Што па змагарʼю?», — пытаецца прадстаўнік ГУБАЗіК. Яго, як вынікае з размовы, цікавяць матэрыялы на тых, хто выходзіў у жніўні 2020 году пратэставаць у гарадах Менскай вобласьці, і каго яшчэ, як ён выразіўся, «не дабілі».
Шосты запіс — размова начальнікаў міжнародна-прававога ўпраўленьня пракуратуры і нацыянальнага бюро Інтэрполу ў Беларусі, сьцьвярджае ByPol. Прадстаўнік пракуратуры выказвае незадаволенасьць, што ў Інтэрпол не накіравалі матэрыялы на Дылеўскага (відаць, гаворка пра лідэра страйкаму МТЗ Сяргея Дылеўскага). На што ягоны суразмоўца адказвае, што Інтэрпол адмаўляе, бо запыты ідуць «з аднатыпнай фабулай». Ён кажа, што з такой фабулай будзе «чалавек, напэўна, тысяча», а ў іх і так праблема, што Інтэрпол адмаўляе ў вышуку. З адказу прадстаўніка пракуратуры вынікае, што варта турбавацца не пра рэакцыю Інтэрполу, а пра рэакцыю кіраўніцтва дзяржавы.
На сёмым запісе, паводле ByPol, размаўляюць намесьнік начальніка СК Менскай вобласьці Валер Калінін і ўжо згаданы ў пятым запісе Ігар Качалаў. Прадстаўнік СК кажа пра нізкую раскрывальнасьць спраў пратэстоўцаў, што гэтыя справы «нікому не цікавыя» і што «запалу ў іх раскрыцьці няма».
ByPol сьцьвярджае, што сілавікі, якія найбольш актыўна ўдзельнічалі ў задушэньні пратэстаў, знаходзяцца на асаблівым кантролі ўпраўленьня ўласнай бясьпекі. ByPol лічыць, што гэты кампрамат зьбіраецца на выпадак зьмены ўлады.
Днём раней беларускія кібэрпартызаны заявілі, што ўзламалі сэрвэры Дэпартамэнту забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці МУС, дзе захоўваюцца аўдыёзапісы праслухоўваньня мабільных размоваў.
Яны апублікавалі аўдыё трох тэлефонных размоваў, якія, як мяркуецца, адбываліся паміж прэс-сакратаркай Аляксандра Лукашэнкі Натальляй Эйсмант і камандзірам сталічнага АМАПу Дзьмітрыем Балабам, а таксама Балабам і адзінаборцам Дзьмітрыем Шакутам — так сьцьвярджаюць самі кібэрпартызаны.
ByPol сьцьвярджае, што займеў інфармацыю на кожнага з 55 тысяч атэставаных міліцыянтаў.
Пасьля таго як «Кібэрпартызаны» заявілі, што ўзламалі пашпартную сыстэму краіны, рэдакцыя тэлеканалу «Настоящее время» вырашыла пераканацца, ці праўда гэта, і назвала хакерам імёны і даты нараджэньня дваіх грамадзянаў, якія пагадзіліся паўдзельнічаць у экспэрымэнце. На пошук інфармацыі ў «Кібэрпартызанаў» пайшло некалькі хвілін: дасланае імі дасье ўключала поўныя пашпартныя зьвесткі, месца жыхарства і працы, а таксама тэхнічную інфармацыю, зьвесткі пра бацькоў аднаго з грамадзян і фота з пашпартоў у высокай якасьці.
У лістападзе 2020 году, пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі ў тэлеграм-каналах зьявіліся перамовы людзей, па галасах падобных да Лукашэнкавай прэс-сакратаркі Натальлі Эйсмант, кіраўніка фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава і шматразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе Дзьмітрыя Шакуты. Падобных да Шакуты і Баскава людзей бачылі ў двары на вуліцы Чарвякова («плошча Перамен»), дзе загінуў Раман Бандарэнка. На аўдыё яны дамаўляюцца, якім чынам будуць зразаць у дварах Менску бел-чырвона-белыя стужкі.
Што такое ініцыятыва ByPol
У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.
Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).
Цяпер ініцыятыва аб’ядноўвае ня толькі былых, а і дзейных беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.
У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім.