Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Калесьнікавай і Знаку — кампэнсацыя за траўмы Лукашэнкі


Прысуд Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку — гэта працяг расправы над камандай галоўнага апанэнта Лукашэнкі: Віктара Бабарыкі. Гэтым прысудам улады маркіруюць тых, хто ў іхных вачах зьяўляецца галоўнай пагрозай для аднаасобнай улады Лукашэнкі.

Сьцісла:

  • Надзвычай жорсткі прысуд вынесены па чыста «палітычных» артыкулах.
  • Марыя Калесьнікава і Максім Знак — адны з самых вядомых і буйных фігур леташніх прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Невыпадкова суд зрабілі закрытым. Бо стварэньне Каардынацыйнай рады ніяк ня цягне на абвінавачваньне ў экстрэмізьме і замаху на ўладу.
  • 11 гадоў зьняволеньня Марыі Калесьнікавай — гэта помста за ўсе гендэрныя траўмы Лукашэнкі мінулага году.

Нават паводле сёньняшніх беларускіх рэпрэсіўных стандартаў прысуд Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку выглядае надзвычай жорсткім: 11 і 10 год калёніі адпаведна.

Таму адразу ўзьнікае пытаньне: чаму, з якой прычыны такая бязьлітаснасьць?

Калі падыходзіць фармальна, то тыя артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх іх абвінавацілі, не давалі спадзеваў на літасьць. Артыкулы чыста «палітычныя», ніякай там звыклай гульні ў нясплачаныя падаткі ці яшчэ ў нейкія эканамічныя зачэпкі.

Марыя Калесьнікава і Максім Знак — самыя вядомыя і буйныя фігуры мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбараў. Іншыя ўдзельнікі той выбарчай кампаніі альбо трапілі за краты яшчэ да рэальнага яе пачатку (Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Віктар Бабарыка), альбо зьехалі зь Беларусі (Сьвятлана Ціханоўская, Валеры і Вераніка Цапкалы).

Прысуд Калесьнікавай і Знаку — гэта працяг расправы над камандай галоўнага апанэнта Лукашэнкі: Віктара Бабарыкі. Яны былі мэдыйнымі тварамі ягонай выбарчай кампаніі. Сам Бабарыка атрымаў 14 гадоў, ягоныя паплечнікі — 11 і 10 гадоў. Гэтым прысудам улады маркіруюць тых, хто зьяўляецца галоўнай пагрозай для ўлады Лукашэнкі.

Невыпадкова суд зрабілі закрытым. Бо стварэньне Каардынацыйнай рады ніяк ня цягне на абвінавачаньне ў экстрэмізьме і замаху на ўладу.

Расправа над Марыяй Калесьнікавай асабліва адметная. Падаецца, застаўся трохі недаацэнены гендэрны чыньнік мінулагодняй кампаніі. Дадатковай псыхалягічнай траўмай для Лукашэнкі стала тое, што лёгіка палітычнага працэсу прымусіла яго змагацца менавіта з жанчынамі. Гэтая маральная стрэмка ў ягонай сьвядомасьці вылілася ў вядомую фразу: «Я з жанчынамі не ваюю». Насамрэч якраз давялося ваяваць, што для яго было ўдвая непрыемней. І ў гэтым змаганьні ён шмат страціў у вачах грамадзтва.

Спачатку Лукашэнку давялося перажыць стрэс, калі Марыя Калесьнікава разам са Сьвятланай Ціханоўскай і Веранікай Цапкалай езьдзілі па гарадах Беларусі, дзе іх сустракалі вялізныя натоўпы. Потым была палітычная параза ад Сьвятланы Ціханоўскай.

І, нарэшце, гераічны ўчынак, які зьдзейсьніла Марыя. Яе зьбіраліся выдварыць ва Ўкраіну, але яна парвала свой пашпарт і вярнулася ў Беларусь. Калесьнікава зламала сцэнары ўладаў і тым самым натхніла сваім учынкам шмат людзей, асабліва жанчын, што, магчыма, пэўным чынам паўплывала на масавасьць вулічнага пратэсту восеньню 2020 году. Гэта быў асабісты выклік Лукашэнку. Прычым выклік з боку жанчыны.

Таму 11 гадоў зьняволеньня Марыі Калесьнікавай — гэта помста за ўсе гендэрныя траўмы мінулага году.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG