Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 6 верасьня: «хатняя хімія» за абразу міліцыянта, штраф пэнсіянэрцы, грамадзкія працы за сарваны сьцяг


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі суды не перастаюць выносіць палітычна матываваныя прысуды за пратэсты супраць кіраваньня Лукашэнкі, абразу чыноўнікаў і міліцыянтаў.

Заўзятара асудзілі на грамадзкія працы за сарваны сьцяг

Міхаіла Шарманава пакаралі 2 месяцамі грамадзкіх працаў, бо сарваў дзяржаўны сьцяг на хакейным матчы. Прысуд вынес суд Заводзкага раёну Менску 6 верасьня, перадае «Вясна».

Справу разглядала судзьдзя Алена Капцэвіч.

Выпадак адбыўся на хакейным матчы паміж камандамі Гомля і «Юнацтва» ў менскай «Чыжоўка-Арэне» 3 красавіка. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён нібыта ў стане алькагольнага ап’яненьня сарваў з флягштоку дзяржаўны сьцяг і кінуў на падлогу — зьнявага дзяржаўных сымбаляў (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Фігурант аспрэчыў, што быў нападпітку. Свой учынак патлумачыў эмоцыямі, бо ягоная каманда прайгравала.

Супрацоўнікаў культурнага цэнтру «Корпус» пакаралі суткамі за «непадпарадкаваньне міліцыянтам»

6 верасьня ў судзе Савецкага раёну адбыліся суды над затрыманымі 2 верасьня супрацоўнікамі культурнага цэнтру «Корпус», паведамілі праваабаронцы «Вясны». На дырэктара, арт-мэнэджара і ды-джэя Аляксандра Багданава («Папу Бо»), сцэнографа Максіма Крука і арганізатарку культурных імпрэзаў Лізавету Неўмяржыцкую ў Савецкім РУУСе склалі пратаколы паводле артыкулу 24.3 КаАП за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Іх справы пачалі разглядаць 3 верасьня, але суд адправіў іх на дапрацоўку. У выніку, 6 верасьня Аляксандра Багданава і Максіма Крука арыштавалі на 10 сутак, а Лізавету Неўмяржыцкую — на 8 сутак.

Пакараную «хіміяй» пэнсіянэрку яшчэ і аштрафавалі

Берасьцейскую актывістку Алену Гнаўк пакаралі штрафам у памеры 87 рублёў у рамках адміністрацыйнай справы паводле арт.25.1 (парушэньне парадку судовага паседжаньня).

«За бяскрыўдны здымак судзьдзі Дзьмітрыя Куроўскага ў момант агучваньня мне прысуду — 3 гады “хатняй хіміі” за “абразу прэзыдэнта”. Далі аж тры базавыя велічыні», — патлумачыла сутнасьць прэтэнзій Алена Гнаўк.

Гэтым разам пэнсіянэрку пакараў судзьдзя Ленінскага раёну Берасьця Дзьмітры Шурын.

3 верасьня ў судзе Ленінскага раёну Берасьця вынесьлі прысуд 64-гадовай Алене Гнаўк. Сьледам яе затрымалі за фільмаваньне прамовы судзьдзі Дзьмітрыя Куроўскага падчас абвяшчэньня выраку.

Той прызнаў жанчыну вінаватай у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і прысудзіў 2 гады «хатняй хіміі». Аднак праз тое, што яна з 24 ліпеня адбывае іншае пакараньне (у траўні пакаралі 2 гадамі «хатняй хіміі» ў так званай «карагоднай справе»), усяго ёй належыць адбыць 3 гады.

Іншы судзьдзя, Дзьмітры Шурын, расцаніў фільмаваньне вэрдыкту «парушэньнем парадку судовага паседжаньня».

2 гады «хатняй хіміі» за абразу міліцыянта

Дзьмітры Бубенчык з Баранавічаў апынуўся на лаве падсудных праз абвінавачаньне ў абразе міліцыянта. Ён у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» пакінуў камэнтар «яшчэ адна гніда лукашызму» пад публікацыяй Вольгі Карач з выявай супрацоўніка міліцыі — старшага ўчастковага інспэктара Першамайскага раёну Бабруйску Андрэя Комара, піша «Вясна».

Гэты выраз, паводле лінгвістычнай экспэртызы, «зьяўляецца абразьлівым, грубым, мае нэгатыўную ацэнку Комара, зьяўляецца ненарматыўнай формай выказваньня».

Дзьмітры Бубенчык віну прызнаў цалкам. Патлумачыў, што ў той дзень прыйшоў з працы і прачытаў інфармацыю пра тое, што супрацоўнік міліцыі Комар ілжэсьведчыў у судах супраць людзей, а іх потым каралі «суткамі». Паверыў апублікаванай інфармацыі, таму напісаў такі камэнтар. У той момант «на 50% усьведамляў, што напісанае можа абразіць Комара».

Суд пастанавіў пакараць Дзьмітрыя 2 гадамі «хатняй хіміі».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG