Футбольны паядынак дзьвюх наймацнейшых на гэты момант зборных Паўднёвай Амэрыкі ў адборачным турніры да чэмпіянату сьвету – 2022 скандальна спыніўся ўжо на 4-й хвіліне.
За дзьве гадзіны да матчу Канфэдэрацыя футболу Паўднёвай Амэрыкі дасягнула кампрамісу з уладамі штату Сан-Паўлу пра абавязковае правядзеньне сустрэчы пасьля таго, як зьявілася інфармацыя аб чатырох гульцах зборнай Аргентыны, якія парушылі правілы перасячэньня мяжы ва ўмовах пандэміі COVID-19. Нацыянальнае агенцтва аховы здароўя Бразыліі паведаміла, што Эмільяна Мартынэс, Эмільяна Буэндыя, Джавані Лё Сэльса і Крыстыян Рамэра на мяжы падалі хлусьлівыя зьвесткі пра свае кантакты ў апошнія два тыдні.
Матч вырашылі праводзіць, аднак на самым старце на поле ўварваліся сілы правапарадку і прадстаўнікі санітарнай службы, каб затрымаць квартэт гульцоў.
Высьветлілася, што чацьвёра гульцоў зборнай Аргентыны напярэдадні былі ў Вялікай Брытаніі, дзе гуляюць за мясцовыя клюбы, але на мяжы не паведамілі пра гэта, хаця цяперашнія дырэктывы санітарных службаў Бразыліі абмяжоўваюць прыезд іншаземцаў з Брытаніі з прычыны ўспышкі новага штаму каранавірусу.
Нацыянальнае агенцтва аховы здароўя Бразыліі запатрабавала ад фэдэральнай паліцыі Сан-Паўлу затрымаць і дэпартаваць з краіны чацьвярых аргентынцаў, якія схавалі сапраўдныя зьвесткі. На знак пратэсту ўся зборная Аргентыны пакінула поле, а яе капітан Ліянэль Мэсі зьвярнуўся да прадстаўнікоў бразыльскіх уладаў з пытаньнем, што паліцыя і санітарныя службы рабілі папярэднія тры дні, якія зборная Аргентыны знаходзілася на тэрыторыі Бразыліі пасьля перасячэньня мяжы.
Лёс матчу невядомы, як і далейшыя дзеяньні і санкцыі да парушальнікаў. Паводле goal.com, праз 5 гадзін пасьля спыненьня матчу зборная Аргентыны ў поўным складзе села ў самалёт, каб пакінуць Бразылію.
Бразылія — адна з найбольш пацярпелых ад пандэміі COVID-19 краін сьвету. Згодна з Worldometers, яна займае 3-е месца пасьля ЗША і Індыі ў агульнай колькасьці зафіксаваных захворваньняў (20 млн 890 тыс.) і 2-е пасьля Злучаных Штатаў у колькасьці сьмяротных выпадкаў (583 628 чалавек).
Прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару доўга адмаўляў сур’ёзнасьць каранавірусу, аднак сам перахварэў на яго. Дзеяньні ўладаў у аспрэчваньні цяжкасьці хваробы неаднаразова выклікалі буйныя пратэсты ў розных рэгіёнах краіны, а таксама сутыкненьні прыхільнікаў Балсанару зь ягонымі праціўнікамі.
Улетку 2021 году Бразылія прыняла Кубак Амэрыкі, аднак ён праз каранавірусныя абмежаваньні адбыўся без гледачоў на трыбунах.
Затрыманьні і арышты проста на футбольным полі — надта рэдкая зьява. Паліцыя зазвычай выходзіць на поле толькі для прадухіленьня фанацкіх боек і пагромаў на стадыёне або для выправаджэньня выдаленых гульцоў, якія адмаўляюцца дабраахвотна пакінуць поле.
Аднак здараліся й выпадкі арыштаў у справах, не зьвязаных са спортам. Напрыклад, у 2013 годзе ў Румыніі на поле падчас матчу 4-й лігі ўварваўся спэцназ, каб арыштаваць аднаго з гульцоў за ўдзел у арганізаванай злачыннай групоўцы. Той спрабаваў уцячы, зьмяшаўся з натоўпам, але быў выкрыты. Відэа затрыманьня абляцела ўсе сусьветныя СМІ, усіх удзельнікаў гульні паклалі тварам долу, каб знайсьці падазраванага.
У тым жа годзе ў Ізраілі ў час сустрэчы камандаў з Рышону і Верхняга Назарэту арыштавалі гульца за нявыплату алімэнтаў былой жонцы. У 2017 годзе паліцыя перарвала матч чэмпіянату Бразыліі, каб затрымаць футбаліста праз падазрэньне ў рабаваньні крамы. У студзені 2020 году на Мальце футбаліста каманды другой лігі затрымалі на полі за напад на арбітра.