«Глядзець на тое ўбоства, якое дэманструе футбол, недапушчальна, — заявіў ён падчас адкрыцьця дзіцяча-юнацкага цэнтру клюбу „Дынама-Менск“. — „Бліскучая“ гульня нацыянальнай зборнай, якая саступіла Чэхіі ў кваліфікацыі чэмпіянату сьвету, выступ „маладзёжкі“ супраць Ісьляндыі. Я кіраўніку фэдэрацыі задаў пытаньне: навошта футбалістаў выпусьцілі на поле? Яны ж выйшлі адпачыць! Сорамна было глядзець на фоне ісьляндцаў», — абурыўся Лукашэнка.
Літаральна за некалькі дзён да таго ён абрынуўся на хакеістаў, якія завалілі алімпійскую кваліфікацыю і чарговы раз ня трапілі на Алімпіяду (апошні раз выступалі ў 2010 годзе ў Ванкувэры).
Лукашэнка запатрабаваў, каб ад сродкаў, якія дзяржава ўкладае ў спорт, быў вынік, і пацікавіўся, які цяпер сярэдні заробак асноўнага складу таго ж менскага «Дынама». Падначаленыя сказалі, што паводле падпісаных раней кантрактаў прыкладна 5000 даляраў.
Аднак, як удакладніў міністар спорту і турызму Сяргей Кавальчук, ужо прынятая ўрадавая пастанова, якая прадугледжвае зьмяншэньне сумы прыкладна да 3000–3200 даляраў. І тое толькі для топавых футбалістаў, астатнія будуць мець яшчэ меней.
«Урэгуляваная неабгрунтавана завышаная заробная плата футбалістаў, на якую накіроўваюць дзьве траціны выдаткаў клюбу. Верхняя мяжа цяпер вызначаная для гульцоў на ўзроўні 8000 рублёў, для трэнэраў — 4000. Паводле хакейнага прынцыпу, для пяці футбалістаў і галоўнага трэнэра столь заробку абмежаваная 40 000 рублёў, што дасьць магчымасьць камплектаваць каманду футбалістамі высокага ўзроўню для выступаў у эўракубках», — расказаў спартовы чыноўнік.
Таксама, па ягоных словах, урэгулявалі сыстэму прэміяльных. Раней яны выплочваліся за кожную перамогу, забіты гол або галявы пас, незалежна ад выніковага месца ў турнірнай табліцы. Але чамусьці за прагуляныя сустрэчы і прапушчаныя мячы нічога не адымалася, панаракаў ён.
Таму, каб усе клюбы былі ў роўных умовах, вызначалі прэміяльны ліміт па выніках сэзону. Памер будзе вагацца ў залежнасьці ад занятага месца.
«Абмежаваўшы заробак гульцам і ўвёўшы кантроль за выплатамі футбольным агентам, мы пераканаліся: гэта правільнае рашэньне яшчэ адной праблемы — вымываньня грошай рознымі пасярэднікамі. Менавіта з боку такіх асобаў цяпер падымаецца нэгатыў у апазыцыйнай прэсе і дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсах», — падсумаваў кіраўнік спартовага ведамства.
У сваю чаргу старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў назваў галоўных вінаватых за ўсе няўдачы апошняга часу. Гэта замежныя легіянэры, якія праядаюць клюбныя грошы і не даюць разьвівацца маладым мясцовым талентам.