Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 3 верасьня. Інжынэра асудзілі на 5 гадоў калёніі за допіс у чаце, затрымалі ды-джэя «Папу Бо»

абноўлена

Клетка падсудных у судовай залі, ілюстрацыйнае фота
Клетка падсудных у судовай залі, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў і палітвязьняў. Свабода сочыць за падзеямі.

У Ваўкавыску за адно паведамленьне ў тэлеграм-чаце інжынэра пакаралі 5 гадамі калёніі

2 верасьня судзьдзя Ваўкавыскага раёну Мікалай Талашка адправіў на 5 гадоў у калёнію ўзмоцненага рэжыму інжынэра Андрэя Крылова. Мужчыну абвінавацілі ў закліку да ўдзелу ў масавых беспарадках у тэлеграм-чаце «Банда лукі». Віну Крылоў не прызнаў, паведаміла «Вясна».

Навапалачаніна за налепку з «Пагоняй» зьмясьцілі ў ізалятар

У Наваполацку за налепку з «Пагоняй» на багажніку аўтамабіля затрымалі Вадзіма Міхайлава. Ён работнік «Паліміра» і намесьнік старшыні першаснай арганізацыі незалежнага прафсаюзу «Нафтану». Да панядзелка, калі будзе суд, яго пакінулі ў ізалятары, паведаміў тэлеграм-канал «Стачка Нафтана».

5 гадоў «хатняй хіміі» за ўцёкі ад людзей у чорным

3 верасьня ў судзе Партызанскага раёну Менску судзьдзя Гутарэвіч пакараў Уладзімера Долбіка 5 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.

Летась уначы з 9 на 10 жніўня, калі Ўладзімер Долбік спыніўся на сваёй машыне на чырвонае сьвятло, да яе падбеглі людзі ў чорным і балаклавах, пачалі торгаць ручкі, накіроўваць зброю ў бок пасажыраў, выбілі шыбу.

Долбік зьехаў, бо людзі ў чорным без апазнавальных знакаў не асацыяваліся ў яго з супрацоўнікамі міліцыі.

За гэта яго абвінавацілі ў супраціве сілавікам (ч. 2 арт.363 КК). Долбік з абвінавачваньнем не пагадзіўся і заявіў, што не чыніў гвалту.

Ён таксама мусіць прайсьці прымусовае псыхіятрычнае лячэньне і выплаціць па тысячы рублёў тром пацярпелым амапаўцам.

Год «хатняй хіміі» за абразу начальніка Ганцавіцкага РАУС

У судзе Бабруйскага раёну і Бабруйску вынесьлі прысуд па крымінальнай справе Ўладзімера Віткоўскага, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ): судзьдзя Дзьмітры Крэнжыеўскі пастанавіў пакараць мужчыну адным годам абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, ноўтбук канфіскаваць як сродак зьдзяйсьненьня злачынства. Пракурор Ірына Ісакава прасіла суд пакараць Віткоўскага годам «хіміі» і прызначыць штраф у памеры 150 базавых велічыняў, паведамляе «Вясна».

Паводле абвінавачваньня, мужчына ў стане алькагольнага ап’яненьня 24 чэрвеня 2020 году пакінуў абразьлівы камэнтар «п*дар» пад фатаздымкам начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталя Куляшова і тэкстам на ім: «Гэта я аддаў загад затрымліваць, зьбіваць і душыць мірных дэманстрантаў і журналістаў у Ганцавічах», які быў разьмешчаны на старонцы Вольгі Карач у «Одноклассниках».

Віткоўскі прызнаў віну цалкам і ў судзе патлумачыў, што з Куляшовым знаёмы ня быў, ня памятае дакладна падзей таго дня, але пад фота было шмат камэнтароў зь ненарматыўнай лексыкай, і ён таксама напісаў камэнтар пад уплывам эмоцыяў ад таго, што прачытаў у тэксьце на выяве зь міліцыянтам. Пад гэтым фатаздымкам на старонцы Вольгі Карач было 252 камэнтары, у якіх, паводле аналізу экспэрта-лінгвіста, «мелася нэгатыўная ацэнка пацярпелага Куляшова».

Настаўніка музычнага каледжа імя Глінкі асудзілі на 15 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

35-гадовага Аляксандра Цярэшчанку затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, інфармацыя пра гэта 1 верасьня зьявілася на праўладных тэлеграм-каналах, потым з настаўнікам запісалі «пакаяльнае відэа», піша «Вясна назірае». Суд над ім прайшоў 3 верасьня фактычна ў закрытым рэжыме, бо ў раскладзе судоў ягонай справы не было. Судзьдзя Цэнтральнага раёну Вікторыя Шабуня прызнала Цярэшчанку вінаватым па арт. 19.11 КаАП («распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў») і прысудзіла 15 сутак арышту.

Дацэнта ПГУ асудзілі на 15 сутак «за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Дацэнту Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Віктару Якубаву, якога затрымалі 3 верасьня, прысудзілі 15 сутак арышту за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч.2 арт. 19.11 КаАП), паведамляе телеграм-канал «Полацк / Наваполацк Live». У мінулым годзе выкладчыка двойчы арыштоўвалі на 15 сутак за «ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах») па артыкуле 23.34 КаАП.

Web-дызайнэрку затрымалі пасьля ператрусу, дапыталі ў ГУБАЗіКу, а арыштавалі на 15 сутак за непадпарадкаваньне ўчастковаму РУУС

Сёньня асудзілі на 15 дзён арышту 26-гадовую Анастасію Рокач — IT-дызайнэрку, былую супрацоўніцу кампаніі «Wargaming». У судзе Цэнтральнага раёна справу Анастасіі разгледзела судзьдзя Вікторыя Шабуня, піша «Вясна».

Анастасію затрымалі 1 жніўня. Па словах дзяўчыны, каля 14:00 яны з мужам былі дома, працавалі. Да іх пагрукаліся трое супрацоўнікаў міліцыі, пасьведчаньне паказаў толькі адзін зь іх. Дома пасьля ператрусу забралі ўсю тэхніку, Анастасію павезьлі ў ГУБАЗіК на допыт, які доўжыўся каля 30 хвілін. Пасьля допыту Рокач павезьлі ў Цэнтральны РУУС, на тэрыторыі якога, згодна з пратаколам, яна аказала непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі: упіралася і чаплялася за яго адзеньне. Дзяўчына кажа, што ішла самастойна і нават ня ведае, колькі супрацоўнікаў шлі побач, бо ёй не дазвалялі падымаць галавы. Віну сваю Анастасія не прызнала.

Сьведка-міліцыянт на судзе заявіў, што Рокач затрымалі па падазрэньні ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве раніцай 1 верасьня. Ён сьцьвярджаў, што ня ведае сваіх калегаў, зь якімі затрымліваў Рокач, дома падчас ператрусу мужа Анастасіі ня бачыў, бо не хадзіў па ўсіх пакоях (сям’я жыве ў аднапакаёвай кватэры), а непадпарадкаваньне доўжылася каля хвіліны.

Муж Анастасіі Ільля Рокач — экс-сьледчы Цэнтральнага раёну, якія расьсьледаваў эканамічныя і карупцыйныя справы. У сьнежні мінулага году яго аштрафавалі на 30 базавых велічыняў за БЧБ-сьцяг на бальконе.

Затрыманых працаўнікоў культцэнтру «Корпус» зьмясьцілі на Акрэсьціна

Паводле зьвестак тэлеграм-каналу By_culture, 2 верасьня супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі ў культцэнтры «Корпус»

  • дырэктара, арт-мэнэджара і дыджэя ўстановы Аляксандра Багданава («Папу Бо»),
  • сцэнографа Максіма Крука і
  • арганізатарку культурных імпрэзаў Лізавету Неўмяржыцкую.

Усіх вінавацяць у вырабе, захоўваньні і распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У Аляксандра Багданава пры ператрусе канфіскавалі дыджэйскі пульт.

3 верасьня судзьдзя накіраваў справу на дапрацоўку.

Цяпер затрыманыя ў ізалятары на Акрэсьціна.

У Берасьці падсудную затрымалі падчас вынясеньня прысуду

У Берасьці 64-гадовую актывістку Алену Гнаўк затрымалі ў судовай залі за тое, што яна здымала на відэа, як судзьдзя зачытваў ёй прысуд. Зь Ленінскага суду яе адвезьлі ў Ленінскі пастарунак, паведаміла «Весна Брест». Уручыўшы позву на панядзелак 5 верасьня, Алену Гнаўк вызвалілі. У чым яе вінавацяць, пакуль невядома.

Горадзенскі блогер Vadimati можа ня выйсьці на волю пасьля адбыцьця арышту

На папулярнага горадзенскага блогера Vadimati (Вадзіма Ермашука) склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол за парушэньне грамадзкага парадку. Суд пройдзе ў Горадні, блогеру могуць дадаць да 15 сутак арышту.

Ермашука затрымалі 16 жніўня. Цяпер гарадзенец адбывае 27 дзён арышту ў Шчучынскім ІЧУ за тое, што нібыта заклікаў на незаконнае спартовае мерапрыемства, калі вывучаў досьвед скейт-паркаў у беларускіх гарадах, каб адкрыць падобную пляцоўку ў Горадні.

Раней Vadimati наведваў многія «палітычныя» суды ў Горадні і расказваў пра іх у сваім інстаграме з 45 тысячамі падпісчыкаў, запісваў відэаролікі ў іранічным вобразе «народнага дэпутата».

У шматдзетнай сямʼі Онахавых-Жураўлёвых з Пружанаў правялі ператрус

Забралі пляншэты, тэлефоны, камэру GoPro і электронны ключ для падатковай, паведаміла «Наша Ніва».

На маці, Вікторыю, завялі крымінальную справу аб паклёпе на Лукашэнку — за допіс у чаце. Яна выхоўвае 7 родных і 6 прыёмных дзяцей.

Сьледзтва наклала арышт на яе маёмасьць, жанчына на свабодзе.

Вікторыя займае актыўную грамадзянскую пазыцыю, неаднаразова зьвярталася да ўладаў у пытаньнях паляпшэньня адукацыі, інфраструктуры ў Пружанах.

Яшчэ адзін Тэлеграм-канал прызналі экстрэмісцкім

Паводле заявы Генэральнай пракуратуры Беларусі, тэлеграм-канал «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси» прызнаны экстрэмісцкім.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG