Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Слова „суд“ у лістах бярэ ў двукосьсі». Ігар Лосік 435 дзён за кратамі


Суд у справе блогера і кансультанта Радыё Свабода цягнецца ўжо больш за два месяцы. Блізкія палітвязьня ня ведаюць ніякіх падрабязнасьцяў аб працэсе.

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах. Суд у яго справе пачаўся амаль роўна праз год пасьля затрыманьня, 24 чэрвеня 2021-га. Ігара судзяць разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам, Уладзімерам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзьмітрыем Паповым. Працэс ідзе за зачыненымі дзьвярыма на тэрыторыі гомельскага СІЗА № 3, дзе трымаюць усіх абвінавачаных. Ніхто зь іхных блізкіх ня можа на яго трапіць, усе адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаваньні, яны ня могуць расказваць ня толькі аб падрабязнасьцях справы, але і пра тое, хто судзіць Ігара і іншых і хто прадстаўляе дзяржаўнае абвінавачаньне.

Жонка Ігара Дар’я Лосік ад самага пачатку суду кожны дзень працэсу знаходзіцца побач з будынкам СІЗА ў Гомлі. Ёй адмовілі ў праве прысутнічаць на працэсе, аднак Дар’я ўсё адно чакае вынікаў працэсу там.

«Я тут кожны дзень, з аўторка па пятніцу, як ідзе суд, — расказвае Дар’я. — Прыяжджаю з Баранавічаў у Гомель у панядзелак увечары. Ужо больш за два месяцы так. Але па-ранейшаму нічога невядома ні пра ход працэсу, ні пра тое, калі ён скончыцца. Ніякіх тэрмінаў не называюць. Я нават ня ведаю, на якім этапе працэс. Мяне тут людзі ўжо пазнаюць часам. Калі надвор’е дазваляе, я тут на лавачцы сяджу, дзе перадачы прымаюць. Людзі падыходзяць пагаварыць, спытаць, як справы. Я ўжо шмат каго ведаю, хто прыносіць перадачы сваім родным. Ня толькі „палітычным“, абсалютна розным людзям».

Па словах Дар’і, у апошнія тыдні сувязь з Ігарам празь лісты наладзілася. Яны вельмі дрэнна даходзілі пасьля пачатку працэсу і прыкладна да 9 жніўня. Але цяпер усё значна лепш.

«Раней альбо адзін ліст даходзіў на тыдзень, альбо ўвогуле нічога, — расказвае Дар’я. — Цяпер стала лепш. Ад 2 да 5 лістоў мне за тыдзень прыходзіць. Я іх атрымліваю, калі вяртаюся з Гомля ў Баранавічы ў пятніцу. Настрой у Ігара мяняецца вельмі, калі меркаваць па лістах. Піша, што стамляецца ад таго, што нехта вырашыў вось так усё зрабіць. Каб чалавек сядзеў бязь нейкай віны. Піша, што назваць гэта судом у прынцыпе немагчыма, называе працэс „зьдзекамі“. Піша, што так і ня змог зразумець падчас працэсу, у чым ён вінаваты. Калі піша пра суд, то само гэтае слова заўсёды бярэ ў двукосьсі. Сама я б назвала гэта ўсё цыркам, але думаю, што цэнзура такі выраз не прапусьціць».

У чым абвінавачваюць Ігара Лосіка, дакладна не вядома. Адвакат ня можа назваць усіх артыкулаў, паводле якіх абвінавачваюць яго падабароннага. Такія ўмовы падпіскі аб невыдаваньні, якую даў абаронца. Вядомыя толькі два з трох артыкулаў абвінавачваньня — частка 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых беспарадках»), а таксама артыкул 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

У канцы жніўня Юры Васкрасенскі заявіў, што ўключыў Ігара Лосіка ў сьпіс першых ста палітвязьняў, якіх ён мае намер прапанаваць вызваліць Лукашэнку. Родныя Лосіка і ён сам гэтай інфармацыі не камэнтуюць. Сяргей Ціханоўскі на пачатку верасьня паведаміў з-за кратаў, што ніхто з абвінавачаных у яго справе прашэньня аб памілаваньні на імя Лукашэнкі не пісаў.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG