У Беларусі ёсьць кандыдатура на пасаду амбасадара ў ЗША, але ў цяперашніх умовах няма сэнсу яго туды накіроўваць. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, перадае БелТА.
«Адносіны з ЗША, як і зь любой іншай дзяржавай, для нас заўсёды актуальныя. Мы ў свой час займаліся падборам кандыдатуры амбасадара ў ЗША. Больш за тое, у нас ёсьць гэтая кандыдатура, але ў цяперашніх умовах, натуральна, няма сэнсу накіроўваць нашага амбасадара ў ЗША ў сувязі з тымі санкцыйнымі дзеяньнямі, якія былі зробленыя гэтай краінай у адносінах да Беларусі», — заявіў кіраўнік МЗС.
Уладзімер Макей падкрэсьліў, што «менавіта ЗША ўвялі санкцыі супраць Беларусі, мы вымушаныя былі даць адэкватны адказ на тыя агрэсіўныя крокі, якія былі зробленыя ў адносінах да Беларусі».
Ён патлумачыў, чаму Менск скасаваў згоду на прыезд амбасадаркі ЗША Джулі Фішэр.
«У гэтых умовах мы, натуральна, не палічылі магчымым мець у Беларусі такога амбасадара, як спадарыня Фішэр, і адклікалі агрэман. Таму што, не пасьпеўшы прыехаць у краіну, яна зрабіла ўжо столькі абразьлівых заяваў у дачыненьні да Беларусі і яе народу, што яе знаходжаньне тут у дадзенай сытуацыі не было б мэтазгодным», — сказаў міністар.
Ён таксама выступіў з крытыкай сайта амбасады ЗША ў Беларусі, назваўшы яго «прапагандысцкай агіткай супраць дзейнай улады».
«Гэта ня сайт замежнай установы, якая закліканая аналізаваць сытуацыю ў краіне, умацоўваць адносіны паміж дзяржавамі, чым і займаецца дыпляматыя. Гэта нейкая прапагандысцкая агітка супраць дзейнай улады. Як да гэтага ставіцца? Гэта абсалютна варожыя дзеяньні ў адносінах да Беларусі. І гаворка тут не ідзе ні пра якае ўмацаваньне сувэрэнітэту і незалежнасьці, пра што заўсёды нам спрабуюць гаварыць нашы амэрыканскія партнэры», — сказаў Макей.
- Амбасада ЗША неаднаразова выступала з асуджэньнем стану правоў чалавека ў Беларусі.
- Днямі беларускі бок запатрабаваў ад ЗША скараціць пэрсанал свайго дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Беларусі да 5 чалавек.