«Людміла Чэкіна сьвяткуе свой 48-ы дзень нараджэньня за кратамі толькі таму, што Tut.by падаваў аб’ектыўныя навіны, заснаваныя на фактах», — гаворыцца ў заяве дыпляматычнай місіі.
З пэрсанальнай заявай выступіла і прызначаная амбасадаркай ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр. Яна пракамэнтавала масавыя ператрусы і рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзкіх аб’яднаньняў.
«Бязьлітасная кампанія рэжыму Лукашэнкі па крыміналізацыі незалежных галасоў, праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасьці зьяўляецца адхіленьнем у сучаснай Эўропе і прычынай міжнароднай ізаляцыі Беларусі», — адзначыла яна.
14 ліпеня па ўсёй Беларусі прайшла чарговая хваля ператрусаў, канфіскацый тэхнікі, затрыманьняў журналістаў, актывістаў і праваабаронцаў.
Пад рэпрэсіі падпалі блізу двух дзясяткаў арганізацый, сярод якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў, Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend, Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацыі ды іншыя.