На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
Гарэцкі
- Гэта фармальная ліквідацыя.
- БАЖ — гэта ня проста запіс у рэестры юрыдычных асобаў.
- Ня варта было нават спадзявацца на тое, што ўлада з кімсьці пра штосьці будзе дамаўляцца.
- Апошнія месяцы ўлада працуе ў фармаце: ператрус, затрыманьне супрацоўнікаў арганізацыі, а потым ліквідацыя.
- Ня ведаю, чым мы маглі паступіцца дзеля захаваньня сваёй рэгістрацыі.
- Галоўнае нашае патрабаваньне — гэта вызваленьне 27 журналістаў, якія ў няволі.
- Гэтае патрабаваньне гучыць ня толькі ад БАЖ, але і ад усіх міжнародных журналісцкіх структураў.
- З намі ніякага торгу ўлады не вялі, і яго не магло быць.
- Калі ў нас запатрабавалі дакумэнты, нам ужо ўсё было зразумела.
- Яны вельмі цікава рэагавалі: казалі, вы запомніце, як дакумэнты былі складзеныя, каб мы не паблыталі, калі вам будзем іх вяртаць.
- Выглядае, што рашэньне аб ліквідацыі БАЖ прымалася не ў Міністэрстве юстыцыі.
- Добра, што яны не пайшлі шляхам абвяшчэньня БАЖ экстрэмісцкай арганізацыяй.
- Хоць я б і не зьдзівіўся, калі б яны пайшлі на прызнаньне экстрэмісцкай арганізацыяй нават чальца Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў.
- Яны знайшлі ў нас парушэньні, але мы нязгодныя з тым, што гэта парушэньні.
- Яны казалі, што ў нас не працягнутая дамова арэнды. Мы паказваем у дамове радок, што яна аўтаматычна працягваецца, калі бакі яе не касуюць.
- Папярэджаньне пра арэнду прыйшло на наступны дзень пасьля таго, як у нас у офісе прайшоў ператрус.
- Мы не маглі даць адказ Мін'юсту, бо ў нас канфіскавалі пячатку.
- Аднак Мін'юст даслаў чарговае папярэджаньне за тое, што не адказалі на папярэдняе.
- Палагодзілі б гэтае пытаньне, знайшлося б нешта іншае.
- У такім працэсе цяпер знаходзяцца многія арганізацыі.
- Закрыцьцё вядомай журналісцкай арганізацыі не застанецца незаўважаным у сьвеце.
- Уся міжнародная супольнасьць на баку здаровых сілаў, на баку якаснай журналістыкі.
- Прамых рычагоў уплыву на беларускую сытуацыю ў мэдыйнай супольнасьці няма.
- Міжнародная фэдэрацыя журналістаў, безумоўна, будзе працягваць лічыць сваімі чальцамі чальцоў фармальна ліквідаванага БАЖу.
- У лютым, пасьля ператрусу і затрыманьня мяне і кіраўніка БАЖ Андрэя Бастунца, я думаў, што нас пасадзяць на гады.
- Але нас вызвалілі і нават далі магчымасьць правесьці зьезд асацыяцыі.
- Мы будзем як фізычныя асобы імкнуцца дапамагаць усім БАЖаўцам, якія зазнаюць перасьлед.
- За гэты год у розных мэдыя прайшло 140 ператрусаў.
- Сёньня на Львоўскім мэдыяфоруме каманда парталу Zerkalo — былая каманда Tut.by — расказала пра рост іх аўдыторыі.
- Беларусы вяртаюцца на гэты партал.
- Попыт на свабодную журналістыку застаецца.
Што было раней
- 27 жніўня Вярхоўны суд разгледзеў і задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.
- Падстава для ліквідацыі палягае ў тым, што Беларуская асацыяцыя журналістаў ня выправіла парушэньняў, якія выявіла Міністэрства юстыцыі падчас праверкі, распачатай у чэрвені.
- Кіраўніцтва арганізацыі катэгарычна ня згоднае з такімі высновамі.
- 16 лютага ў офісе БАЖ прайшоў першы ператрус. Пасьля гэтага прадстаўнікоў арганізацыі некалькі разоў выклікалі ў Сьледчы камітэт для допытаў, цягам месяца офіс быў апячатаны. У чэрвені-ліпені кантралёры зьявіліся зноў, цяпер усялякая дзейнасьць фактычна спаралізаваная.
- 21 чэрвеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі правярае цэлы шэраг НДА, многія цяпер ужо ліквідаваныя. Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама падала вялікі пералік дакумэнтаў, за выключэньнем матэрыялаў, забраных з офісу яшчэ падчас першага ператрусу.
- Непадачу запытаных дакумэнтаў і адсутнасьць юрыдычных адрасоў рэгіянальных філіяў міністэрства палічыла парушэньнем заканадаўства і Статуту БАЖ, накіраваўшы ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі БАЖ нібыта за «непрыняцьце мер для выпраўленьня парушэньняў».
- Беларуская асацыяцыя журналістаў дзейнічае з восені 1995 году. Пад яе дахам больш за 1300 сябраў, якія працуюць у пэрыядычных выданьнях, на радыё і тэлевізіі, у выдавецкіх кампаніях.