Рэгістрацыя ІП прыпыненая ў Менску, у іншых гарадах яна працуе. Па інфармацыі парталу Office Life, чыноўнікі рыхтуюць радыкальныя зьмены:
- Могуць абмежаваць для ІП шэраг відаў дзейнасьці;
- Забараніць па большасьці відаў дзейнасьці наймаць супрацоўнікаў;
- Павялічыць падаходны падатак да 18%;
- Адмяніць адзіны падатак па большасьці відаў дзейнасьці.
Глядзім, наколькі ІП важныя для эканомікі.
Сплацілі падаткаў на 628 мільёнаў
У мінулым годзе ў Беларусі працаваў 269 501 ІП-шнік, па інфармацыі Белстат. За год іх стала больш на 12 501 чалавека, або на 4,9%. За мінулы год ІП сплацілі ў бюджэт падаткаў на 628 мільёнаў рублёў.
ІП даюць працу 70 тысячам чалавек
70 818 чалавек ІП прыцягваюць па працоўных і грамадзянска-прававых дамовах, то бок індывідуальныя прадпрымальнікі даюць гэтым людзям працу. За 2020 год такіх стала болей на 1205 чалавек.
70 818 — гэта як колькасьць жыхароў невялікага гораду, кшталту Рэчыцы ці Жлобіна.
8% розьнічнага таваразвароту — гэта ІП
У розьнічным таваразвароце ўсёй Беларусі за мінулы год ІП займаюць 8%. Гэта на адсотак больш, чым сярэднія прыватныя прадпрыемствы. У оптавым таваразвароце доля ІП — 1,1%. У аб’ёме прамысловай вытворчасьці доля ІП — 0,5%.
ІП удзельнічаюць у экспарце і імпарце
Таксама індывідуальныя прадпрымальнікі ўдзельнічаюць у экспарце тавараў зь Беларусі і ў імпарце ў Беларусь. На долю ІП прыпадае 0,5% экспарту тавараў зь Беларусі і 0,9% імпарту.