Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль сотня пацярпелых і 12 загінулых ад выбухаў на складзе боепрыпасаў у Казахстане

абноўлена

Выбухі на складзе боепрыпасаў на поўдні Казахстану, аматарскія здымкі
Выбухі на складзе боепрыпасаў на поўдні Казахстану, аматарскія здымкі

Каля 100 чалавек пацярпелі ў выніку пажару і выбухаў на складзе вайсковай часткі на поўдні Казахстану, праінфармавалі ў прэс-службе Міністэрства надзвычайных сытуацый краіны.

Паводле папярэдніх зьвестак, у лякарню паступілі больш за 90 пацярпелых, у тым ліку паўсотні ратавальнікаў. Працягваюцца пошукі некалькіх чалавек, якія ўдзельнічаюць у ліквідацыі тэхнагеннага здарэньня.

На 18-ю гадзіну колькасьць загінулых дасягнула 12 чалавек, паведамляе РИА Новости са спасылкай на МНС Казахстану.

Пацярпелы будынак АЗС
Пацярпелы будынак АЗС

Паводле ведамства, агонь цалкам ахапіў будынак — усе 700 квадратных мэтраў. Радыюс разьлёту аскепкаў перавышаў 2 кілямэтры. У кавярні і на аўтазаправачнай станцыі побач з часткай выбуховай хваляй павыбівала шыбы, у некалькіх дамах разбураныя дахі. На складзе захоўвалася звыш 500 тон тратылу.

Паліцыя выставіла блёк-пост на подступах да вайсковай часткі 28349, не дазваляючы цывільным, у тым ліку журналістам, набліжацца да месца надзвычайнага здарэньня.

Паліцэйскі кардон на шляху журналістаў
Паліцэйскі кардон на шляху журналістаў

Паведамленьне пра ўзгараньне складу боепрыпасаў у вайсковай частцы інжынэрна-сапэрнай брыгады блізу паселішча Кайнар Байзацкага раёну паступіла ўвечары 26 жніўня. Прадстаўнікі дзяржаўных ведамстваў гавораць пра 10 выбухаў, мясцовыя людзі сьцьвярджаюць, што іх было нашмат больш.

Паколькі населены пункт з 250 жыхарамі знаходзіцца на адлегласьці менш за 1 кілямэтар ад эпіцэнтру, пачалі эвакуацыю. Вывезьлі людзей яшчэ зь некалькіх блізкіх вёсак.

Міністэрства абароны Казахстану не выключае, што прычынай пажару мог стаць наўмысны падпал. Там таксама ўдакладнілі, што пажар і выбухі не паўплывалі на правядзеньне на тэрыторыі краіны Армейскіх міжнародных гульняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG