Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Здаецца, у краіне адмянілі ўсе законы». Фігуранты «справы Tut.by» пра 100 дзён у няволі


Затрыманыя ў справе Tut.by
Затрыманыя ў справе Tut.by

18 траўня сілавікі прыйшлі ў офіс Tut.by і дадому да дзейных і былых супрацоўнікаў кампаніі. Ад таго часу паўтара дзясятка чалавек застаюцца ў няволі. 100 дзён яны жывуць лістамі ад блізкіх і незнаёмцаў, бо гэта адзіная сувязь з вонкавым сьветам.

Галоўная рэдактарка парталу Марына Золатава і журналістка Алена Талкачова расказалі ў допісах пра будні ў СІЗА, пра тое, што займае іх думкі і якой яны бачаць сваю будучыню.

Марына Золатава: Немагчыма прызвычаіцца да несправядлівасьці

«Турэмным вопытам у Беларусі мала каго можна зьдзівіць, — напісала з-за кратаў Марына Золатава. — Мы (краіна) і так былі ўверсе сьпісу па колькасьці сядзельцаў на 100 тысяч чалавек, а са зьяўленьнем тысяч палітычных справаў толькі ўмацавалі свае пазыцыі ў сумным рэйтынгу».

Марына Золатава
Марына Золатава

Марына Золатава заўважае, як шмат людзей сядзіць у няволі доўгія месяцы ў чаканьні суду. Да прыкладу, Сьвятлана Купрэева, сяброўка сям’і пакаранага ўжо 14 гадамі калёніі Віктара Бабарыкі, у СІЗА КДБ больш за год. Там яна атрымала траўму і зламала дзьве рабрыны. Марыя Калесьнікава ў няволі блізка году, як і Марфа Рабкова. Апошняя трымала галадоўку і моцна схуднела. Студэнты, большасьць зь якіх дзяўчаты, за кратамі больш як дзевяць месяцаў, гэтаксама і журналісткі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова.

Самае жудаснае — адсутнасьць свабоды, пераказвае думкі Золатавай муж Васіль. Чалавек у замкнёнай прасторы 24/7, толькі на гадзіну выводзяць на шпацыр. Інфармацыйны вакуўм і ніякай магчымасьці поўнай адзіноты хоць бы на некалькі хвілін. Але больш за ўсё Марына сумуе па сям’і, шкадуе, што важныя падзеі праходзяць безь яе. Не змагла прысутнічаць на 15-годзьдзі сына, прапусьціла выпускны дачкі і не падтрымала асабіста, калі тая здавала ЦТ і ўступныя іспыты ў Акадэмію мастацтваў.

«Сытуацыю, пэўна, можна было зьмяніць, але ніхто ня хоча, „абы чаго ня выйшла“, — працягвае Васіль. — Можа таму, што людзі ў камэрах павінны пакутаваць паводле вызначэньня — пры тым, што большасьць яшчэ не асуджаныя, іх віна не даказаная. Марына дзеліцца прыкладам: нельга перадаць манікюрныя нажніцы ці кусачкі абразаць пазногці. Ну, і асобнае пытаньне — як сушыць бялізну. Рабіць гэта проста няма дзе».

Але да побытавых невыгодаў з часам адаптуесься, кажа Марына. Да людзей — таксама, з усімі можна знайсьці агульную мову. А вось прызвычаіцца да несправядлівасьці немагчыма.

«Больш за ўсё Марыну раздражняюць ня побытавыя ўмовы, а несправядлівасьць таго, што адбываецца, — гаворыць муж. — Бо ні яна, ні яе калегі, ні многія іншыя людзі не павінны знаходзіцца ў зьняволеньні. Бо іх адзіная віна ў тым, што яны не даспадобы ўладзе. Менавіта таму яны там».

Марына прызнаецца, што яе вельмі падтрымліваюць лісты ад родных, сяброў, калег і незнаёмых людзей.

Алена Талкачова: Здаецца, у краіне адмянілі ўвогуле ўсе законы

Журналістцы разьдзелу «Грошы і ўлада» Алене Талкачовай прад’явілі абвінавачаньне ў «саўдзеле ў нявыплаце падаткаў». Пры тым, што яна ня мела доступу да фінансавых апэрацый кампаніі. Цяпер Алена піша не артыкулы на грамадзка важныя тэмы, а лісты родным, сябрам, калегам і ўсім неабыякавым людзям.

«У тое, што прайшло ажно 100 дзён, паверыць складана. Каб не каляндар, была б пэўная, што ўсё яшчэ 18 траўня, — дзеліцца Алена ў лісьце. — У СІЗА здаецца, што „дзень сурка“ ня толькі ў лютым. Усе дні амаль аднолькавыя, і кожная дробязь становіцца падзеяй. Перадача — падзея, лісты — падзея, прагулка ў вялікім двары — падзея, а ўжо катлеты на абед — падзея сусьветнага маштабу».

Алена Талкачова
Алена Талкачова

У камэры, апавядае Алена, усе шчасьлівыя аднолькава, а вось няшчасны кожны па-свойму.

«Часам бачу сябе ў клетцы ў судзе побач са сваімі калегамі. Гэта будзе вялікі гонар стаяць побач з такімі людзьмі... Чакаю, як і многія тут, што дзьверы адчыняцца, і я са сваімі торбамі ды ў абдымку з вэнтылятарам выйду за вароты замку.

А яшчэ здаецца, што ў краіне адмянілі ўвогуле ўсе законы, у тым ліку законы фізыкі. Але мае блізкія з разу ў раз пераконваюць: нацягнутая спружына аднойчы лопне. Гэтым і жывем», — падсумоўвае журналістка.

Агулам у СІЗА № 1 і пад хатнім арыштам знаходзяцца 15 фігурантаў «справы Tut.by». Усіх іх беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі.

  • Марына Золатава
  • Людміла Чэкіна
  • Вольга Лойка
  • Алена Талкачова
  • Анжэла Асад
  • Ірына Рыбалка
  • Марыя Новік
  • Ала Лапатка
  • Аляксандар Дайнэка
  • Андрэй Аўдзееў
  • Сяргей Павалішаў
  • Дар’я Данілава
  • Кацярына Ткачэнка
  • Ірына Касьцючэнка
  • Юлія Чарняўская

У дзень затрыманьняў супрацоўнікаў «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» і людзей, зьвязаных з кампаніяй, стала вядома аб крымінальнай справе за ўхіленьне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што нібыта атрымана выручка, не абумоўленая дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій.

У той жа дзень Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да сайту Tut.by, сілавікі канфіскавалі сэрвэры. Пазьней матэрыялы парталу ўключылі ў сьпіс «экстрэмісцкіх».

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG