Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Тацяны Сапач


Тацяна Сапач
Тацяна Сапач

Падзеі 26 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

26 жніўня 1962 году нарадзілася Тацяна Сапач (Дубавец), паэтка, журналістка, удзельніца нацыянальна-культурніцкага руху 1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Мы былі знаёмыя вельмі даўно, хоць маглі б сустракацца часьцей (гэта, як зазвычай, разумееш, калі ўжо нічога нельга зьмяніць). Тым ня менш я меў адмысловы зварот да яе, на які Тацяна заўсёды весела адгукалася, — «ветраная жанчына». У тлумачальным слоўніку беларускай мовы вы знойдзеце два значэньні гэтага слова. Другое ў дадзеным выпадку аніяк не пасавала.

Цяпер, калі пабачылі сьвет вельмі раньнія Таніны вершы, бачыш, што іх аўтарка ўжо тады ведала ці прадчувала, у якую гавань плыве. Студэнткаю журфаку БДУ, дзе яна вучылася на «зорным» курсе — разам з Барысам Пятровічам, Ігарам Герменчуком, Сяргеем Навумчыкам, будучым мужам Сяргеем Дубаўцом, — Тацяна завіхалася ў Беларускай майстроўні.

Прыехаўшы працаваць па разьмеркаваньні ў Гомель (дагэтуль памятаю яе гомельскія блінцы), засноўвала там моладзевую суполку «Талака».

Зьявіўшыся ў Менску на радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», у 1987-м стварыла праграму «Альбаросіка», што хутка адгукалася на тагачасныя зьмены ў грамадзтве і імкнулася паскараць іх.

Потым быў пераезд Дубаўцоў у Вільню. Разам зь сябрамі яны ехалі адраджаць у нашай старажытнай сталіцы беларускае жыцьцё. Аднак апынуліся ў віры змаганьня літоўцаў за незалежнасьць. Таня, стаўшы сваёй на нелегальным радыё, якое выходзіла ў этэр з гарышча Палацу спорту, заклікала беларусаў Літвы падтрымаць імкненьне да выхаду з імпэрыі. Тое ж рабіла на незалежным тэлебачаньні, чые перадачы запісваліся ў кватэрах, а вяшчаньне ішло з Коўні.

Ад 1991-га і да аўтакатастрофы, вестка пра якую працяла сэрцы ўсіх, хто ведаў Тацяну, яна дваццаць гадоў рыхтавала беларускую тэлепраграму «Віленскі сшытак». А было ж яшчэ і супрацоўніцтва з Радыё Свабода і радыёстанцыяй «Балтыйскія хвалі», арганізацыя беларускіх набажэнстваў у віленскай царкве Сьвятога Мікалая.

Але найперш Таня была і застанецца паэткай.

У напісаным ёю немагчыма знайсьці выпадковыя радкі. Будзённае, штохвіліннае, мімалётнае яе талент нязьменна ператвараў у нябеснае й касьмічнае.

Вядуць усе гасьцінцы і сьцяжыны

туды, дзе цераз рэчку гразкі брод.

Там па калена.

Там раней прайшлі.

А я умею плаваць адмыслова...

На яе дзень нараджэньня ў роднай вёсцы адбываюцца прысьвечаныя Тані чытаньні. А з-за пагоркаў, над якімі, паводле няпісанага запавету, разьвеяная частка праху, плыве срэбнае рэха яе голасу.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.600-601.

У гэты дзень год таму

  • Увечары 26 жніўня АМАП разагнаў мітынг пратэсту на менскай плошчы Незалежнасьці, адбыліся затрыманьні. Акрамя таго, амапаўцы на нейкі час зачынілі ўсе дзьверы ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены і нікога не выпускалі.
  • У Сьледчым камітэце дапыталі ў якасьці сьведкі Сьвятлану Алексіевіч, нобэлеўскую ляўрэатку і сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па транзыце ўлады.
  • Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава атрымала позву для дачы паказаньняў у Сьледчым камітэце на 27 жніўня ў якасьці сьведкі ў рамках крымінальнай справы за спробу «захопу ўлады». Да яе там пабывалі 5 з 6 астатніх сябраў прэзыдыюму — Максім Знак, Сяргей Дылеўскі, Павал Латушка, Лілія Ўласава і Сьвятлана Алексіевіч.
  • Больш за палову трупы Купалаўскага тэатру звольнілі, не засталося ніводнага рэжысэра. Агулам звольнілі 58 актораў і супрацоўнікаў тэатру.
  • У менскім доме, дзе жылі Валер і Вераніка Цапкалы да эміграцыі, прайшоў ператрус.
  • Менск гатовы да канструктыўнага дыялёгу з замежнымі партнэрамі што да ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў краіне, але без пагрозаў і ўмяшаньня ва ўнутраныя справы. Пра гэта сказаў кіраўнік МЗС Уладзімер Макей у размове са сваім італьянскім калегам Луіджы Ды Маё.
  • Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у лісьце кіраўніку МЗС Беларусі Ўладзімеру Макею заявіў аб непрымальнасьці парушэньняў правоў беларускіх грамадзянаў, а таксама пра неабходнасьць правядзеньня ў краіне празрыстых выбараў для выхаду з «маральнага і палітычнага тупіку».

Гэты дзень у гісторыі

1789 — у Францыі была прынятая Дэклярацыя правоў чалавека і грамадзяніна, у якой неад’емнымі правамі чалавека абвяшчаліся свабода асобы, слова, сумленьня, роўнасьць грамадзянаў перад законам, права на супраціў прыгнёту.

1914 — нямецкае войска разьбіла расейскае ў бітве пад Танэнбэргам.

1920 — прынятая 19-я папраўка да Канстытуцыі ЗША, якая дала права голасу жанчынам.

Камала Гарыс, абраная віцэ-прэзыдэнткай ЗША ў 2020 годзе
Камала Гарыс, абраная віцэ-прэзыдэнткай ЗША ў 2020 годзе

1992 — чэскі і славацкі прэм’ер-міністры, Вацлаў Клаўс і Ўладзімір Мэчыяр, падпісалі дамову аб разьдзяленьні Чэхаславаччыны на дзьве асобныя дзяржавы — Чэхію і Славаччыну. Разьдзяленьне ўступіла ў законную сілу 1 студзеня 1993 году.

2008 — Расея ў аднабаковым парадку прызнала незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

У гэты дзень нарадзіліся

1880 — Гіём Апалінэр, францускі паэт беларускага паходжаньня.

Гіём Апалінэр
Гіём Апалінэр

1910 — Маці Тэрэза, каталіцкая манашка альбанскага паходжаньня, вядомая сваёй працай на карысьць бедных і нямоглых у Індыі. У 1979 ёй была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. Папа Ян Павал ІІ бэатыфікаваў Маці Тэрэзу.

1914 — Хуліё Картасар, аргентынскі пісьменьнік.

У памяці

1994 — Сяргей Новік-Пяюн, пісьменьнік, удзельнік нацыянальнавызвольнага руху 1920–1930-х у Заходняй Беларусі, вязень польскіх, нацысцкіх турмаў і ГУЛАГу, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.

Сяргей Новік-Пяюн
Сяргей Новік-Пяюн

За палякамі яго высылалі й саджалі ў турму за стварэньне ў родных бацькавых Лявонавічах беларускай бібліятэкі, нелегальнай школы, тэатральнага гуртка і народнага хору. Нацысты кінулі Новіка-Пеюна ў Калдычэўскі лягер сьмерці за сувязь з партызанамі. Савецкі суд у 1945-м узнагародзіў паэта дзесяцьцю гадамі Калымы за мітычнае супрацоўніцтва з акупантамі. Ён усё вытрымаў, захаваўшы і своеасаблівае пачуцьцё гумару, і давер да людзей, і я сказаў бы, эпікурэйскае стаўленьне да жыцьця, і нязводную веру ў сьветлую зорку Айчыны.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.412-413.

1994 — Мікалай Улашчык, беларускі гісторык і археограф.

2001 — Валерый Масьлюк, тэатральны рэжысэр, паэт, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Валер Масьлюк
Валер Масьлюк

Масьлюк ставіў Шэксьпіра й Гогаля, Дзюрэнмата і Ўільямза... За пастаноўку быкаўскага «Знаку бяды» ён у 1986 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. Ягоныя яркія відовішчныя спэктаклі былі мэтафарычнымі й асацыятыўнымі, народжанымі сучаснай тэатральнай эстэтыкай.

Шмат хто перакананы, што Купалавы «Тутэйшыя» прыйшлі на сцэну дзякуючы Міколу Пінігіну, але насамрэч першую пастаноўку ажыцьцявіў у 1982-м на сцэне Магілеўскага абласнога тэатру Валеры Масьлюк, які, дарэчы, сам выконваў ролю Янкі Здольніка.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.482-483.

2013 — Арлен Кашкурэвіч, народны мастак Беларусі.

Арлен Кашкурэвіч
Арлен Кашкурэвіч

Ілюстрацыямі да нашай клясыкі Кашкурэвіч упэўнена ствараў для яе эўрапейскі кантэкст. Гэта пра такіх творцаў кажуць, што яны ілюструюць ня тэкст, а падтэкст. Я дадаў бы, што ён і сам уносіў у літаратурны твор новыя нечаканыя гучаньні.

Ён блізка сябраваў з такім самым арыстакратам духу Караткевічам. Той сказаў пра сябра: «Мастак суровы, паўночны. І адначасова мяккі, добры, наш».

Плёнам супрацы двух майстроў сталася бліскучае афармленьне «Дзікага паляваньня караля Стаха», «Чазеніі», «Ладзьдзі роспачы», «Каласоў пад сярпом тваім».

Машынапісны арыгінал «Каласоў» — з рэдактарскімі заўвагамі й дасьціпнымі адказамі аўтара на палях — спадар Арлен захоўваў у сваёй майстэрні і за пару месяцаў да сыходу перадаў празь мяне ў аршанскі музэй пісьменьніка.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.644-645.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG