Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няўжо гэта магчыма — бегчы там, дзе цябе затрымлівалі?» Вольга Хіжынкова пра «Менскі паўмаратон»


Вольга Хіжынкова падчас прэзэнтацыі аднаго з забегаў, архіўнае фота
Вольга Хіжынкова падчас прэзэнтацыі аднаго з забегаў, архіўнае фота

На 12 верасьня заплянаваны «Менскі паўмаратон», які ў ранейшыя гады зьбіраў пад паўсотні тысяч аматараў бегу з розных краін. Гэтым разам склад удзельнікаў будзе істотна меншы, а спартовы форум атрымае ідэалягічную нагрузку.

Адной зь візытовак усіх папярэдніх забегаў была Вольга Хіжынкова — прафэсійная мадэль, пераможца конкурсу «Міс Беларусь – 2008», экс-выкладчыца Нацыянальнай школы прыгажосьці, былая супрацоўніца сыстэмы футбольнага клюбу «Дынама» (Берасьце), абаронца бяздомных жывёлаў.

Яна зацята прапагандавала здаровы лад жыцьця і паўдзельнічала ў дзясятках дабрачынных забегаў, уключна з усімі папярэднімі «Менскімі паўмаратонамі». Аднак сёлета яе прозьвішча адсутнічае ў камандзе Dream Team, сьпіс якой стракаціць спартоўцамі-падпісантамі ліста за рэжым, чыноўнікамі, прапагандыстамі.

Вакантнае месца заняла «Міс Беларусь – 2018», дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і прыхільніца сёньняшняй улады Марыя Васілевіч.

Свабода пацікавілася ў Вольгі Хіжынковай, ці сапраўды яна не заяўлялася на старт «Менскага паўмаратону».

«Што вы, які паўмаратон? Няўжо гэта магчыма — бегчы там, дзе зусім нядаўна ты бегаў ад амапаўцаў, дзе цябе затрымлівалі. Ды і ўвогуле, паўмаратон — гэта ў першую чаргу сьвята, якое, дарэчы, я ніколі не прапускала. Але настрой, зразумела, зусім не сьвяточны», — адзначыла ў камэнтары Свабодзе Вольга Хіжынкова.

Летась паўмаратон у Менску не праводзілі, спаслаўшыся на пандэмію, але сёлета, нягледзячы на амаль аналягічную статыстыку захворваньняў і сьмяротных выпадкаў, арганізатары ўсё ж вырашылі бегчы. Чакаецца каля 10 тысяч удзельнікаў (праз паветраную блякаду іншаземцаў практычна ня будзе), іх абавяжуць выйсьці на старт у мэдычных масках.

Акрамя таго, форум трапіў ў сьпіс прапагандысцкіх мерапрыемстваў да «Дня народнага адзінства» — новага сьвята, заснаванага ўказам Аляксандра Лукашэнкі ў прывязцы да падзеяў 17 верасьня 1939 году.

Вольгу Хіжынкову затрымалі сілавікі падчас мірнай акцыі летась 8 лістапада і на падставе трох пратаколаў і наступных судоў яна заставалася ў зьняволеньні 42 дні.

Пасьля вызваленьня жанчына расказала пра шматлікія факты зьдзекаў і катаваньняў на Акрэсьціна і ў Жодзіне, аднак пракуратура Менску пакінула яе словы без увагі.

Адказваючы на пытаньне Свабоды аб пэрспэктывах у Беларусі, Вольга Хіжынкова сказала, што, нягледзячы на драматычныя падзеі, якія цяпер адбываюцца навокал, не зьбіраецца пакідаць краіну, адчувае, што хоча застацца дома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG