Празь міжнародную ізаляцыю Беларусі за сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека ўдзел у форуме возьмуць у 4-5 разоў меней удзельнікаў, чым дагэтуль. Каб ашчадзіць, з архіваў вымуць леташнія мэдалі з штампоўкай «Менскі паўмаратон-2020».
Затое, паводле арганізатараў, будзе пашыраная «зорная каманда» зь ліку выбітных прадстаўнікоў спорту і грамадзкасьці.
Так, у складзе Dream team фігуруюць
- міністар спорту і турызму Сяргей Кавальчук,
- старшыня Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан,
- старшыня Беларускай фэдэрацыі баскетболу Максім Рыжанкоў,
- генэральны дырэктар стадыёну «Дынама» Аляксандар Бут-Гусаім,
- старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандар Багдановіч,
- рэктар Унівэрсытэту фізычнай культуры Сяргей Рэпкін,
- сябра выканкаму НАК Любоў Чаркашына,
- камэнтатарка тэлеканалу «Беларусь 5» Ганна Любянкова,
- алімпійская прызэрка ў мастацкай гімнастыцы Ксенія Санковіч, а таксама
- чальцы нацыянальнай каманды ў лёгкай атлетыцы на чале з рэкардсмэнкай гэтых спаборніцтваў, падпісанткай праўладнага ліста спартоўцаў Нінай Савінай.
Чакана ў складзе «каманды мары» няма апантанай папулярызатаркі менскага паўмаратону і нязьменнай удзельніцы спартовага форуму Вольгі Хіжынковай — за сваю грамадзянскую пазыцыю летась яна адседзела на Акрэсьціна і ў Жодзіне 42 сутак. Ня значыцца ў сьпісах і вядомы спартовы журналіст, бягун-аматар Сяргей Шчурко, якога летась у верасьні суд пакараў 15-суткавым арыштам за ўдзел у пратэставых акцыях.
Ад грамадзкасьці ў Dream team камандзіраваныя маладая дэпутатка палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч, гендырэктар каналу АНТ Марат Маркаў, Лукашэнкава прэс-сакратарка Натальля Эйсмант ды іншыя набліжаныя да ўлады асобы. Не выключаецца, што як мінімум у цырымоніі адкрыцьця паўдзельнічае і Аляксандар Лукашэнка.
Згодна з афіцыйнай вэрсіяй, леташні забег адмянілі ў сувязі з каранавіруснымі абмежаваньнямі. У той час краіну акурат скаланалі масавыя акцыі пратэсту супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
Праз год колькасьць заражэньняў застаецца высокай, а выпадкі сьмерцяў практычна не апускаюцца ніжэй за дзясятак штодзень, аднак арганізатары мяркуюць сабраць у адным месцы блізу 10 тысяч чалавек.
Праўда, рапартуюць, што знайшлі, як засьцерагчы ўдзельнікаў ад хваробы, — усіх папросяць захоўваць масачны рэжым. Аж настолькі, што на старт бегуны мусяць выйсьці ў масках і ў іх жа пабегчы. Зьняць будзе дазволена, калі адлегласьць паміж спартоўцамі дасягне 1,5 мэтра.
З гледзішча мэдыцыны нават невялікая дыстанцыя з абмежаваным прытокам паветра недапушчальная: зьніжаецца ўзровень кіслароду, узрастае нагрузка на сэрца і лёгкія.