Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Fitch Ratings адклікалі рэйтынгі ў двух беларускіх банкаў. Што гэта значыць


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings адклікала рэйтынгі двух беларускіх дзяржбанкаў — Беларусбанка і Белінвэстбанка — з прычыны ўвядзеньня супраць іх санкцыяў ЭЗ.

«Абмежаваньні фактычна адрэзалі гэтыя банкі ад новых пазык на рынках пазыковага капіталу ЭЗ і абмяжоўваюць даступнасьць новых крэдытаў з тэрмінам пагашэньня ў 90 дзён ад контрагентаў ЭЗ. На сёньняшні дзень актыўнасьць абодвух банкаў на рынку капіталу ў ЭЗ абмежаваная», — паведамляе агенцтва.

Агенцтва таксама пацьвердзіла нэгатыўны прагноз для банкаў.

  • Рэйтынг Fitch Ratings — паказчык фінансавай устойлівасьці, на гэтую ацэнку арыентуюцца сусьветныя інстытуты, калі прымаюць рашэньне аб супрацоўніцтве з банкамі.

Былы дарадца Савету бясьпекі ў эканамічных пытаньнях Яўген Буры лічыць, што пасьля рашэньня Fitch Ratings міжнародныя інстытуты альбо наогул ня будуць супрацоўнічаць з гэтымі банкамі, альбо вельмі неахвотна.

«Значыць, ня будзе выдачы крэдытаў, пазык, страховак і перастраховак, разьменных папер. Таксама яны будуць інфармаваць усіх сваіх кліентаў аб тым, што гэтыя банкі ненадзейныя», — пракамэнтаваў ён СМІ рашэньне Fitch Ratings.

  • Беларусбанк, Белінвэстбанк і Белаграпрамбанк раней трапілі пад санкцыі Эўразьвязу.
  • У пачатку жніўня аўстрыйскія СМІ паведамілі, што Raiffeisen Bank International абмежаваў супрацоўніцтва з Беларусбанкам з прычыны санкцый. Сьцьвярджалася, што адна з найбуйнейшых аўстрыйскіх банкаўскіх груп больш ня будзе ажыцьцяўляць міжнародныя пераводы для беларускага дзяржбанка.
  • Пад санкцыі ЗША патрапіў Абсалютбанк. З 16 жніўня ён перастаў абслугоўваць карты Visa і аказваць некаторыя іншыя паслугі.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG