17,7 мільёна пачкаў — гэта, калі прыняць сярэдні кошт аднаго пачка цыгарэт за 2,5 рубля, будзе агулам 44 мільёны беларускіх рублёў, або звыш 17 мільёнаў даляраў. Але ў Эўропе цыгарэты каштуюць значна даражэй.
Толькі ў Літве кантрабандныя беларускія цыгарэты ацэньваюць у 32 мільёны эўра з пачатку году. Горадзенская тытунёвая фабрыка за год выпускае больш як адзін мільярд пачкаў, або 24,3 мільярда цыгарэт.
Калі выкласьці пачкі адну за адной — атрымаецца адлегласьць да Гамбургу
Калі ўсе гэтыя 17,7 мільёна пачкаў пакласьці адну за адной, то атрымаецца 1504,5 кілямэтра. Гэта больш, чым адлегласьць ад Менску да Гамбургу.
А калі з пачкаў выкладаць дарогу
Шырыня Менскай кальцавой дарогі — 29 мэтраў. Калі дарогу такой шырыні забрукаваць пачкамі цыгарэт, то 17,7 мільёна пачкаў хопіць амаль на 3 кілямэтры. Праспэкт у Менску шырэйшы — да 70 мэтраў. Калі яго так брукаваць, то амаль кілямэтар праспэкту можна будзе выкласьці пачкамі цыгарэт, якія з пачатку году злавілі на мяжы.
Гэтыя цыгарэты зоймуць усю падлогу ў Палацы Незалежнасьці
Плошча Палаца Незалежнасьці — 53,7 тысячы квадратных мэтраў. Калі раскласьці ўсе 17,7 мільёна пачкаў, атрымаецца больш — 82,7 тысячы квадратных мэтраў. Гэтых пачкаў хапіла б, каб укласьці імі ўсю падлогу, і яшчэ частку можна было б разьмясьціць на вуліцы, бо ў Палац яны б не зьмясьціліся.
Цыгарэтаў робяць больш, чым трэба ў Беларусі
Летась толькі ў Літве затрымалі больш за 16 мільёнаў пачкаў кантрабандных цыгарэт зь Беларусі. Афіцыйная статыстыка не паказвае, куды Беларусь прадае цыгарэты. Раней частка «белага» экспарту ішла ў Грузію і Азэрбайджан, але не ў Эўропу.
З 2008–2013 году аб’ёмы выпуску цыгарэт у Беларусі растуць у сярэднім на 11% за год. У Беларусі квота ўнутранага рынку цыгарэт перавышае запатрабаванасьць. Напрыклад, у 2017 годзе пры ёмістасьці рынку ня больш за 20 мільярдаў цыгарэт аб’ём квоты складаў звыш 29 мільярдаў. Пры гэтым акцызная нагрузка на танныя цыгарэты, насуперак сусьветнай практыцы, у 2–3 разы ніжэйшая, чым на астатнюю прадукцыю.