Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За мяжой стварылі аб’яднаньне беларускага бізнэсу, вымушанага пакінуць краіну


Варшава
Варшава

АВВА (Association of Belarusian Business Abroad) будзе спрыяць беларускім бізнэсоўцам захаваць і абараніць бізнэс для пабудовы фундамэнту свабоднай і пасьпяховай Беларусі, кажуць стваральнікі арганізацыі.

Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой узьнікла ў Варшаве. Яе ініцыятары — былыя чальцы Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Яўген Буры і Мікалай Пракоф’еў. Прэзыдэнт ABBA Буры працаваў раней у дзяржаўным сакратарыяце Савету бясьпекі Беларусі дарадцам у пытаньнях эканамічнай бясьпекі і ў прыватным бізнэсе. Ягоны намесьнік Пракоф’еў спэцыялізуецца ў міжнародным бізнэсе і кіраваў у Беларусі прыватнай кампаніяй.

Яўген Буры
Яўген Буры

«Гэта асацыяцыя беларускага бізнэсу, які ў сілу розных прычын быў вымушаны пакінуць нашу родную краіну, у тым ліку не жадаючы працаваць на карысьць рэжыму. — расказвае Буры. — Наша галоўная місія — згуртаваць, аб’яднаць і падтрымаць прадстаўнікоў беларускага бізнэсу, дзе б ён не знаходзіўся. І цяпер, калі рэжым спрабуе зьнішчыць прадпрымальнікаў як клясу, а бізнэс разглядаецца выключна як інструмэнт фінансаваньня незаконнай улады, абʼяднаньне бізнэсу неабходнае як ніколі».

Колькі бізнэсоўцаў і бізнэсаў выехала зь Беларусі за апошні год, падлічыць вельмі складана. Большая частка зь іх выяжджалі ня толькі па бізнэс-візах, але і па іншых, у тым ліку гуманітарных. Толькі ў Польшчы колькасьць фірмаў, зарэгістраваных беларусамі, з 9 жніўня 2020 году вырасла на 25%.

Па словах Бурага, ABBA — гэта некамэрцыйны праект. Ён рэалізоўваецца камандай эканамістаў і бізнэсоўцаў, якія самі прайшлі праз рэпрэсіі, вымушаныя былі пакінуць Беларусь і страцілі бізнэс.

«Ні ў кога ў камандзе няма намеру і нават думак узбагачацца за кошт такіх жа пацярпелых ад рэжыму людзей, як мы самі. Гэты праект цалкам незалежны і самастойны, але мы гатовыя і будзем супрацоўнічаць з усімі, хто падзяляе нашыя каштоўнасьці, гатовы дапамагаць, быць мэнтарам, партнэрам або валянтэрам», — гаворыць прэзыдэнт ABBA Яўген Буры.

Асацыяцыя ня будзе падтрымліваць бізнэс у выглядзе прамога фінансаваньня. Гаворка ідзе аб дапамозе ў адкрыцьці бізнэсу ў іншай краіне, неабходнай адукацыі, кансультацыі, дасьледаваньняў рынку, пошуку фондаў, праграмаў іншых краін.

У якасьці экспэртаў будуць выступаць партнэры асацыяцыі, якія знаходзяцца і працуюць там, дзе вядзецца бізнэс зь беларускімі каранямі. ABBA ужо актыўна працуе з дыяспарамі. Таксама асацыяцыя будзе прыцягваць увагу палітыкаў і чыноўнікаў тых краін, дзе знаходзяцца беларускія бізнэсоўцы, каб пры патрэбе адстойваць іх інтарэсы.

«Акрамя таго, АВВА плянуе запусьціць адукацыйны праект для спрашчэньня адаптацыі і старту новых праектаў. Ён уключае асновы вядзеньня бізнэсу ў краіне знаходжаньня, легалізацыя, вывучэньне моў, працоўнае, падатковае заканадаўства, усё неабходнае для перазапуску бізнэсу. І, атрымаўшы на курсах такія веды, бізнэсмэн ужо сам становіцца экспэртам і зможа дапамагчы іншым беларусам сваімі ведамі і досьведам».

Ніякіх палітычны мэтаў арганізацыя сабе ня ставіць, але для больш пасьпяховай рэалізацыі сваіх задач, паводле Бурага, зьбіраецца супрацоўнічаць з ініцыятывамі, якія ўжо даказалі, што яны здольныя на канкрэтныя дзеяньні.

«Мы плянуем ажыцьцяўляць шчыльнае ўзаемадзеяньне з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай для адстойваньня інтарэсаў беларускага бізнэсу на самым высокім узроўні. Мы ўжо атрымліваем неабходную падтрымку і вельмі ўдзячныя за разуменьне неабходнасьці стварэньня падобных ініцыятыў. У сваю чаргу мы як Асацыяцыя будзем даваць зваротную сувязь, інфармаваць аб праблемах бізнэсу, прапаноўваць рашэньні, рыхтаваць прапановы для правядзеньня неабходных рэформаў у новай Беларусі, паколькі менавіта пацярпелы бізнэс ведае, што і як трэба мяняць. І гэта, спадзяюся, будзе вельмі эфэктыўнае супрацоўніцтва». — расказаў прэзыдэнт ABBA Яўген Буры.

27 і 28 жніўня Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой правядзе ў Кіеве Форум «Бізнэс-Беларусь: Вучыць. Дапамагаць. Ахоўваць». Гэта бясплатная падзея для прадпрымальнікаў зь Беларусі, якія ўжо вывезьлі свой бізнэс з краіны або неўзабаве гэта зробяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG