Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць 7 супрацоўнікаў ФСБ — па справе Навальнага


Фота супрацоўнікаў ФСБ з расьсьледаваньня Bellingcat
Фота супрацоўнікаў ФСБ з расьсьледаваньня Bellingcat

Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць 7 супрацоўнікаў ФСБ Расеі, якія, як сьцьвярджаецца, датычныя да атручваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага. З дня замаху на яго 20 жніўня спаўняецца роўна год.

Як паведамляе агенцтва Reuters, санкцыі ў выглядзе замарозкі брытанскіх актываў уведзеныя супраць супрацоўнікаў ФСБ Аляксея Аляксандрава, Уладзіміра Паняева і Івана Осіпава, якія згадваліся ў расьсьледаваньні Bellingcat аб атручэньні Навальнага, а таксама супраць кіраўніка Цэнтру спэцыяльнай тэхнікі Ўладзіміра Багданава, кіраўніка Інстытуту крыміналістыкі ФСБ Кірыла Васільева, Станіслава Макшакова і начальніка Службы па абароне Канстытуцыйнага ладу і барацьбе з тэрарызмам Аляксея Сядова.

У санкцыйным сьпісе, апублікаваным на сайце брытанскага ўраду, гаворыцца пра наяўнасьць сьведчаньняў таго, што, у прыватнасьці, Аляксей Аляксандраў быў адным з тых, хто, з высокай ступеньню верагоднасьці, удзельнічаў у замаху на Навальнага з выкарыстаньнем хімічнай зброі.

Праект Bellingcat згадваў яшчэ некалькіх чалавек, якія ў брытанскі санкцыйны сьпіс не ўвайшлі. У іх ліку меркаваны супрацоўнік ФСБ Канстанцін Кудраўцаў. Навальны запісаў і выклаў у сетку размову, як сьцьвярджаецца, з гэтым чалавекам. З гутаркі вынікае, што апазыцыянэра летам 2020 году атруцілі супрацоўнікі расейскай спэцслужбы. Таксама Кудраўцаў расказаў, што атрутнае рэчыва было нанесена на ніжнюю бялізну апазыцыянэра, якая знаходзілася ў нумары томскай гасьцініцы.

Ніхто з унесеных цяпер у санкцыйны сьпіс камэнтарыяў пакуль ня даў, адзначае Reuters. Перш у ФСБ дачыненьне да замаху адмаўлялі, называючы абвінавачваньні «сплянаванай правакацыяй, накіраванай на дыскрэдытацыю службы і яе супрацоўнікаў».

Раней Брытанія, ЭЗ і ЗША ўвялі ў сувязі з атручваньнем Навальнага санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў і генэралаў. Цяпер Лёндан пашырыў санкцыі і на меркаваных непасрэдных выканаўцаў.

  • Роўна год таму, 20 жніўня, Аляксей Навальны быў шпіталізаваны ў Омску з борта самалёта, які рухаўся з Томску ў Маскву. Апазыцыянэра даставілі ў бальніцу ў стане комы. Празь некалькі дзён, на патрабаваньне блізкіх, Навальнага перавезьлі на лячэньне ў Бэрлін. Тры эўрапейскія вайсковыя лябараторыі, у Нямеччыне, Францыі і Швэцыі, пазьней прыйшлі да высновы, што Аляксей Навальны быў атручаны баявым атрутным рэчывам «Навічок».
  • Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў ня раз заяўляў, што Масква гатовая да ўсебаковага ўзаемадзеяньня зь Нямеччынай па сытуацыі з Навальным. Да вывазу Навальнага ў Бэрлін ніякіх атрутных рэчываў у яго арганізьме выяўлена не было, настойваюць расейскія ўлады. Сам Аляксей Навальны ўпэўнены, што за замахам на яго стаіць асабіста прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. У Крамлі гэта катэгарычна адмаўляюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG