Кіраўнік EPAM Аркадзь Добкін з гэтай нагоды даў камэнтар парталу dev.by.
«Тое, што прагучала, безумоўна, нельга назваць прыемным або доўгачаканым. Таму мае сэнс ахарактарызаваць пазыцыю EPAM у цэлым.
Наша адказнасьць перад супрацоўнікамі, кліентамі і інвэстарамі ніколі не дазваляла рабіць неабдуманыя і неправамерныя крокі, якія маглі б прывесьці да рызык парушэньня вытворчай дзейнасьці, або, прасьцей кажучы, да страты рэпутацыі. Усе фінансавыя апэрацыі, якія могуць прама ці ўскосна паўплываць на дзейнасьць кампаніі, строга рэглямэнтуюцца Радай дырэктараў і праходзяць шматлікія міжнародныя аўдыты, што не пакідае месца для некарэктных тлумачэньняў або здагадак».
Аркадзь Добкін запэўніў, што ягоная кампанія не зьбіралася пакідаць Беларусь — калі, вядома, нейкія абставіны ня вымусяць гэта зрабіць.
«Гэта выключна важна, што мы не зьбіраліся пакідаць краіну. І, пакуль ёсьць маладыя людзі, гатовыя вучыцца, пакуль ёсьць таленты, гатовыя жыць і працаваць у краіне, і пакуль ёсьць кліенты, якія цэняць гэты талент і гатовыя працаваць з EPAM, мы плянуем працаваць і разьвіваць кампанію тут. Пакуль нас ня вымусяць краіну пакінуць», — адзначыў ён.
Кампанія ЕРАМ уваходзіць у эліту сусьветнай ІТ-індустрыі, яе падразьдзяленьні працуюць у 40 краінах, дзе працуюць звыш 40 тысяч чалавек (зь іх 10 тысяч — у Беларусі).