Глядзець размову на відэа.
Анколяг Надзея Пятроўская тлумачыць
Чаму беларусам важна ведаць пра гэты тып раку?
— Па-першае, таму што гэта трэці па распаўсюджанасьці ў сьвеце рак. Па-другое, каля 90% выпадкаў можна прадухіліць. Калі ў лічбах, штогод у сьвеце захворвае каля 2 мільёнаў чалавек, каля 1 мільёна штогод памірае ад раку прамой кішкі ці колярэктальнага раку, як яго прынята называць у анколягаў. То бок гэта калясальная лічба, якую, аказваецца, можна зьменшыць на парадак.
Як можна зьнізіць верагоднасьць захварэць на колярэктальны рак?
— Першае і асноўнае, што зьніжае захворваньне ўдвая, — гэта зьмена ладу жыцьця. Атлусьценьне, недахоп фізычнай актыўнасьці, шкодныя харчовыя і іншыя звычкі — вядомыя фактары рызыкі. Адпаведна, рэкамэндацыі ў гэтым ключы:
- Здаровы лад жыцьця.
- Адмова ад курэньня.
- Абмежаваньне ўжываньня алькаголю і апрацаванага чырвонага мяса (сьвініна, ялавічына, бараніна).
- Павелічэньне ў рацыёне расьліннай ежы, якая зьмяшчае валокны і антыаксыданты, цэльназерневыя і бабовыя прадукты.
- Ужываньне малочных прадуктаў — крыніцы кальцыю.
- Прыём вітаміну Д.
Гэтыя рэкамэндацыі — вынікі многіх дасьледаваньняў, правілы, напісаныя крывёй. Паколькі колярэктальны рак вельмі распаўсюджаны, была магчымасьць вывучыць яго дастаткова глыбока на вялікіх лічбах. Тэхналёгію big date падмануць немагчыма.
Балянс дыеты і фізычнай актыўнасьці, які дазваляе падтрымліваць стабільную вагу, цяпер адзін з асноўных трэндаў у Эўропе, што прывяло да некаторага зьніжэньня захворваньня на рак тоўстай кішкі ў разьвітых краінах.
Акрамя вышэйзгаданых, істотны фактар рызыкі — запаленчыя захворваньні кішэчніка (хвароба Крона і неспэцыфічны язвавы каліт). Людзям з гэтымі хваробамі таксама варта «трымаць руку на пульсе».
Ці пасьпяхова дыягнастуецца гэты тып раку на першых стадыях праз праграмы скрынінгу?
— Другі важны момант — праграма скрынінгу. Паколькі колярэктальны рак разьвіваецца паступова з папярэдняга дабраякаснага паражэньня на працягу 10–15 гадоў, мы маем некаторае «акно магчымасьцяў». Своечасовае выяўленьне зьменаў з дапамогай калёнаскапіі, біяпсія або выдаленьне ўтварэньняў дазваляе прадухіліць захворваньне. У групе стандартнай рызыкі, калі ў чалавека няма шкодных звычак, атлусьценьня, гіпадынаміі і выпадкаў колярэктальнага раку ў сям’і, скрынінгавая калёнаскапія пачынацца ў 50 гадоў і выконваецца кожныя 5 гадоў.
Асабліва сурʼёзным гэта становіцца ў выпадку наяўнасьці ў сямʼі родных, якія цярпелі на рак тоўстай кішкі. Каля 7% выпадкаў колярэктальнага раку зьвязаныя са спадчыннымі сындромамі (сямейны адэнаматозны паліпоз і спадчынны непаліпозны колярэктальны рак). У гэтым выпадку мае сэнс генэтычнае кансультаваньне з мэтай ацэнкі рызыкі для здаровых сваякоў і вызначэньня пачатку скрынінгу. Пры высокай рызыцы скрынінгавае абсьледаваньне пачынаецца на 10 гадоў раней, чым у людзей са стандартнай рызыкай.
Іншы мэтад скрынінгу — штогадовае вызначэньне схаванай крыві ў кале, якое дазваляе зьнізіць сьмяротнасьць ад колярэктальнага раку на 16%. Кожны з гэтых мэтадаў мае свае перавагі і недахопы, і ўжываньне іх можа варʼіраваць у залежнасьці ад клінічнай сытуацыі і рэсурсаў. Лекар абавязаны інфармаваць пацыента пра патэнцыйную карысьць і шкоду кожнага зь іх.
Наколькі гэты тып раку добра лечыцца?
— Параўнальна зь іншымі злаякаснымі пухлінамі колярэктальны рак мае адносна спрыяльны прагноз. У дынаміцы за апошнія 10 гадоў 5-гадовая выжывальнасьць павялічылася на 5% і па Эўропе складае больш за 60%. Гэта сьведчыць пра ўдасканаленьне лячэбных тэхналёгій. Але посьпех лячэньня наўпрост залежыць ад распаўсюджанасьці пухліннага працэсу ў момант пастаноўкі дыягназу.
Варта яшчэ раз падкрэсьліць, што прафіляктыка і раньняя дыягностыка — гэта сфэра сумеснай адказнасьці лекара і пацыента. Ад якасьці камунікацыі, уменьня лекара данесьці да пацыента неабходную інфармацыю, здольнасьці пацыента прытрымлівацца рэкамэндацый і каапэравацца зь лекарам залежыць эфэктыўнасьць прафіляктыкі і раньняй дыягностыкі анкалягічных захворваньняў.
- Кандыдат мэдычных навук, былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі Надзея Пятроўская звольнілася пасьля таго, як у РПНЦ, насуперак волі пэрсаналу, зьмянілі кіраўніцтва. За ўдзел у акцыях пратэсту яе каралі штрафам і арыштамі. Надзея Пятроўская прыехала ў Чэхію ў межах урадавай праграмы дапамогі Medevac для беларускіх дактароў, што пацярпелі ад рэпрэсіяў. Па заканчэньні праграмы яна пераехала з Прагі ў Чэскі Крумлаў, дзе працуе анколягам у мясцовым шпіталі.