Некалькі праваахоўнікаў атрымалі траўмы, паведамляе Міністэрства ўнутраных справаў.
Акрамя таго, у прэс-службе Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве Радыё Свабода паведамілі пра некалькі пацярпелых зь ліку «староньніх асобаў», але не ўдакладнілі іх колькасьць і не паведамілі, ці ідзе гаворка менавіта пра ўдзельнікаў акцыі.
«У выніку сутыкненьня 7 паліцыянтаў атрымалі апёкі вачэй, некалькі нацгвардзейцаў атрымалі траўмы. Цяпер сытуацыя спакойная. МУС Украіны заклікае ўсіх удзельнікаў акцыі захоўваць парадак і пратэставаць мірна», — гаворыцца ў заяве прадстаўніка МУС Арцёма Шаўчэнкі.
Акцыя была арганізаваная шэрагам грамадзкіх арганізацый, у тым ліку — праварадыкальным рухам «Нацыянальны корпус». Удзельнікі мерапрыемства, як сьцьвярджаюць у МУС Украіны, адмовіліся праходзіць агляд перад падыходам да ўрадавага будынку і справакавалі канфлікт з паліцыянтамі.
Пасьля сутыкненьняў актывісты пайшлі маршам да дому, у якім жыве прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Удзельнікі выступаюць супраць выкананьня краінай Менскіх пагадненьняў па рэалізацыі міру ў Данбасе і падачы вады ў анэксаваны Крым. Паводле арганізатараў, у акцыі ўзялі ўдзел чатыры тысячы чалавек.