Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаныя фігуранты «пінскай справы» адмаўляюцца пісаць просьбы Лукашэнку аб памілаваньні


Данііл Богнат і Алег Рубец, асуджаныя па «пінскай справе».
Данііл Богнат і Алег Рубец, асуджаныя па «пінскай справе».

Сваякі пакараных па справе аб масавых беспарадках у Пінску расказалі Свабодзе пра ўмовы іх утрыманьня ў калёніях і патрабаваньні судовых выплатаў. Большасьць апытаных кажа, што іх асуджаныя сваякі не падаюць духам і адмаўляюцца пісаць лісты на адрас Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні.

Ужо 24 асобы асуджаныя ў так званай «пінскай справе». Усіх іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году, усім прысудзілі ад 4 да 6,5 года зьняволеньня.

Цяпер першая частка асуджаных фігурантаў ужо ў калёніях. Другая — у чаканьні апэляцыйнага суду. Свабода даведалася апошнія навіны ад некаторых асуджаных.

«Яшчэ працягваецца судовы працэс, а нам ужо арыштоўваюць маёмасьць»

Тацьцяна Собалева, маці 19-гадовага фаната ФК «Хваля» Алега Рубца (асуджаны 30 красавіка на 5,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму) расказала Свабодзе пра зьняволенага сына:

«Усё ўжо, паехалі па калёніях. Некаторых ужо і па атрадах разьмеркавалі.

Атрымалі ад Алега пакуль толькі адзін ліст. Піша, што этап доўжыўся 10 дзён. Пачаўся 16 ліпеня, і толькі 27-га Алег прыбыў у калёнію ў Наваполацку.

Невядома пакуль, кім ён працуе. Пісаў толькі, што яму неабходна выслаць нейкія дакумэнты. Настрой у яго добры і бадзёры. Атрымаў ліст ад Васкрасенскага (ліст з заклікам пісаць прашэньні аб памілаваньні. — РС). Але сказаў, што назад яго адправіў з такім зьмесьцівам, якое наўрад ці яму спадабаецца. Адным словам, Алег адмовіўся. Сказаў: «Прасіць памілаваньня не лічу патрэбным».

Алег Рубец.
Алег Рубец.

Нядаўна нам прыйшоў дакумэнт, у якім паведамлялася, што пазоў варта пагасіць на працягу 7 дзён (фігуранты «пінскай справы» павінны выплаціць каля 200 тысяч рублёў кампэнсацыі сілавікам і чыноўнікам. — РС). Пазьней да яго прыйшла папера аб тым, што сплаціць суму трэба ўжо з моманту ўручэньня дакумэнта асуджанаму ў калёніі. Як толькі хлопцы атрымаюць яго на рукі, у іх будзе лічыцца запазычанасьць. Ці будзе яна з часам павялічвацца або пералічвацца, ня ведаю. Нам і адвакаты гэтага ня могуць сказаць. Неардынарная і казусная сытуацыя атрымліваецца. Яшчэ працягваецца судовы працэс, а нам ужо нешта прад’яўляюць, выстаўляюць і арыштоўваюць маёмасьць.

Адвакаты раяць пачакаць з выплатай. Да нас жа дадалося яшчэ 10 асуджаных фігурантаў другой групы (6 ліпеня судзьдзя Вера Філонік прысудзіла чарговым фігурантам ад 4 да 5,5 года зьняволеньня. — РС), і будуць яшчэ новыя. Таму зараз пазоў дзеліцца на ўсіх асуджаных. Выплаціць трэба ў салідарным парадку. Фонд даў плятформу нам на збор (фонд BYSOL адкрыў пэрсанальны збор для семʼяў асуджаных пінскіх палітвязьняў. — РС), але зьбіраліся сродкі, так бы мовіць, са скрыпам. Але мы і за гэта ўдзячныя.

Пакуль нам вядома толькі тое, што з прычыны пазоваў хлопцам зрэзалі магчымасьць атаварвацца — замест пяці базавых могуць закупляць неабходныя рэчы на дзьве. Таксама да нас прыходзілі судовыя выканаўцы наконт спагнаньня судовых выдаткаў (9611 рублёў. — РС). У каго была ўпісана ў справу арыштаваная маёмасьць, то яе канфіскавалі ў даход дзяржавы. Такія непрыемныя моманты.

Сказалі таксама, што з усіх хлопцаў будуць спаганяць да 50 працэнтаў заробку ў кошт пагашэньня пазоваў. Дапамагчы іх пагасіць добраахвотна ў нас няма магчымасьці. І, шчыра кажучы, жаданьня таксама. Пазоў па кампэнсацыі маральных пакут нашых мясцовых міліцыянтаў хлопцы не прызналі. І мы зь імі салідарныя абсалютна. Але ён вісіць воблакам над асуджанымі.

Умоўна-датэрміновага вызваленьня ў іх быць ня можа, і плюс яны ж усе паехалі з прафіляктычным улікам, які ў калёніі вельмі складана зьняць. Але хлопцы не сумуюць, нават нас яшчэ падбадзёрваюць. Ніхто ня падае духам».

«Сказаў, што памілаваньня прасіць ня будзе»

Кацярына Рагашчук, сястра 36-гадовага бацькі трох дзяцей Вячаслава Рагашчука (асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму) расказала Свабодзе пра зьняволенага брата:

«Звон у галаве застаўся (пасьля затрыманьня Рагашчука білі тры дні, сам Вячаслаў раней пісаў у лістах, што ў ізалятары яму дыягнаставалі кровазьліцьцё, страсеньне мозгу, або траўму галавы ці мікраінсульт. — РС). Ніхто яго да гэтага часу не лячыў. Праўда, калі Славіка перавялі ў Івацэвічы ў калёнію, то яму аддалі ўсе прэпараты, якія мы дасылалі за ўвесь час — і вітаміны, і супрацьвірусныя. Гэта значыць, у СІЗА іх не давалі, а перад этапам усё-ткі вярнулі.

Вячаслаў Рагашчук.
Вячаслаў Рагашчук.

Жонцы тэлефанаваў у мінулую пятніцу, якраз у першыя дні, як выйшаў з карантыну. У такіх тэлефонных размовах нельга ж падымаць пэўныя тэмы, таму ён так завуалявана спытаў: „Ну што там чуваць?“ А яна: „Нічога не чуваць“. І цішыня. Потым Слава адказаў: „Мм, зразумела“. Знэрваваўся, вядома. А так сказаў, што ніякага памілаваньня прасіць ня будзе. Колькі трэба будзе, столькі і адседзіць.

Яму прапанавалі працу сталяра і швачкі. Адносіны ў калёніі, сказаў, нармальныя. Ён у адным атрадзе з хлопцам з Горадні, які асуджаны па 364 артыкуле КК (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. — РС). Яны ўвесь час падтрымліваюць адзін аднаго.

Задаволены, што нарэшце перавялі ў калёнію. Раней часта казаў: „Хутчэй бы павезьлі, таму што немагчыма сядзець пастаянна ў чатырох сьценах і выходзіць на шпацыр на 10–15 хвілін у дзень, і тое не заўсёды“. Таму цяпер яму, вядома, лепш. Калёнія знаходзіцца ў лесе, таму заўсёды сьвежае паветра».

«Сукамэрнікі амаль страцілі веру ў тое, што хутка выйдуць»

Анастасія Колб, дачка 54-гадовага інваліда 3-й групы Валянціна Колба, у якога пасьля затрыманьня здарыўся сардэчны прыступ (асуджаны на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму), расказала пра зьняволенага бацьку:

«Зараз тату перавялі ў Баранавічы, чакае апэляцыйнага суду. Адчувае сябе нармальна, піша кожны тыдзень. Яго сукамэрнікі ўжо амаль страцілі веру ў тое, што хутка выйдуць. Хтосьці напісаў Васкрасенскаму ў надзеі на памілаваньне, але тату ягонае сумленьне не дазваляе».

Валянцін Колб.
Валянцін Колб.

«Перажываю, што ў калёніі яму будзе кепска»

Тацяна, жонка 43-гадовага актора Палескага драмтэатру, валянтэра Сяргея Волкава (асуджаны на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму), расказала пра зьняволенага мужа:

«Ён добра настроены. Так трымаецца, бадзёрыцца. Піша ў лістах: „Як заўсёды, сыты, паголены, задаволены“. У яго няма ні хвіліны вольнага часу. Заўсёды нешта робіць, чытае, вывучае гішпанскую мову. Ён у нас дзейны чалавек, у гульні гуляе: у „Мафію“, шахматы.

Усе нармальна. Ня падае духам. 13 ліпеня я і мой 14-гадовы сын былі на спатканьні зь ім, яшчэ ў Берасьці. Тады даведаліся, што ён у нейкай „анархічнай камэры“ сядзеў, як ён яе назваў. Сказаў: „З прычыны ўзаемнай любові з органамі“.

Пазовы плаціць ён ня будзе, і вы, сказаў, не плаціце, таму што я не вінаваты. Памілаваньня таксама прасіць не зьбіраецца. Сын перажывае, што ня ўбачыць тату 4 гады, тым больш такі ўзрост, таму хацеў бы, каб тата ўсё-ткі напісаў гэтае прашэньне.

Падчас суду па «пінскай справе» ў Берасьці.
Падчас суду па «пінскай справе» ў Берасьці.

Сяргея цяпер перавялі зь Берасьця ў Баранавічы. Чакае апэляцыі, а потым яго накіруюць у Шклоўскую калёнію № 17. А там жа Вітольда Ашурка забілі. Я разумею, што Сяргей не такі дзеяч, так скажам, як Вітольд. Але тым ня менш страшна. Перажываю, што там яму будзе дрэнна, што могуць прэсаваць».

«Усе яны хочуць свабоды. Толькі дзе яе ўзяць?»

Марыя Салавей, маці 38-гадовага сябра руху «За свабоду» Ігара Салаўя (асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму) расказвае пра зьняволенага сына:

«Пазовы бацькі вырашылі ня сплачваць, таму што не жадаюць карміць сыстэму. А так забралі ў нас ноўтбук, ацанілі ў 500 рублёў, і мабільны тэлефон.

Ігара толькі ў нядзелю перавялі ў калёнію ў Бабруйску. Казалі, што адна з найлепшых турмаў у Беларусі. Пакуль сядзіць на карантыне. Там Ігар разам з Богнатам (19-гадовы фанат ФК „Хваля“, асуджаны ў „пінскай справе“ на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму). Данік тэлефанаваў маме, казаў, што ўсё падабаецца. Форму далі, якраз па ім. На вуліцы свабодна гуляюць, без кайданкоў. У сталовай ядуць. Усе яны, вядома, хочуць свабоды. А дзе гэтую свабоду ўзяць? Невядома, калі яна зьявіцца.

Пратэсты ў Пінску, 9 жніўня 2020 году.
Пратэсты ў Пінску, 9 жніўня 2020 году.

Яны, усе чатырнаццаць, сказалі: „Якое памілаваньне? Каяцца не зьбіраемся, адседзім колькі трэба“. Нават слухаць ні пра якае памілаваньне ня хочуць. Ну, Ігар сказаў: „Калі хтосьці раптам захоча, то хай піша прашэньне. А асабіста я — ня буду“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG