Глядзіце размову цалкам на відэа.
Вось якім чынам Мікалай Халезін камэнтуе адкліканьне амбасадара ЗША і скарачэньне пэрсаналу амбасады ў Менску як першую рэакцыю ўладаў Беларусі на санкцыі ЗША, абвешчаныя ў гадавіну фальсыфікацыі выбараў і пачатку мірных пратэстаў.
— Гэта панічная гісторыя. Калі ня ведаеш, як укусіць апанэнта, то знаходзіш вось такі фармат. На мой погляд, гэта ўдар па самім сабе, бо гэта нічога не дае рэжыму, але адкрывае новы калідор магчымасьцяў для Злучаных Штатаў, у тым ліку для Джулі Фішэр. Гэта сытуацыя, калі становіцца істотна лягчэйшай праца, калі ты змагаесься зь нелегітымным кіраўніком. Цяпер атрымліваецца, што амэрыканцы маюць поўнае права адмовіцца ад некаторых дыпляматычных мадэляў, якія маюць вельмі шмат абмежаваньняў, а таксама зрабіць тую ж Джулі Фішэр, напрыклад, спэцпрадстаўніком па вырашэньні крызісу.
Гэта зусім іншы статус, ён можа захоўваць за сабой дыпляматычны статус, але пры гэтым адкрывае зусім іншыя магчымасьці. Можна дзейнічаць значна шырэй, чым амбасадар. А амбасадар у сучасных умовах у Беларусі можа займацца толькі маніторынгам сытуацыі. Што ён яшчэ можа рабіць, калі яго ня слухае ніводная галіна ўлады? Таму я ацэньваю гэта як станоўчы момант для амэрыканцаў і як адмоўны для рэжыму.
Таксама адкрываецца фармат фармаваньня нейкага вялікага міжнароднага лобі, калі амэрыканцы могуць значна шырэй ахопліваць міжнародны кантэкст. Беларусь сёньня — гэта пагроза Эўропе найперш. Магчыма, Беларусь стане пагрозай сьвету, калі Лукашэнка зоймецца ўжо кантрабандай не цыгарэтаў, а, напрыклад, радыяактыўных адкідаў. Усе цудоўна разумеюць, што калі ён прагаворваецца, то, як правіла, гэта робіць.
У гэтым фармаце ў Джулі Фішэр ёсьць магчымасьць ствараць эўрапейскую кааліцыю, гатовую да жорсткіх захадаў, задзейнічаць міжнародныя структуры. Я ня бачу цяпер у фармаце амбасадараў эфэктыўных мэтадаў. І гэта не таму, што яны ня хочуць, а таму, што такіх магчымасьцяў цяпер проста няма. Ты пэрманэнтна зьвязаны пагрозай высылкі, разрыву адносінаў і гэтак далей. Я думаю, што захаваецца неабходны фармат супрацоўнікаў консульства, хай і 5 чалавек. Больш там рабіць цяпер няма чаго. Пытаньне цяпер у міжнароднай каардынацыйнай працы.
- 11 жніўня, ў сувязі з уводам новых амэрыканскіх санкцыяў, улады Беларусі прапанавалі ЗША да 1 верасьня скараціць колькасьць свайго прадстаўніцтва ў Менску да 5 чалавек.
- Апрача гэтага, Беларусь адклікала сваю згоду на прызначэньне Джулі Фішэр амбасадаркай ЗША ў Менску.
- Таксама ўлады Беларусі заявілі, што спыняюць узгадненьне ўсіх новых праектаў, грантаў і праграм па лініі ўраду ЗША да «аднаўленьня даверу» паміж краінамі.
- Джулі Фішэр прызначылі амбасадаркай у Беларусі зь сьнежня 2020 году, аднак улады Беларусі ня выдалі ёй візы для ўезду ў краіну, і таму Фішэр працуе зь Літвы.
- «Урад Злучаных Штатаў, амбасадарка Джулі Фішэр і супрацоўнікі амбасады ЗША ў Менску працягнуць працу ў падтрымку народу Беларусі. Амэрыканскія дыпляматы будуць працягваць узаемадзейнічаць зь беларусамі, у тым ліку зь лідэрамі прадэмакратычнага руху, прафэсіяналамі СМІ, студэнтамі, настаўнікамі, спартоўцамі і іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, дзе б яны ні знаходзіліся. Злучаныя Штаты будуць працягваць супрацоўнічаць з элемэнтамі грамадзянскай супольнасьці і незалежнымі СМІ ў падтрымку асноўных свабодаў народу Беларусі», — гаворыцца ў заяве амбасады ЗША.