Што такое «Сход»?
На сайце праекту пазначана, што «Сход» — гэта «незалежная палітычная ініцыятыва, за якой не стаяць нейкія палітычныя сілы, альбо партыі», і якая «створаная для выражэньня меркаваньняў і інтарэсаў народу Беларусі, але не замяняе сабой органы дзяржаўнай улады і кіраваньня».
Пляцоўка была ўтвораная зімой 2021 году як альтэрнатыва Ўсебеларускаму народнаму сходу, арганізаванаму Лукашэнкам. Каб стаць дэлегатам «Сходу», неабходна было запоўніць заяўку на адмысловай лічбавай плятформе — запоўніць анкету і запісаць відэазварот зь пералікам праблемных момантаў для пэўнага рэгіёну, якія народны прадстаўнік зьбіраецца вырашаць.
Паводле задумы, у наступныя пасьля рэгістрацыі патэнцыйнага кандыдата тры дні можна было прагаласаваць за прэтэндэнта, які спадабаўся найбольш. Галасаваньне адбывалася праз вайбэр ці тэлеграм з уключанай геалякацыяй.
Колькі «дэлегатаў» там зарэгістравалася?
Агулам на 328 акругаў (яны часткова паўтараюць схему адміністрацыйнага падзелу Беларусі. — РС) заяўкі падалі больш за 400 чалавек. Сярод іх хапала і вядомых асобаў. Напрыклад, дыплямат Ігар Ляшчэня, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, палітоляг Уладзімер Мацкевіч, аналітык Андрэй Ягораў, сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, адзін з кіраўнікоў БХД Дзяніс Садоўскі, былы старшы віцэ-прэзыдэнт кампаніі EPAM Systems Максім Баграцоў, бізнэсовец Валер Астрынскі, грамадзкія актывісты Ўладзімер Шанцаў, Ільля Дабратвор, Хрыстафор Жаляпаў, Андрэй Комлік-Ямацін ды іншыя.
«Уся краіна разьбіта на віртуальныя ўчасткі, якія адпавядаюць адміністрацыйнаму падзелу Беларусі. Кандыдаты ў дэлегаты запаўняюць анкеты і вылучаюцца ад сваіх участкаў. Галасаваньне адбываецца пры дапамозе чат-боту», — тлумачылі ініцыятары.
Чым займаліся ўдзельнікі «Сходу»?
Пераважна абмеркаваньнем разнастайных тэмаў і праблемаў у віртуальным фармаце. На сайце праекту ў вольным доступе выкладзеныя запісы такіх абмеркаваньняў, зробленыя праз плятформу Zoom. Апошні запіс датуецца 27 ліпеня 2021 году, ён прысьвечаны разьвіцьцю самой пляцоўкі і фарматам далейшай працы «Сходу».
Абмяркоўвалі ўдзельнікі ініцыятывы і праблему сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, патрабаваньне вызваліць Віктара Бабарыку, падрыхтоўку да мясцовых выбараў і іншыя пытаньні.
Акрамя непасрэдна ўдзелу ў абмеркаваньні, кожны зарэгістраваны ўдзельнік мае права галасаваць па тым ці іншым пытаньні. Вынікі галасаваньняў таксама дасяжныя ў адкрытым доступе.
Што здарылася 11 жніўня?
Паводле праваабаронцаў з цэнтру «Вясна», у першай палове дня сілавікі прыйшлі адразу да некалькіх дзясяткаў зарэгістраваных «дэлегатаў» плятформы «Сход».
Ператрусы прайшлі ў
- Алены Радаман,
- Юрыя Пісарчука,
- Уладзіміра Каралёва,
- Уладзімера Мельніка (вызвалілі пасля допыту),
- Аляксея Багушэвіча,
- Максіма Жукава (вызвалілі пасля допыту),
- Івана Бялецкага,
- Ігара Ляшчэні (былы амбасадар Беларусі ў Славакіі),
- Алены Патаповіч,
- Паўла Якуты,
- Вольгі Казановіч,
- Аляксея Адамовіча (выпусцілі пасля допыту ў КДБ),
- Аляксея Плавінскага (вызвалілі пасля допыту),
- Сяргея Ванінскага (вызвалілі пасля допыту),
- Аляксея Дзеравягі (вызвалілі пасля допыту),
- Натальлі Абрашына-Жадаевай (вызвалілі пасля допыту),
- Радзіслава Фяцісава (вызвалілі пасля допыту),
- Дзяніса Садоўскага (вызвалілі пасля допыту з падпіскай аб неразгалошванні),
- Васіля Лапаціна (вызвалілі пасля допыту),
- Аляксандра Малашыва,
- Ігара Новіка (Нясьвіж, вызвалілі),
- Мікалай Стрэха (верагодна, затрыманы, яго тг-канал захоплены).
На сувязь не выходзяць Алексей Блажэвіч, Яўген Пратасеня. Міліцыянты таксама тэлефанавалі Максіму Лімонаву, Паўлу Самусеву.
З чым зьвязанае правядзеньне ператрусаў, па якім артыкуле ўзбуджаная крымінальная справа і ці ўзбуджаная яна ўвогуле, ці датычыць яна дзейнасьці «Сходу», пакуль невядома.
Частку ўдзельнікаў «Сходу» затрымалі раней, яшчэ да 11 жніўня. Напрыклад, філёзафа і мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча.