Затрымалі адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага
Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку ягоная жонка Тацяна Ўсіновіч.
«Сёньня раніцай інтэлігентныя людзі падышлі да Дзяніса Садоўскага, суправадзілі яго разам з дачкой да лякарні на аналізы і назад. Сувязь зь ім зьнікла. Віялета паднялася дадому адна, машына стаіць каля дома», — напісала Тацяна Ўсіновіч.
Празь некалькі гадзін яна паведаміла, што ў іх кватэры адбыўся вобшук, Дзяніс Садоўскі ўжо дома пад падпіскай аб неразгалошваньні.
У Менску затрымалі таксама
- Аляксея Адамовіча,
- Вольгу Казановіч,
- Ульяну Калуцкіх,
- Паўла Якуту.
Аляксей Адамовіч — трэнэр і трыятляніст. Па яго прыйшлі на працу і павезьлі яго дадому на вобшук, які праводзіўся ў крымінальнай справе за арганізацыю ці актыўны ўдзел у беспарадках (арт. 342 КК), паведаміў «Белсат». Мінулым разам яго затрымалі 27 сьнежня, калі ён вяртаўся з трэніроўкі, і арыштавалі на 10 содняў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (23.34 КаАП). Праз гэта ён страціў працу настаўніка фізкультуры ў школе. Аляксей з жонкай гадуюць двух непаўналетніх сыноў.
Паводле «Белсату», затрыманьне Дзяніса Садоўскага, імаверна, зьвязанае з тым, што ён быў прадстаўніком плятформы «Сход», як і іншыя затрыманыя.
Ператрус у амбасадара Ляшчэні і іншых дэлегатаў «Сходу»
Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», сапраўды адбываецца «зачыстка» дэлегатаў плятформы «Сход». У СМІ паведамляецца пра затрыманьні і ператрусы сама менш у пяці чалавек.
Паведамляецца пра ператрус у былога амбасадара Беларусі ў Славаччыне Ігара Ляшчэні. Пасьля выбараў ён асудзіў гвалт і пакінуў пасаду. Ляшчэня — адзін з дэлегатаў плятформы «Сход».
Як паведаміла @euroradio, сілавікі прыйшлі зь ператрусам да былога амбасадара Беларусі ў Славаччыне Ігара Ляшчэні. Журналісты @euroradio спрабуюць зьвязацца зь ім, але ён не выходзіць на сувязь. Ня выключана, што ператрус зьвязаны зь дзейнасьцю Ляшчэні на плятформе «Сход», дзе ён быў першым старшынём.
З 55 дэлегатаў у Менску пра факты перасьледу правааабаронцам сёньня вядома ў адносінах паловы зь іх.
Ператрусы прайшлі ў
- Алены Радаман,
- Юрыя Пісарчука,
- Уладзіміра Каралёва,
- Уладзімера Мельніка (вызвалілі пасля допыту),
- Аляксея Багушэвіча,
- Максіма Жукава (вызвалілі пасля допыту),
- Івана Бялецкага,
- Ігара Ляшчэні (былы амбасадар Беларусі ў Славакіі),
- Алены Патаповіч,
- Паўла Якуты,
- Вольгі Казановіч,
- Аляксея Адамовіча (выпусцілі пасля допыту ў КДБ),
- Аляксея Плавінскага (вызвалілі пасля допыту),
- Сяргея Ванінскага (вызвалілі пасля допыту),
- Аляксея Дзеравягі (вызвалілі пасля допыту),
- Натальлі Абрашына-Жадаевай (вызвалілі пасля допыту),
- Радзіслава Фяцісава (вызвалілі пасля допыту),
- Дзяніса Садоўскага (вызвалілі пасля допыту з падпіскай аб неразгалошванні),
- Васіля Лапаціна (вызвалілі пасля допыту),
- Аляксандра Малашыва,
- Ігара Новіка (Нясьвіж, вызвалілі),
- Мікалай Стрэха (верагодна, затрыманы, яго тг-канал захоплены).
На сувязь не выходзяць Алексей Блажэвіч, Яўген Пратасеня. Міліцыянты таксама тэлефанавалі Максіму Лімонаву, Паўлу Самусеву.
Таксама затрымалі трэнэра па трыятлёне Аляксея Адамовіча, які ў сьнежні 2020 году адбыў адміністрацыйны арышт.
Ператрусы у дамах анархістаў
Раніцай сілавікі прыйшлі зь ператрусамі па месцы рэгістрацыі прынамсі да васьмі актывістаў і актывістак анархісцкага руху ў Менску, Кобрыні, Гомлі, Горадні і іншых гарадах. Сама меней траіх затрымалі. Некаторыя з актывістаў ужо выехалі за мяжу, але ў іхных бацькоў і блізкіх пытаюцца, дзе яны, як зь імі зьвязацца, выклікаюць на гутаркі на працы.
Дома ў журналіста і актывіста Аляксандра Вялітчанкі прайшоў ператрус у крымінальнай справе
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што раніцай супрацоўнікі ГУБАЗіК па Гомельскай вобласьці прыходзілі па месцы прапіскі журналіста-фрылансэра і актывіста Аляксандра Вялітчанкі.
Аднак дома нікога не засталі. Тады да маці Аляксандра, якая цяпер у працоўным адпачынку, патэлефанавалі з працы і тэрмінова выклікалі яе на размову да ідэоляга прадпрыемства.
Калі жанчына прыйшла на працу, там яе сустрэлі два супрацоўнікі, пасьля чаго адвезьлі дадому і правялі вобшук. У паперы на правядзеньне ператрусу значылася ня менш як пяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У выніку ператрусу забралі адзін стары ноўтбук.
Таксама міліцыянты цікавіліся, дзе Аляксандар Вялітчанка, сказалі маці, што ён пададзены ў крымінальны вышук.
Напрыканцы ёй далі на подпіс паперу, у якой значылася, што супрацоўнікі паводзілі сябе карэктна і дзейнічалі ў межах закону.
Летась у кастрычніку Аляксандра Вялітчанку арыштавалі на 10 дзён, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў акцыі пратэсту, якая праходзіла 23 жніўня. Вялітчанка тады віны не прызнаў і заявіў, што працаваў на акцыі журналістам — здымаў падзеі на фота і відэа.
Затрыманага за сьцяг пэнсіянэра забрала «хуткая»
Магілёўскага пэнсіянэра Івана Клішкова, затрыманага напярэдадні за бел-чырвона-белы сьцяг на сьцяне балькона, уначы з ізалятара забрала хуткая дапамога. Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай стаў гіпэртанічны крыз. У Івана Клішкова інваліднасьць 3-й групы, паведаміла «Вясна».
Ператрус у актывісткі ТБМ
Паводле праваабаронцаў, праходзіць ператрус у сябра магілёўскай арганізацыі ТБМ Валянціны Краско. Прычыны невядомыя. Пра гэта паведаміла ў Facebook яе сяброўка.
Супрацоўніка «Нафтану» арыштавалі за БЧБ-налепку на бампэры
36-гадовага рабочага «Нафтану» Сяргея Хвасьцянка затрымалі 9 жніўня ў Менску каля ўнівэрсама «Цэнтральны» на праспэкце Незалежнасьці. У Сяргея зламалася машына, і ён спыніўся на дарозе. Пабачыўшы гэта, да яго пад’ехалі супрацоўнікі ДАІ і прапанавалі дапамогу. Але на бампэры супрацоўнікі заўважылі бел-чырвона-белую налепку, якая, па словах Сяргея, залеплівала дзірку цягам пяці гадоў, паведамляе тэлеграм-канал «„Вясна“ назірае».
Замест дапамогі Сяргея Хвасьцянка адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, дзе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.
Справу Хвасьцянка 10 жніўня разглядаў судзьдзя Цэнтральнага суду Дзьмітры Карсюк. Сьведка-міліцыянт расказаў, што затрымліваў Сяргея разам з супрацоўнікамі АМАПу. Ён сьцьвярджаў, што Хвасьцянок адразу заявіў, што такім чынам выказвае свае палітычныя погляды. Сам мужчына назваў паказаньні міліцыянта няпраўдай.
Карсюк прысудзіў работніку «Нафтану» 15 дзён арышту.