Адпаведную пастанову 11 жніўня ўхваліў Кабінэт міністраў Украіны.
Пры ўхваленьні гэтага рашэньня ўрад кіраваўся Эўрапейскімі пэнітэнцыярнымі правіламі, якія дазваляюць увязьненым падтрымліваць кантакты з роднымі, зьнешнімі арганізацыямі і СМІ праз інтэрнэт, а таксама рашэньнямі Эўрапейскага суду па правах чалавека.
«Увязьненыя павінны мець магчымасьць кантактаваць з сродкамі масавай інфармацыі, калі няма пераканаўчых прычын для забароны гэтага ў мэтах бясьпекі, грамадзкіх інтарэсаў, абароны ахвяраў злачынства, іншых увязьненых або пэрсаналу», — адзначаецца ў абгрунтаваньні Міністэрства юстыцыі Ўкраіны.
Свабода пацікавілася, якія яшчэ правы маюць ва Ўкраіне затрыманыя асобы.
Пасылкі, перадачы, бандэролі
Колькасьць перадач не абмяжоўваецца. Пры гэтым вага пасылкі (перадачы) ня можа перавышаць 30 кіляграмаў, а бандэролі — 2 кіляграмаў. З прадуктамі харчаваньня можна перадаваць садавіну і гародніну. Паводле праваабаронцаў, у Беларусі садавіну і гародніну не прымаюць.
Асуджаныя, які адбываюць пакараньне ў папраўчых установах мінімальнага ўзроўню бясьпекі з палегчанымі ўмовамі ўтрыманьня, могуць атрымліваць у пасылках пляншэтны кампутар без магчымасьці апаратнай падтрымкі любых відаў SIM-карт, а таксама партатыўную тэхнічную прыладу для доступу ў інтэрнэт для адпраўкі зваротаў.
Новаўвядзеньні наконт пляншэту і партатыўнай прылады зьявіліся ва Ўкраіне тры гады таму. «Але дэ-факта яны пакуль не рэалізаваныя, бо насамрэч мы ўсе разумеем, што ўсе асуджаныя маюць уласныя мабільныя тэлефоны, і гэта сталы прадмет торгу з адміністрацыяй», — сказаў Свабодзе намесьнік кіраўніка праўленьня Харкаўскага інстытуту сацыяльных дасьледаваньняў Андрэй Чарнавусаў, які ўжо шмат гадоў вывучае дзейнасьць праваахоўных органаў і пэнітэнцыярнай сыстэмы.
Паводле экспэрта, наяўнасьць тэлефонаў у асуджаных стала нелегальнай практыкай, якая замацавалася яшчэ да таго, як была ўведзена магчымасьць карыстаньня пляншэтамі. «На рэальны стан рэчаў гэтыя зьмены не ўплываюць. Людзі і так маюць доступ да інтэрнэту і сувязі ў калёніях. І робяць яны гэта за грошы», — дадаў Андрэй Чарнавусаў.
Спатканьні
Як і ў Беларусі, асуджаныя маюць права на кароткатэрміновыя і трывалыя спатканьні са сваякамі і іншымі асобамі.
Дазвол на спатканьні ва Ўкраіне выдае сьледчы або суд, які разглядае справу. Трывалыя спатканьні закон дазваляе праводзіць ня менш як адзін раз на тры месяцы.
Але гэта выключна для тых асобаў, якія ўжо адбываюць пакараньне. «Сьледчы ізалятар таму і зьяўляецца ізалятарам, што ён павінен ізаляваць чалавека, які падазраецца ў злачынстве, ад тых сувязяў, якія ён меў да злачынства. Бо калі дазволіць спатканьні ў СІЗА, то сэнсу ня будзе ізаляваць гэтага чалавека. Гэта супярэчыць мэтам крымінальнай юстыцыі — правесьці поўнае, усебаковае і аб’ектыўнае расьсьледаваньне, а аб’ектыўным яно ня можа быць, калі яму дазволіць спатканьні, таму ў ізалятары апрыёры ня можа быць спатканьняў», — патлумачыў экспэрт.
Пры жаданьні асуджаны можа патрабаваць відэаспатканьня са сваякамі і іншымі асобамі. Такія відэаспатканьні адбываюцца ў спэцыяльна абсталяваных памяшканьнях пад аўдыё- і відэазапіс.
Ліставаньне
Украінскае заканадаўства не абмяжоўвае ліставаньне затрыманых і асуджаных. Але яно адбываецца толькі праз адміністрацыю ўстановы выкананьня пакараньняў або ізалятара. Уся карэспандэнцыя, за выключэньнем зваротаў да праваабарончых арганізацый і адвакатаў, праглядаецца.
«Асабліва праглядаецца карэспандэнцыя тых, хто знаходзіцца ў распрацоўках апэратыўна-вышуковай дзейнасьці. Пытаньне ў тым, што ў нас ёсьць прывілеяваная карэспандэнцыя з амбудсмэнам, адвакатам, з Эўрапейскім судом па правах чалавека. Нібыта там усё нармальна, хоць мы неаднаразова назіралі, што падчас адпраўленьня такіх скаргаў супраць асуджаных чыніліся рэпрэсіі», — удакладніў Андрэй Чарнавусаў.
Тэлефонныя званкі
Украінскае заканадаўства не дае асобам, узятым пад варту, права на тэлефонныя размовы са сваякамі, адвакатамі ці іншымі асобамі.
Тэлефонныя размовы для ўжо асуджаных не абмяжоўваюцца, але яны мусяць адбывацца ў прадугледжаны для гэтага час паводле раскладу калёніі і ня могуць перавышаць 15 хвілін.
Побытавыя ўмовы
Паводле заканадаўства затрыманыя павінны атрымліваць у ізалятарах поўны пасьцельны набор. Але ўмовы не паўсюль аднолькавыя і добрыя.
„«Калі мы гаворым пра Кіеўскі СІЗА, які перапоўнены ў 2,5 раза. Там таксама вельмі кепска з умовамі. Калі мы гаворым пра лідэра рэйтынгу найлепшых ізалятараў — Сумскі СІЗА, то там усё ёсьць — ложкі, матрацы. Паводле пастановы затрыманыя павінны забясьпечвацца ўсім — матрацам, падушкай, коўдрай, пасьцельнай бялізнай і спальным месцам. Пытаньне ў тым, што стан гэтых рэчаў у розных ізалятарах розны. Казаць, што ў нас гэты мінімум дасягнуты і этап пройдзены, я яшчэ не магу. Вельмі часта людзі „заяжджаюць“ у ізалятар з уласнай пасьцельнай бялізнай», — расказаў Андрэй Чарнавусаў.
Экспэрт падкрэсьліў, што ва Ўкраіне ня могуць абмежаваць у побытавых умовах затрыманага ў залежнасьці ад злачынства ці правапарушэньня, у якім той падазраецца ці абвінавачваецца.
«У нас, на шчасьце, такога ўжо няма. Гэта ў нас ужо ня тое што не працуе. Гэта вельмі цяжка зрабіць і абмежаваць чалавека, не дазваляць яму харчавацца, піць, спаць ці гуляць. Асобныя выпадкі ёсьць, але ў большасьці выпадкаў нельга пазбавіць магчымасьці прагулкі. Гэта тыя рэчы, на якія дысцыплінарныя пакараньні не распаўсюджваюцца», — падкрэсьліў Андрэй Чарнавусаў.
Паводле яго, ёсьць абмежаваньні і ў відэаназіраньні за затрыманымі і асуджанымі. «Камэры не ахопліваюць зону туалетаў і душавых».
У той жа час экспэрт падкрэсьліў, што ва Ўкраіне толькі цяпер распачынаецца стварэньне сыстэмы відэаназіраньня ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы.