Паводле афіцыйнай інфармацыі, старшыня Савету Рэспублікі пазнаёмілася з жанчынамі, якія пражываюць у інтэрнаце са сваімі дзецьмі, і паразмаўляла зь дзяўчатамі, якія трапілі ва ўстанову непаўналетнімі.
3 ліпеня ў прэс-службе Савету Рэспубікі такую паездку абвяргалі:
«Гэта фэйкавая інфармацыя. Ні Натальля Качанава, ні нехта іншы з Савета Рэспублікі ў гэты момант у гомельскую калёнію не зьбіраўся».
Цяпер жа ў тэлеграм-канале Савету рэспублікі адзначаецца , што Натальля Качанава ўручыла «кожнаму дапытліваму хлапчуку і дзяўчынцы аб’ект для вывучэньня і гульні». У падарунак Дому дзіцяці перададзены кіслародны канцэнтратар. Цяпер ва ўстанове, якая ёсьць «паўнавартасным аналягам дзіцячага садка», 17 выхаванцаў.
Таксама чыноўніца наведала рэабілітацыйны цэнтар для асуджаных з залежнасьцю ад псыхаактыўных рэчываў. Гэта падразьдзяленьне адкрылася 1 ліпеня.
Паведамляецца, што ў кожным аддзяленьні Натальля Качанава сам-насам пагутарыла з асуджанымі. Размовы за зачыненымі дзьвярыма былі працяглыя і зьмястоўныя, пішуць дзяржаўныя мэдыі.
Раней былі таксама зьвесткі, што Натальля Качанава можа сустрэцца з асуджанымі журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай, актывісткай Вольгай Класкоўскай, грамадзянкай Швайцарыі Натальляй Хершэ ды іншымі палітвязьнямі, каб угаварыць іх напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.
Аднак журналіст Ігар Ільяш, які 3-4 жніўня меў доўгатэрміновае спатканьне са сваёй жонкай Кацярынай Андрэевай, паведаміў Свабодзе, што тая нават ня чула аб наведваньні чыноўніцай калёніі.