Паводле агучаных ЦВК зьвестак, Аляксандар Лукашэнка нібыта набраў 80,10%, Сьвятлана Ціханоўская — 10,20%. Аднак на шмат якіх участках незалежныя назіральнікі фіксавалі несумненную перавагу Ціханоўскай.
Ужо ўвечары 9 жніўня пачаліся масавыя пратэсты і затрыманьні, апошнія набылі маштаб рэпрэсій, якіх не было ў найноўшай гісторыі Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.
Роўна праз год, 9 жніўня 2021 году ў Беларусі 610 палітвязьняў, агулам некалькі тысяч чалавек чакаюць судоў альбо ўжо адбываюць турэмныя тэрміны ў палітычна матываваных справах. За кратамі знаходзяцца палітыкі, журналісты, навукоўцы, мастакі і прадстаўнікі іншых прафэсій.
Год таму сілавікі ўпершыню прымянілі супраць пратэстоўцаў гумовыя кулі, шумавыя гранаты і іншыя спэцсродкі. Былі моцна параненыя, а неўзабаве пасьля 9 жніўня зьявіліся і забітыя. За нечуваныя рэпрэсіі заходнія краіны наклалі асабістыя і сэктаральныя санкцыі на Лукашэнку і ягонае атачэньне.