У сярэдзіне 90-х Сяргея Кавалёва вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру — за прынцыповую пазыцыю адносна вайны ў Чачэніі, супраць якой ён выступаў зь першага дня і якую спрабаваў спыніць усім сваім сусьветным аўтарытэтам праваабаронцы, паплечніка Андрэя Сахарава.
Але прэміі ён не атрымаў — Эўропа не жадала празьмерна раздражняць Ельцына, як потым будзе асьцерагацца сварыцца з Пуціным. А магчыма, статус нобэлеўскага ляўрэата дазволіў бы Кавалёву адвярнуць Расею ад шляху, па якім яна пакацілася.
Напэўна, і ў гэтым выпадку шанец быў бы невялікі, проста мізэрны.
Але біяграфія Кавалёва, як і ягоных сяброў па савецкім дысыдэнцкім руху 1960-1970 гадоў — гэта прыклад змаганьня ва ўмовах, якія, здавалася б, увогуле не давалі ніякіх шанцаў.
Як і Васіль Быкаў, найвялікшай каштоўнасьцю ён называў чалавечае жыцьцё.
У траўні 96-га, калі кінутыя за краты арганізатары масавых пратэстаў супраць аб’яднаньня Беларусі і Расеі Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка абвясьцілі галадоўку, менавіта Сяргей Кавалёў паспрыяў іх вызваленьню (Ельцын патэлефанаваў Лукашэнку і фактычна загадаў яму выпусьціць Сіўчыка і Хадыку).
Прыгадваецца нашая зь ім размова ў чэрвені 1996-га ў Варшаве, калі Сяргей Адамавіч непакоіўся, што ствараецца «беларуска-расейскі стандарт правоў чалавека», падобны на той, які існуе ў азіяцкіх аўтакратыях, і што расейскія палітыкі гатовыя пайсьці на альянс з Кітаем. Пра Беларусь як палігон для адпрацоўкі дыктатарскіх прыёмаў казаў і Пазьняк, а вось трывога наконт супрацоўніцтва з адсталым Кітаем, якому ня хутка выкараскацца з эканамічных ды іншых праблемаў, мне здалася тады значна перабольшанай. Час пацьвердзіў слушнасьць прагнозу Кавалёва.
Потым яшчэ была сустрэча ў Празе, у пачатку 2000-га. Ягоная ацэнка новага лідэра Расеі была ляканічнай: «Уявіце, што ў пасьляваеннай Нямеччыне канцлерам выбралі былога падпалкоўніка СС».
У пуцінскай Расеі было зусім ня шмат вядомых грамадзкіх дзеячоў агульнанацыянальнага маштабу, якія без усялякіх агаворак падтрымлівалі незалежнасьць Беларусі: Сяргей Юшанкоў, Валерыя Навадворская, Сяргей Кавалёў.
Юшанкоў быў застрэлены ў 2003-м, Навадворская памерла ў 2014-м. Сёньня адышоў і Сяргей Кавалёў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.