Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Кавалёў: Расея нясе глябальную пагрозу


Расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў, старшыня праўленьня міжнароднага таварыства «Мэмарыял» узяў удзел у праграме «Тварам да падзеі» расейскай службы радыё Свабода. З праваабаронцам гутарыў Міхаіл Сакалоў.

Пра рэакцыю Захаду на ядзерныя пагрозы Расеі

...Вось пытаньне, якім я задаюся: уявім сытуацыю, што вельмі невялікі, параўнальны з Хірасімай і Нагасакі па магутнасьці ядзерны зарад скінуты на ня самы буйны эўрапейскі або амэрыканскі, заходні горад. Пытаньне: як адрэагуе на гэта Захад? Я баюся, што ў Крамлі знойдуцца многія, якія адказалі б на гэтае пытаньне так — здрэйфіць Захад. Фраер дасьць слабінку і кінецца ў перамовы.

Вось пытаньне. Я ня ўзяўся б адказаць на яго абнадзейваючым спосабам, я думаю, што гэтая магчымасьць вельмі верагодная. Калі вы маеце справу з бандытам, вы павінны разумець, што ветлівасьць у адносінах да яго зусім недарэчная. На самай справе, калі вы размаўляеце зь ім нармальнай ветлівым мовай, ён лічыць — фраер здрэйфіў, ён лічыць, што яго «бярэ». І правільна лічыць. Але ён не самазабойца. Калі ён разумее, што калі на яго нахабства прыйдзе самы рашучы адказ, ён ня будзе рабіць адчайных крокаў.

Я думаю, што калі дарадцы падтрымаюць спадара прэзыдэнта ў тым стаўленьні, што ды нічога, падумаеш, мы не такое бачылі, патопчам далей, яны ўсё забудуць, а потым будуць шукаць з намі мірных пагадненьняў.

Пра пазыцыю Эўропы ў пытаньні Ўкраіны і Алеся Бяляцкага

...Ёсьць галоўная мэта Масквы ва Ўкраіне — не пусьціць Украіну ў Эўропу.

Трэба сказаць, што, наогул кажучы, пазыцыя Эўропы, Эўразьвязу таксама не выклікае майго захапленьня. Вось вам, калі ласка, рэзкі прыклад. Я толькі нядаўна вярнуўся з Польшчы. У Варшаве была цалкам цікавая канфэрэнцыя. Падчас гэтай канфэрэнцыі Алесь Бяляцкі, які выйшаў з турмы па памілаваньні, выступаў і казаў: што ж вы здымаеце санкцыі з Лукашэнкі? Вы што, не разумееце, што ніякай дэмакратызацыі гэтае памілаваньне шасьці чалавек не ўяўляе сабой — гэта манэўр перадвыбарчы, гэта манэўр, накіраваны на Захад. Што адказаў яму польскі мадэратар, гэта быў МЗСаўскі чалавек, і канфэрэнцыя была арганізавана МЗСам? Ён сказаў: «Спадар Бяляцкі, вы некалькі месяцаў таму назад сядзелі ў турме. Вы зараз выйшлі, прыехалі і кажаце тут свабодна. Хіба гэта не прыкмета зьменаў прэзыдэнта Лукашэнкі, яго рухаў у патрэбным кірунку? А як жа, заахвоціць?»

Пра анэксію Крыму

...Я думаю, што гэта не пытаньне псэўдарэфэрэндумаў, якія там праводзіліся пры дапамозе, між іншым, «ветлівых чалавечкаў», якіх спачатку прэзыдэнт назваў невядомымі. Чаму яны аднолькава апранутыя? Так ідзяце ў «Ваенгандаль» і купляеце, вось вам і зялёная форма. А потым сказаў: так, гэта былі нашы салдаты. Гэта выключны прыклад нічым ня стрыманай хлусьні. Гэта ўжо лічыцца ў парадку рэчаў.

Ёсьць міжнароднае пагадненьне, у якім прымала ўдзел Расея, яна яго парушыла — вось і ўсё. Гэта не пытаньне народу — гэта пытаньне ўлады, якая абавязана па законе і па канстытуцыі, пакуль яшчэ ня выкрасьлена гэта з канстытуцыі, хоць намеры такія ёсьць, абавязаная выконваць міжнародныя дамовы. Калі ёсьць жаданьне і падставы падвергнуць гэтыя пагадненьні перагляду, яны павінны быць падвергнуты перагляду, адпаведна з працэдурай перагляду міжнародных пагадненьняў, і толькі так. Таму Крым належыць Украіне.

Я вельмі баюся, што той сукупны Захад, пра які я ўжо крытычна выказваўся, пачынае забываць гэта, як Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, і забудзе у рэшце рэшт. І гэта глябальная небясьпека. Я думаю, што наша краіна Расея нясе з поўнай відавочнасьцю глябальную пагрозу, і справа міжнароднай супольнасьці зразумець гэта і змагацца з гэтым. У гэтай пазыцыі ў мяне быў бясспрэчны папярэднік — Андрэй Дзьмітрыевіч Сахараў. Што рабіў Сахараў? Ён, пастаянна, зьвяртаючыся да Захаду, казаў: гэта небясьпечна для ўсіх, гэта небясьпечна для ўсіх, хто жыве на плянэце Зямля, трэба з гэтым змагацца. За гэта ён атрымаў усё тое, што ён атрымаў.

Пра верагоднасьць расейскага Майдану і пазыцыю інтэлектуальнай эліты

Калі казаць пра тое, ці будзе ў нас у Маскве Майдан, думаю, што ня будзе, і дзякуй Богу. Чаго б мне хацелася, каб было — мне хацелася б бунту інтэлектуалаў. Мне б хацелася, каб нашы інтэлектуалы зразумелі ганебнасьць спасылак на неабходнасьць разьвіцьця тэатру, вельмі карыснага для грамадзтва, і спасылаючыся на гэтую неабходнасьць, вылізваць вядомыя месцы вядомых пэрсон. Вось гэта агідна.

На самай справе ў часы Андрэя Дзьмітрыевіча, я ўяўляў сабе структуру навукі і культуры — людзей прыкладна сахараўскага ўзроўню было чалавек 15-20 у акадэміі. Андрэй Дзьмітрыевіч распавядаў мне пра гутаркі зь некаторымі калегамі, я іх ня буду зараз называць, многія зь іх казалі: Андрэй Дзьмітрыевіч, вы салдат, а я не салдат, я займаюся сваёй навукай. Наколькі я ведаю, у такім не апошнім навуковым цэнтры ў горадзе Троіцк, дзе маецца добрая арганізацыя навукоўцаў, дзе выдаецца выдатная газэта «Траецкі варыянт», у гэтым Троіцку пераважае такі пункт гледжаньня: мы не ўмешваемся ў палітыку да таго часу, пакуль палітыка не ўмешваецца у навуку. Мне здаецца, што кепская пазыцыя, гэта не грамадзянская пазыцыя. Ужо папракнуць Сахарава ў тым, што яму былі чужыя інтарэсы навукі, ніяк нельга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG