Сяргей Кавалёў — легендарны савецкі дысыдэнт, удзельнік праваабарончага руху ў СССР і постсавецкай Расеі, расейскі палітычны і грамадзкі дзяяч.
З 1960-х гадоў ён браў актыўны ўдзел у руху за абарону правоў чалавека ў СССР. У 1974 быў асуджаны ў Вільні на сем гадоў калёніі і тры гады высылкі за «антысавецкую агітацыю і прапаганду». Быў Паўнамоцным прадстаўніком у правах чалавека ў Расеі і пакінуў гэтую пасаду на знак пратэсту супраць адыходу Барыса Ельцына ад палітыкі дэмакратычных рэформаў. У чэрвені 1995 году Сяргей Кавалёў удзельнічаў у вызваленьні закладнікаў у Будзёнаўску.
Кавалёў — адзін з аўтараў Расейскай дэклярацыі правоў чалавека і грамадзяніна і 2-га разьдзелу Канстытуцыі Расеі («Правы і свабоды чалавека і грамадзяніна»). Быў старшынём Расейскага гісторыка-асьветніцкага і праваабарончага таварыства «Мемориал», прэзыдэнтам арганізацыі «Інстытут правоў чалавека».
Сяргей Кавалёў узначальваў камісію Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў справе зьніклых у Беларусі і сьцьвярджаў: «Беларуская ўлада заведама датычная да зьнікненьняў і найбольш імаверных забойстваў Ганчара і Красоўскага». Тлумачыў сваю пазыцыю так: «Палітык стварае ня толькі атмасфэру ў краіне, ён стварае, калі хочаце, мэханізмы ўладнага самавольства».
Сяргей Кавалёў падтрымліваў дэмакратычныя сілы ў Беларусі. У свой час дзякуючы ў тым ліку і звароту Кавалёва да ўпаўнаважанага ў правах чалавека Расеі Ўладзіміра Лукіна Барыс Ельцын дамогся ад Аляксандра Лукашэнкі вызваленьня галадоўнікаў Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка з турмы ў 1996 годзе. Ён рабіў намаганьні, каб Расея паўплывала на Лукашэнку ў справе вызваленьня палітвязьня Сяргея Каваленкі.
Пра Беларусь і Расею Сяргей Кавалёў казаў: «Месца права ў нашых краінах займае ўладнае самадурства».
Па бацьку Сяргей Адамавіч Кавалёў быў беларус.