Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жабінцы затрымалі сына забітага Генадзя Шутава


Дзьмітры Шутаў
Дзьмітры Шутаў

У ягоным доме правялі агляд, а разам зь ім затрымалі яшчэ 14 чалавек.

Раніцай суботы ў Жабінцы міліцыянты затрымалі 24-гадовага Дзьмітрыя Шутава — сына забітага 11 жніўня мінулага году Генадзя Шутава. Гэта здарылася каля 7 гадзін раніцы, Дзьмітры жыве з маці, піша Zerkalo.io.

Сястра Дзьмітрыя Шутава Анастасія сказала, што атрымала паведамленьне пра ператрус ці агляд ад маці. На словах сілавікі забіралі Дзьмітрыя «для гутаркі», але насамрэч затрымалі яго на 72 гадзіны. Па якой справе — невядома. Разам з Шутавым-малодшым, як той пасьпеў паведаміць, затрыманыя яшчэ чатыры жыхары Жабінкі. Агулам у горадзе затрымалі 15 чалавек.

Што было напісана ў пастанове на ператрус або агляд, родныя Дзьмітрыя дакладна ня ведаюць, бо не змаглі ўважліва разгледзець паперу. Па словах Анастасіі, у пастанове гаварылася аб тэлеграм-канале, які прызнаны ўладамі экстрэмісцкім.

Дзьмітрыя Шутава раней не затрымлівалі, кажа сястра. Да нядаўняга часу ён працаваў ахоўнікам у гіпэрмаркеце ў Берасьці, а нядаўна ўладкаваўся на новую працу. Але да затрыманьня пасьпеў там адпрацаваць толькі два дні.

Берасьцеец Генадзь Шутаў загінуў ад агнястрэльнага раненьня, якое атрымаў позна ўвечары 11 жніўня, падчас акцыі пратэсту ў абласным цэнтры. Відавочцам падзей стаў яго сябар Аляксандар Кардзюкоў. Пасьля канфлікту з двума асобамі (на судзе стала вядома, што гэта вайскоўцы-спэцназаўцы Гаўрылаў і Галіцын), які скончыўся для Шутава агнястрэльным раненьнем у патыліцу, Кардзюкову ўдалося ўцячы. Яго затрымалі 14 жніўня. Кардзюкоў пасьпеў расказаць свайму суседу па гаражах, што змог схавацца ад сілавікоў пад бальконам аднаго з дамоў на Маскоўскай вуліцы.

Пры гэтым спэцназаўцаў, якія ўдзельнічалі ў забойстве Шутава, у справе прызналі пацярпелымі, а Кардзюкова і забітага прызналі вінаватымі. Кардзюкоў адбывае 10-гадовае пакараньне ў калёніі. Крымінальную справу па факце гібелі Генадзя Шутава так і не распачалі. Супраць сілавікоў пасьля падзей 9 жніўня ў Беларусі не завялі ніводнай крымінальнай справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG