Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«У маім пад’езьдзе засталіся адны жанчыны. Мужчын затрымалі». Жабінку «зачысьцілі» за папсаваныя партрэты Лукашэнкі

«У маім пад’езьдзе засталіся адны жанчыны. Мужчын затрымалі». Жабінку «зачысьцілі» за папсаваныя партрэты Лукашэнкі


Яўген Гараднічук (зьлева) на акцыі ў Кіеве.
Яўген Гараднічук (зьлева) на акцыі ў Кіеве.

Яўгену Гараднічуку з Жабінкі 21 год. Ён малюе, фатаграфуе, піша вершы. Адразу пасьля школы пайшоў працаваць. Трапляў пад затрыманьні, адбыў «суткі». У траўні яго пабілі ў ІЧУ за тое, што ў Жабінцы нехта разьвесіў папсаваныя партрэты Лукашэнкі.

«Той травеньскі досьвед у ІЧУ я буду памятаць доўга. 15 сутак раней у параўнаньні з травеньскім затрыманьнем – проста благі піянэрскі лягер. Я і цяпер не магу спаць, усё цела сьвярбіць. Лекары кажуць, што гэта ад стрэсу», – кажа Яўген.

«Сьвятлашумавыя гранаты, гумавыя кулі – і гэта ў нашай ціхай Жабінцы!»

«Я ня быў прыхільнікам улады. Бо з боку ўлады было вечнае ўшчамленьне правоў. Калі мы зь сябрамі спрабавалі пачаць дробны бізнэс, то натыкаліся на непрыемныя рэчы кшталту абмежаваньняў, падаткаў і гэтак далей. У нас бізнэс, калі ён «чысты», то добра, калі выйдзе ў нуль.

У жніўні выйшаў на пратэсты сьвядома. Не чакаў, што будзе менавіта так, як здарылася. Думаў, мо людзі пашумяць, як у 2010-м, іх «супакояць» і ўсё будзе, як раней. 9 жніўня ў Жабінцы сабралася шмат людзей, у асноўным была моладзь. Дачакаліся вынікаў «выбараў», паглядзелі на кардон вайскоўцаў з тэрміновай службы і разышліся.

Акцыя пратэсту ў цэнтры Жабінкі ў жніўні 2020
Акцыя пратэсту ў цэнтры Жабінкі ў жніўні 2020

10 жніўня людзі мірна сабраліся на плошчы. Калі супраць людзей пачалі раптам ужываць сьвятлашумавыя гранаты ды гумавыя кулі, мы проста ў шоку былі! Бо ў нашым горадзе такога век ніхто ня бачыў. І 10-га, і 11 жніўня працягвалі хапаць людзей. Шмат маіх знаёмых пацярпелі і маральна, і фізычна.

У верасьні людзей ужо «пакавалі» па рэшткавым прынцыпе – проста тых, хто на вочы трапляўся. Заявіліся міліцыянты і да мяне дахаты, правялі ператрус, мяне кінулі на 15 сутак. У Жабінцы ў нас тады падстаў для затрыманьня была процьма: ці белыя з чырвоным пальчаткі для агароду, ці біта на сьцяне ў некага вісела, ці салетра была – нібыта тэарэтычна зь яе можна зрабіць выбухоўку... У мяне знайшлі сьцяг, ды і на той момант мы ў прынцыпе яшчэ ня так хаваліся – тэлефоны тады яшчэ не прывучыліся чысьціць.

Калі пачалі ўсіх трэсьці, затрымліваць, людзі сьцішыліся. Менш стала партызанскіх і дывэрсійных акцый.

Яўген Гараднічук
Яўген Гараднічук

Раскажу адзін прыклад, як я страціў свайго сябра. Мы хадзілі разам у дзіцячы садок, потым у школу. Потым ён паступіў у Вайсковую акадэмію. Пад здымкамі ў інтэрнэце пра розныя акцыі ён пачаў пісаць: «Жывёлы, сукі, так ім і трэба!» – і гэта ў бок людзей! Карацей, больш я ня маю сябра.

Узімку яшчэ мяне цягалі па судах, атрымліваў штрафы. Потым усё заціхла. Было вельмі ціха – люты, сакавік, красавік. А ў траўні пачалося».

«Мае ныркі адчулі грубую мужчынскую сілу»

«Неяк жыцьцё пачало наладжвацца. Я зьбіраўся на заробкі ў Польшчу ехаць. І тут зноў прышлі. Ды ня толькі па мяне. Мне здаецца, у тыя дні, 19-20 траўня, схапілі да 35 жыхароў Жабінкі. Калі я вярнуўся з ІЧУ, то ў маім пад’езьдзе засталіся адны жанчыны. Усіх мужчын з пад’езду затрымалі. Да мяне прыйшоў АМАП і некалькі ў цывільным. Я зразумеў, што нічога вясёлага тут ня будзе. У мяне якраз адпачываў таварыш зь дзяржаўнай структуры. Ён пачаў задаваць пытаньні – чаму, за што? Забралі і яго. Кватэру перавярнулі дагары нагамі, мяне павезьлі зь мехам на галаве і ў кайданках у Берасьце, у ГУБАЗіК.

Потым мы даведаліся, што нехта разьвесіў па Жабінцы партрэты Лукашэнка ў г...не. Вось так шукалі вінаватых. Нават бралі аналіз калу.

Нас, затрыманых, завезьлі ў Кобрынь, у ІЧУ. І там трохі памялі косьці. Мае ныркі адчулі грубую мужчынскую сілу. Карацей, «выбівалі з нас дурыкі». У ІЧУ не было ні бялізны, ні матрацаў, і праз кожныя дзьве гадзіны нас «правяралі» – выводзілі на калідор, «шманалі», лаяліся матам.

Яўген Гараднічук
Яўген Гараднічук

На трэці дзень у мяне быў допыт. Была нейкая сьледчая зь Пінску і дзяржаўная адвакатка, якая не напружвалася. Па выніку пасьля допыту (яны хацелі ведаць, хто разьвесіў тыя партрэты) мяне адпусьцілі. Але, як толькі вярнуўся дахаты, мне сказалі, што з панядзелка будуць браць усіх паўторна. Ды і сьледчая мне казала, што яшчэ будзе выклікаць і дапытваць.

Ранкам я паехаў на Маскву, адтуль – у Кіеў».

«Лёс паскорыў мой ад’езд»

«Я ўжо быў за межамі Беларусі, калі прыяцелі напісалі, што мяне шукае міліцыя. Потым пачалі цягаць у аддзел усіх, хто сябраваў ці кантактаваў са мной.

Я не аматар скардзіцца, але спаць я ня мог нават у Кіеве. Пачую стук – і прачынаюся з думкай, што я ў ІЧУ, прыйшла праверка, а я сплю. Здаецца, тут я ў бясьпецы, але мяне не адпускае. Сьвярбіць усё цела. Лекары кажуць, што ад стрэсу, і таму нічога нельга зрабіць, пакуль ня пройдзе стрэс. Той травеньскі досьвед даўся мне ў знакі.

Пакуль жыву ў Кіеве, але пляную ехаць у Польшчу працаваць. Я яшчэ ў траўні зьбіраўся ды не сабраўся. А тут лёс паскорыў мой ад’езд.

Яўген Гараднічук
Яўген Гараднічук

Пакуль я не пляную вяртацца. Нават калі ўлада зьменіцца. Хачу застацца жывым, здаровым, і каб усё было добра з блізкімі і роднымі.

Я трымаю сувязь з Жабінкай і ведаю, што там абстаноўка дагэтуль гарачая – людзей затрымліваюць, вечарам па горадзе патрулі ходзяць. На мой погляд, наш горад нароўні зь іншымі зрабіў вялікі ўнёсак у пратэсты, і гэта ня мусіць забывацца. Веру ў сваіх землякоў, выказваю ім падзяку і падтрымку.

Я ўдзячны за падтрымку ад маёй маці, удзячны тату за выхаваньне, хоць яго цяпер няма з намі. Але ён бы не застаўся ўбаку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG