Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кангрэсе ЗША заклікаюць стварыць міжнародны трыбунал у справе Лукашэнкі і не даваць яму грошы МВФ


Крыстафэр Сьміт (зьлева)
Крыстафэр Сьміт (зьлева)

Кангрэсмэны лічаць, што супраць беларускага дыктатара неабходныя фінансавыя санкцыі і правядзеньне міжнароднага трыбуналу.

Апошнія падзеі вакол Беларусі — сьмерць у Кіеве кіраўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова, ўцёкі з Токіё ў Польшчу спартоўкі Крысьціны Ціманоўскай, штучна створаны Менскам крызіс з уцекачамі на мяжы зь Літвой — сур’ёзна хвалююць чальцоў групы «Сябры Беларусі» ў Кангрэсе ЗША, перадае Голас Амэрыкі.

Аб’яднаньне кангрэсмэнаў у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі было створана падчас нядаўняга візыту ў Вашынгтон лідэра беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай. Двое зь яго заснавальнікаў — рэспубліканец, дэпутат ад Нью-Джэрзі Крыстафэр Сьміт і дэмакрат, дэпутат ад Масачусэтса Ўільям Кітынг — расказалі Голасу Амэрыкі пра свой падыход да крызісу ў Беларусі.

Як кажа Крыстафэр Сьміт, сустаршыня Камісіі правоў чалавека ў Палаце прадстаўнікоў, сьмерць беларускага актывіста ва Ўкраіне вельмі нагадвае палітычнае забойства:

«Сьмерць Віталя Шышова ва Ўкраіне, якую цяпер расьсьледуюць украінскія праваахоўныя органы, мае ўсе прыкметы палітычнага забойства. Натуральна, расьсьледаваньне павінна быць працягнута, але гэта яшчэ мацней падкрэсьлівае факт, што рэжым здольны забіваць сваіх апанэнтаў за межамі краіны так жа, як гэта робіць Расея».

Крыстафэр Сьміт перакананы, што заходнія краіны ня толькі павінны працягнуць рэалізоўваць ужо прынятыя захады, але і пайсьці далей:

«Апошняя заява з нагоды санкцыяў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі была зроблена 21 чэрвеня сумесна Злучанымі Штатамі, Канадай, Брытаніяй і ЭЗ, і гэта было правільна. На гэтым тыдні мы, чацьвёра чальцоў групы „Сябры Беларусі“, напісалі ліст кіраўніцы ад ЗША ў Міжнародным валютным фондзе і заклікалі яе скарыстацца сваім правам стасоўна „спэцыяльных сродкаў пазычаньня“, якія можа атрымаць Беларусь, каб спыніць магчымасьць гэтага — гэтаксама як мы гэта зрабілі з Вэнэсуэлай. Гэтыя грошы можа выкарыстаць Лукашэнка, каб кампэнсаваць эфэкт ад санкцыяў, уведзеных ЗША, Канадай, Брытаніяй і ЭЗ. Гэта вельмі важна, і гэта трэба зрабіць неадкладна».

Кангрэсмэн-рэспубліканец таксама лічыць эфэктыўным зварот з прычыны дзеяньняў Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд:

«Лукашэнка вельмі спалоханы і знаходзіцца ў роспачы ад таго, што можа страціць уладу, — і гэта вельмі небясьпечны стан, ён гатовы на што заўгодна ў дачыненьні да беларускага народу. Ён гатовы на любы гвалт, і ЗША павінны гэта цалкам разумець — і дзейнічаць папераджальна. Мы мусім быць гатовыя заснаваць міжнародны трыбунал для разгляду яго злачынстваў».

«Я падтрымліваў заснаваньне падобных трыбуналаў па трагедыях у Руандзе, Сьера-Леонэ і былой Югаславіі. Я ўпэўнены, што Слобадан Мілошавіч, як і іншыя забойцы, ніколі ня думаў, што апынецца на лаве падсудных. Расея не была гэтым задаволеная, і яна наўрад ці будзе задаволеная ў выпадку прыцягненьня Лукашэнкі да адказнасьці, але паглядзіце, колькі людзей было забіта падчас яго кіраваньня, колькі тысяч беларусаў былі пабітыя і зьняважаныя на вуліцах гарадоў, і ён цалкам можа стаяць за гібельлю Віталя Шышова. Гэта ўсё можа быць таксама разгледжана Міжнародным крымінальным судом».

Кангрэсмен-рэспубліканец нагадаў, што «поўная падтрымка рэжыму Лукашэнкі — прапагандысцкая, фінансавая і нават вайсковая — ідзе з Масквы і робіць яе саўдзельніцай».

«Але, магчыма, у нейкі момант Пуціну трэба будзе ўсьвядоміць, што нязручнасьцяў ад гэтай падтрымкі для яго больш, чым выгадаў».

Гэтую пазыцыю падзяляе і Ўільям Кітынг, старшыня падкамітэту Палаты прадстаўнікоў ў пытаньнях Эўропы, энэргетыкі, навакольнага асяродзьдзя і кібэрбясьпекі. Камэнтуючы для Голасу Амэрыкі беларускія падзеі, ён кажа, што Крэмль насамрэч павінен быць незадаволены тым, што робіць Лукашэнка:

«Вольны сьвет працягвае назіраць за дзеяньнямі Лукашэнкі, вельмі небясьпечнымі ў адносінах да асобных людзей, але я думаю, што гэтыя дзеяньні складаюць праблему і для Расеі. Яны настолькі недапушчальныя, што могуць выклікаць пытаньні нават у Пуціна: ён наўрад ці можа быць задаволены тым, як Лукашэнка дзейнічае, асабліва калі казаць аб прымусовай пасадцы самалёта Ryanair. Такія дзеяньні толькі ўзмацняюць разлад унутры краіны, выклікаюць усё больш ціску і санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Нягледзячы на вонкавую згоду паміж Масквой і Менскам, я думаю, крокі Лукашэнкі не дапамагаюць яму ў адносінах з Расіяй».

Зь іншага боку, кангрэсмэн лічыць, што апазыцыйны рух у Беларусі ёсьць для Пуціна грозным папярэджаньнем:

«Калі гэтулькі людзей, нягледзячы на пагрозу іх жыцьцям, удзельнічаюць у пратэстах, калі адважныя жанчыны займаюць у гэтым руху лідэрскія пазыцыі, выходзяць на вуліцы і пасьпяхова зьвяртаюцца да беларускай дыяспары па ўсім сьвеце, Пуціна гэта ня можа не турбаваць з гледзішча яго ўнутранай сытуацыі — бо мы бачылі выхад на вуліцы сёлета і многіх людзей у Расеі».

На думку Ўільяма Кітынга, цяперашняя адміністрацыя ЗША лічыць неабходным каардынаваць з Эўразьвязам ціск на рэжым Лукашэнкі:

«У Белым доме разумеюць важнасьць каардынацыі ў працы над гэтай праблемай з нашымі саюзьнікамі, асабліва з краінамі Эўразьвязу. Вось жа пэўная затрымка канкрэтных крокаў у дачыненьні да Беларусі была зьвязана з тым, што мы спрабавалі сынхранізаваць нашыя дзеяньні, працаваць у тандэме. Такі тандэм шматкроць узмацняе наш ціск на рэжым для таго, каб дамагчыся правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў. Я думаю, што адміністрацыя дзейнічае рашуча, і таксама мяркую, што наша група „Сябры Беларусі“ ў Кангрэсе, у якой я сустаршыня, таксама настроена рашуча».

Кіраўнік падкамітэту Палаты прадстаўнікоў выказаў падзяку ўрадам Японіі і Польшчы «за тое, што яны вырашылі выправіць сытуацыю са спробай сілай пасадзіць Крысьціну Ціманоўскую на рэйс у Беларусь, забясьпечыўшы абарону ёй і яе мужу».

Што варта ведаць пра санкцыі ЗША

Першыя санкцыі, якія ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, прадугледжвалі блякаваньне ўласнасьці і актываў групы высокіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі распаўсюджваліся таксама і на сем’і гэтых чыноўнікаў. Ім таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

Пазьней асобам, у тым ліку і новым, якія папоўнілі сьпісы, забаранілі мець актывы на тэрыторыі ЗША і весьці бізнэс з амэрыканскімі партнэрамі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2010 году ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаранілі весьці бізнэс зь дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і шэрагам іншых прадпрыемстваў. Гэтак Злучаныя Штаты адрэагавалі на рэпрэсіі пасьля выбараў, у тым ліку на зьняволеньне шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Прадпрыемствам i грамадзянам ЗША было забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, былі замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

  • У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць гэтых дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія адбыліся пасьля іх, ЗША аднавілі санкцыі ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне 19 красавіка 2021 году апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG